Чытаць поўны варыянт п’есы Сяргея Кавалёва «Трышчан ды Іжота»
Сяргей Кавалёў ужывае ў п’есе свой улюбёны прыём «тэатр у тэатры», якому надае даволі экстравагантную форму. Дзве пары акцёраў розных эпох – XX і XVIII стагоддзяў рыхтуюцца сыграць гісторыю Трышчана ды Іжоты ў рознай жанравай стылістыцы.
Францішак (Трышчан) і Камедыянтка (Брагіня) выконваюць п’есу як камедыю; Францішка (Іжота) і Трагік (Марка) – як трагедыю.
Падчас рэпетыцыі акцёры каменціруюць падзеі, абмяркоўваюць сваіх герояў, высвятляюць асабістыя ўзаемаадносіны. Паралельна разыгрываецца сюжэт рыцарскага рамана. Толькі ў адрозненне ад кельцкага падання і вядомых варыянтаў легенды, дзе маладыя людзі з першай сустрэчы кахаюць адно аднаго, у п’есе Сяргея Кавалёва кахае адна толькі Іжота. Легкадумны, бесклапотны рыцар Трышчан, прыхільнік турніраў і прыгожых жанчын, вязе на караблі каралю Марку нявесту – цудоўную Іжоту. Па недагляду служкі Брагіні яны выпіваюць мілоснае пітво, якое маці дзяўчыны прыгатавала для дачкі і караля. Успыхнуўшае каханне пазбаўляе Трышчана і Іжоту розуму, прымушае забыцца пра доўг і абавязак. Аднак жорсткая рэальнасць разбурае крохкі свет іх нетрывалага шчасця. Па загаду Маркі Брагіня дае ім адваротнае зелле. Трышчан ачуньвае ад чароўнага сну і ператвараецца ў ранейшага забіяку і шчодрага каханка. А вось Іжотаа не можа забыць Трышчана…
Крыніца: Тамара Гаробчанка. На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр. – Мінск: Беларуская навука, 2002. – 367 c.