Веру, братцы: людзьмі станем,
Хутка скончым мы свой сон;
На свет божы шырэй глянем,
Век напіша вам закон.
Не чарнілам на паперу,
Дзесь ў архівы не здае, —
Ён збірае поту меру
I на ніву нашу лье.
Землю поіць, ява родзе
Сок ў зярнятах нам на хлеб.
Спажываем, а ў народзе
Штось як шэпча: "Ўставай, слеп!"
Веру, братцы, ў нашу сілу,
Веру ў волі нашай гарт:
Чую агонь ў нас — не брыну,
Бачу, братцы, мы не з карт,
Мы не з гіпсу, мы — з камення,
Мы — з жалеза, мы — са сталі,
Нас кавалі у пламенні,
Каб мацнейшымі мы сталі.
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
кастрычнік-лістапад 1905
У вершы «Вера беларуса» Алаіза Пашкевіч стварае суцэльны «гранітны» вобраз народа-змагара, — такога, якім хацела яго заўсёды бачыць. Выкарыстаны ў вершы прыём градацыі, узмоцнены паўторамі, надае яму асаблівую экспрэсіўнасць:
Цяпер, братцы, мы з граніту,
Душа наша з дынаміту,
Рука цвёрда, грудзь акута,
Пара, братцы, парваць пута!
Гэты верш, асноўны пафас якога змаганне за волю і долю, вера ў гэтае змаганне, мог быць змешчаны і ў зборніку «Хрэст на свабоду», бо ён арганічна ўпісваўся ў кантэкст рэвалюцыйнай лірыкі Цёткі. Гэта не была пазтычная праграма радыкальна настроенай рэвалюцыянеркі-сацыялісткі, але, як слушна адзначыў А. Баршчэўскі, «гэта лірыка была вынікам прыгожага парыву Цёткі, прыгожай адвагі дробнай, кволай жанчыны, якая вызывала на бой магутныя сілы Расійскай імперыі». Сапраўды, як выклік гэтым сілам цэнзар угледзеў у другім вершы «Суседзям у няволі» небяспечную ўстаноўку на адкрытае змаганне з царызмам, што сталася прычынай забароны не толькі зборніка Цёткі «Скрыпка беларуская», але пазней і кнігі I. Свянціцкага «Відродження білоруського письменства» (Львоў, 1908).