Лукаш Калюга загінуў ва ўзросце, калі творчая асоба звычайна толькі набірае разгон, а здараецца, пачынае свой шлях.
I ён, быццам прадчуваючы заўчасную смерць, пачаў пісаць вельмі рана, будучы вучнем Станькаўскай сямігодкі. Спачатку дасылаў у надзвычай папулярную ў 20-я гады газету «Беларуская вёска» допісы пра добра знаёмае яму жыццё ў родных Скварцах, потым перайшоў на апавяданні. Дасылаў іх у «Чырвоны сейбіт» – літаратурны дадатак да «Беларускай вёскі», які выдаваўся асобна ад яе, накшталт своеасаблівага часопіса. Рэдагаваў яго Кузьма Чорны.
Калі гаварыць пра маладую літаратуру Беларусі, дык яна развівалася пад сцягам «Маладняка», які ў спрыяльнае для станаўлення нацыянальнай культуры паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе здолеў шырока разгарнуць дзейнасць і да 1926 года згуртаваць у сваіх шэрагах звыш пяцісот сяброў. На першай пары маладнякоўцы былі моцна з’яднанымі паміж сабой і ўяўлялі адзінае цэлае не толькі ў арганізацыйным, але і ідэйна-творчым, мастацкім плане. Разам яны быццам складалі аднаго аўтара, які выступаў у розных іпастасях, відах, жанрах, тэмах і г. д.
«Маладняк», за рэдкім выключэннем, аб’ядноўваў у сваіх шэрагах усіх маладых пісьменнікаў Беларусі. Да такога выключэння якраз і належаў Лукаш Калюга. Уступленню ў суполку, можна меркаваць, перашкаджала тое, што ён жыў на вёсцы, а, наколькі вядома, філіі «Маладняка» на Койданаўшчыне не было. Але ж не зрабіў ён гэтага і потым, калі пераехаў у Мінск. Прычынай таму, бадай, была адметнасць таленту, моцна заглыбленага ў рэальнае жыццё, пазбаўленага рамантыкі, рэвалюцыйнага пафасу, дэкларацый, на якія такой шчодрай была маладнякоўская творчасць. Нават псеўданім пісьменніка быў нібы знарок палемічна скіраваны супраць распаўсюджанай у той час завядзёнкі браць гучна-рэвалюцыйныя, узнёсла-рамантычныя, раслінна-квяцістыя літаратурныя імёны.
I ўсё ж пэўны ўплыў на пачаткоўца «Маладняк» аказаў, магчыма, міжвольна, падсвядома, бо, напэўна, дапытлівы юнак чытаў і часопіс, і творы з кніжыцы «Маладняка».
Пра далучанасць, а ў пэўным сэнсе і паглынутасць «маладнякоўствам» уласнага «я», досыць выразна сведчыць апавяданне «Вясна», першае з надрукаваных у «Чырвоным сейбіце».
Яго назва тыпова маладнякоўская, яна вар’іравалася ў іншых творах і асацыіравалася з улюблёным матывам рэвалюцынных пераўтварэнняў і змен. Распаўсюджаным для «Маладняка» было падпарадкаванне індывідуальнага, псіхалагічнага класаваму, сацыяльнаму, хоць, да гонару Лукаша Калюгі, схема не забівае ў яго жывога характару. Сваё і чужое, агульнае для ўсіх, выяўляецца і ў мастацкай тканіне апавядання. Вось пачатак:
«Як маленечкія люстэрачкі, мяняюцца ад прамення вясенняга сонца растрэсеныя па полі сняжынкі. Весела міргае шыр палявая, як вокам скінуць, ад вуглоў трох новых хат з прыбудоўкамі хлеўчукоў ды такоў, што, як дзіця старчыхі ў цёплай хаце, туляцца ля іх, да бярэзнічку шляхечага хутара. Заве шыр на свае загоны».
У такім жа стылі, дзе малады аўтар нібы знарок дэманструе сваё майстэрства, сваё ўменне пісаць прыгожа, карыстацца распаўсюджанай маладнякоўскай вобразнасцю, разгортваецца апавяданне і далей, але не да канца, бо, уцягнуўшыся ў апісанне, у даследаванне характара, празаік нібы забыўся пра сваю першапачатковую зададзенасць і пачаў пісаць проста і дакладна, падпарадкоўваючы слова таму, што трэба было сказаць. Пазбаўляцца штучных прыгостваў, мяркую, яго найперш змушала тыпова свая, ні на чыю не падобная, мова, якая нават у першых Калюгавых творах радуе свежасцю і багаццем фарбаў.
Так, паспрабаваўшы, і зусім, заўважым, не без поспеху, пісаць пад «Маладняк», Лукаш Калюга тут жа і адышоў ад яго, выступаючы ў сваіх іншых творах цалкам непаўторным, са сваёй яскрава выяўленай індывідуальнай манерай. I ён гэтым самым, нібы ў мініяцюры, паўтарыў шлях найбольш выяўленых маладнякоўцаў, якія адчулі для сябе вузасць маладнякоўскіх рамак і заявілі 26 мая 1926 года аб выхадзе з гэтай суполкі і стварэнні новага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша».
Прыехаўшы ў Мінск, Лукаш Калюга становіцца не толькі студэнтам Белпедтэхнікума, але і сябрам згуртавання «Узвышша». Рэкамендацыю яму напісаў Кузьма Чорны. Трэба сказаць, што доступ у суполку быў строга абмежаваным, – сюды залічалі толькі бясспрэчна таленавітых, і ўзвышэнцаў было ўсяго каля дзесяці чалавек. Яны выступалі за свабоду творчасці, незалежнасць літаратурнага згуртавання («Маладняк», як вядома, працаваў пад апекай ЦК ЛКСМБ), заахвочвалі мастацкі пошук, у тым ліку і эксперыментаванне, заклікалі павышаць культуру творчасці ўвогуле і мовы ў прыватнасці, стварыць мастацтва, «якое ўбачаць вякі і народы». Узвышэнцы, карацей кажучы, распрацавалі праграму нацыянальнага культурнага адраджэння, якая ў параўнанні з папярэднім, маладнякоўскім, перыядам нацыянальнага абуджэння і самавызначэння, колькаснага збірання сіл, сведчыла аб якасных зрухах у асяроддзі маладых беларускіх літаратараў, аб усведамленні імі сваіх задач у абсягах не толькі ўласна літаратурных, суполкавых, а адраджэння народа, яго духоўнага самавызначэння і самасцвярджэння, выхаду на гістарычную арэну як раўнапраўнага і незалежнага суб’екта развіцця.
Творчасць Лукаша Калюгі ўжо на самым пачатку стаяла наўзбоч асноўных маладнякоўскіх плыняў, дзе выразна сцвярджала сябе і рамантычная прыўзнятасць над жыццём, і квяціста-стылёвая аздобленасць, і чуллівы лірызм, і гучна-эфектная рытмізаваная фраза, і прыгодніцтва, замешанае на неверагодных здарэннях у час змагання з «класавым ворагам». У Калюгі ж усё было проста і звычайна – спакойная і нібыта цалкам традыцыйная плынь вясковай прозы, звыклыя, часамі ўзятыя быццам па-за часам сялянскія характары, свядомая арыентацыя на роднае, змалку дарагое і блізкае, прытым і на такое, што лічылася забабонным, абсалютна чужым новай рэчаіснасці. Усё гэта ніяк не стасавалася з «Маладняком», але было прыхільна сустрэта ва «Узвышшы», дзе маладому празаіку былі створаны вельмі спрыяльныя ўмовы для творчасці і друкавання.
Лёс «Маладняка» і «Узвышша» быў аднолькава трагічны, як і лёс іншых беларускіх культурных і інтэлектуальных цэнтраў – Акадэміі навук, Беларускага дзяржаўнага універсітэта, іншых вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, таварыства краязнаўства і г. д. Нацыя планамерна пазбаўлялася сваёй інтэлігенцыі, а тая яе нязначная частка, якая фізічна ацалела, была духоўна зломленай, маралізаванай, завербаванай на абслугоўванне бесчалавечнай машыны па знішчэнні ўласнага народа…
I няхай сабе на долю такіх, як Лукаш Калюга, выпалі нялёгкія выпрабаванні, і яны не здолелі раскрыцца на ўсю моц сваіх творчых магчымасцяў, не кажучы пра звычайнае чалавечае шчасце, якое іх абмінула, усё ж яны не сталі пярэваратнямі, не здрадзілі чалавечнасці і назаўсёды засталіся перад сваім народам чыстымі душой.
Аддаўшы ў першым апавяданні «Вясна» пэўную даніну маладнякізму, выяўленню шырока распаўсюджаных у той час у літаратуры матываў размежавання бедных і заможных сялян, так званым класавым канфліктам на вёсцы, якія сапраўды існавалі і адпаведнымі ідэалагічнымі службамі распальваліся, Лукаш Калюга ўсё ж узяў у наступных апавяданнях курс на мастацкае выяўленне традыцыйных для беларускай рэчаіснасці характараў, на сцверджанне маральных каштоўнасцяў, перш за ўсё дабрыні і спагады чалавека да чалавека, якія складваліся вякамі і працягвалі існаваць і ў новым грамадстве.
Лукаш Калюга, быццам прадчуваючы небяспеку глумлення над народнай душой, ператварэння чалавека з самабытнай, годнаснай асобы ў бязлікага выканаўцу волі вялікага правадыра і яго шматлікіх правадырчыкаў-памагатых, выбіраў з безлічы добра вядомых яму вясковых тыпаў найбольш самабытныя і найменш прыдатныя для стандартызацыі і сляпога паслушэнства.
Пафас, маральна-этычная сутнасць твораў пісьменніка аб’ектыўна супрацьстаялі дэгуманізацыі савецкага грамадства, якое з кожным годам усё больш катастрафічна набліжалася да той страшнай мяжы, за якой было перараджэнне і ператварэнне зусім у іншую, чым задумвалася напачатку, рэальнасць. У гэтай сітуацыі важна было не сварыць людзей, а з’ядноўваць і кансалідаваць нацыю. Для пісьменніка і людзі, і вёска, пра якую ён піша, – свае, родныя, блізкія, незаменныя. Характэрная ў гэтым сэнсе канцоўка апавядання «Баркаўцы – добрая вёска, і баркаўчане – вясёлыя людзі»:
«Але хто што ні гаворыць, а я адно кажу: за нашы Баркаўцы ў свеце лепшай вёскі няма. Нізашто б я з яе не выбраўся, хоць бы мне й прыплочвалі».
У гэтым апавяданні, як і ў іншых, ёсць і светлыя лірычныя старонкі, народжаныя любасцю да вёскі і яе жыхароў, і гумар, але новым, бадай, з’явіўся погляд у глыбіню вякоў, разуменне жыцця як вечна рухомай і жывой плыні, дзе дзень учарашні пераходзіць у дзень сённяшні, высвечвае чалавечыя характары новымі гранямі.
Чалавекалюбны зарад, які несла ў сабе творчасць Лукаша Калюгі і іншых пісьменнікаў-гуманістаў, быў надзвычай патрэбным тагачаснаму грамадству, хоць, зразумела, і не мог перакрыць дарогу грубай сіле «праваахоўных» органаў, франтальнаму наступу пануючай ідэалогіі, што ўвасабляла сабой уладу, яе магутную рэпрэсіўную моц.
Пісьменнік не толькі сцвярджаў каштоўнасці традыцыйнай народнай маралі, але і адным з першых паспрабаваў разабрацца ў сутнасці новага грамадства, у тых маральных і ідэалагічных дэфармацыях, якія адбываліся ў ім. З найбольшай паўнатой яго роздум і трывога ўвасобіліся ў аповесці «Ні госць ні гаспадар» – вялікім эпічным творы, які з працягам друкаваўся ў некалькіх нумарах часопіса «Узвышша», але, на жаль, не быў завершаны, па сутнасці абарваны на палавіне, што, безумоўна, не магло не паўплываць на паўнату ўвасаблення аўтарскай канцэпцыі, нашага яе разумення.
Лукаш Калюга апісваў жыццё такім, якім яго бачыў на свае вочы, але менавіта такі прынцып і абумовіў арганічную скіраванасць аповесці супраць пэўных тэндэнцый, што зараджаліся тады ў жыцці і так ці іначай адбіваліся ў дзейнасці «Маладняка», які ад самага пачатку быў моцна ідэалагізаваным, шчыльна прывязаным да палітычных падзей у краіне. Калюга ж арыентаваўся на народнае светабачанне, ва ўсёй сваёй творчасці быў арганічна далучаным да традыцый, глыбінных вытокаў мовы, маралі і духоўнасці свайго народа.
У аповесці Лукаша Калюгі «Ні госць ні гаспадар» адлюстраваны той перыяд жыцця грамадства, калі яшчэ не вялася шырокая калектывізацыя сельскай гаспадаркі, ва ўсякім разе, не было яе такіх найбольш жорсткіх формаў, як масавасць і прымус. Менавіта гэта найбольш глыбока ўскалыхне вясковае жыццё, зрушыць са сваіх падвалінаў традыцыйны сялянскі побыт, адарве ад яго многіх насельнікаў і адправіць ці ў далёкую Сібір, ці ўвогуле на свой свет. Водгулле гэтых трагічных падзей са шчымлівым болем увасобіцца пазней у напісаных пісьменнікам на выгнанні творах «з-за крат». Тут жа, у аповесці, вёска малюецца, можа, і занадта традыцыйна, аднак і на такім, знешне спакойным, жыцці празаік здолеў разгледзець і паказаць вельмі істотныя для развіцця нашага грамадства працэсы і тэндэнцыі, якія ў той час толькі наклёўваліся, спакваля набіралі сілу, што здолее неўзабаве імпэтна развіцца, набраць размах, які нялёгка ўтаймаваць і ў нашы, аб’ектыўна нібыта скіраваныя супраць гэтай сілы, дні.
У свае няпоўныя дваццаць гадоў Лукаш Калюга «тайнамі» сацрэалізму не валодаў, а пісаў жыццё з натуры, без аздоб, рамантызацыі і прыхарошвання. Але яго аповесць «Ні госць ні гаспадар» пазбаўлена бяскрылага натуралізму, бо вернасць жыццёвай праўдзе пры наяўнасці таленту заўсёды выводзіць мастака на праблемнае асэнсаванне існага. У свае маладыя гады Калюга глядзеў далёка, куды далей, чым, напэўна, і сам на тое спадзяваўся.
За яго абагульненнем «ні госць ні гаспадар» бачыцца нам адна з найбольш цяжка пераадольных і задаўненых грамадскіх хвароб. Спакваля, яшчэ з 20-х гадоў, чалавек адлучаўся ад усяго, што павінна было яго прывязваць да жыцця, надаваць сэнс зямному існаванню, абуджаць пачуццё адказнасці за матэрыяльныя і духоўныя вартасці. У выніку ж палітыкі глабальнага адчужэння мы бачым здратаваную і забруджаную «ні гасцямі ні гаспадарамі» зямлю, амаль дарэшты знішчаную нацыянальную культуру, знявечаныя душы, якім абыякава ўсё, што не датычыць непасрэднай матэрыяльнай выгоды альбо насалоды менавіта ў гэтае імгненне жыцця. Заслуга Калюгі ў тым, што ён не толькі паказаў гэтую пошасць, але і заўважыў яе тады, калі мала хто пра глабальную небяспеку і здагадваўся…
Тое, супраць чаго быў унутрана скіраваны твор Лукаша Калюгі, тады большасцю прызнавалася прагрэсіўным, адпаведным духу часу, патрабаванням пануючай ідэалогіі з яе ўстаноўкай перайначыць чалавечую пароду ў патрэбным для сябе кірунку. Аповесць Калюгі ўсёй сваёй сутнасцю выломвалася са схем і стандартаў, і таму не дзіўна, што ў час свайго з’яўлення яна не набыла іншага, апрача адмоўнага, асэнсавання і дасюль не прыпісана па-сапраўднаму ў гісторыі беларускай савецкай літаратуры.
Аповесць «Ні госць ні гаспадар», напісаная на маладзёжную тэматыку, выглядала занадта традыцыйнай на агульным фоне. У творы паказана жыццё беларускага сялянства, якое здабывае хлеб мазольнай рукой і корміць ім не толькі сябе, але і тых, хто амаль што ў завоблачных вышынях «генерыруе» ідэі, людзям працы абсалютна не зразумелыя і не патрэбныя. Але гэтыя ідэі часамі знаходзяць водгук у душах іхніх дзяцей, што нават згодны прызнаваць іх чымсьці куды больш вартым і патрэбным, чым нялёгкая і няўдзячная праца на зямлі. Такім чынам, спакваля пачынае фарміравацца ўсведамленне вышэйшасці перад бацькамі, перавагі пустога над тым, на чым трымаецца жыццё на зямлі. А гэта, у сваю чаргу, не можа не ўплываць на маральны стан недаростка, які пачынае сябе адчуваць у нейкім сэнсе «звышчалавекам» у адносінах да іншых.
Гэтая надзвычай важная для новага грамадства праблема ўвасабляецца ў вобразе Бладзіка Мотуза, няўрымсліва-бунтоўны характар якога найбольш «прыстасаваны» да засвойвання ўсяго новага, незвычайнага, што з вялікага свету даходзіць у глухі беларускі куток праз друкаванае слова і вусныя выступленні заезджых таварышаў. Бладзіка, які не мае ні прыроджанай, ні набытай праз кнігу культуры, заносіць, што называецца, на паваротах – ён непрадказальны і нечаканы ў сваіх паводзінах і ўчынках.
Можна толькі здагадвацца, як гэты вобраз раскрываўся ў другой, ненадрукаванай, частцы аповесці, але мы ведаем, што такія безаглядна-апантаныя, нецярплівыя і нецярпімыя да іншых людзі імкліва паўсплывалі на паверхню ў крывава-трагічных вірах наступнага дзесяцігоддзя, станавіліся прыдатнай зброяй у руках больш вопытных палітыканаў. I ўжо ад збегу абставін ці сляпога выпадку залежала, быць ім надалей катамі, ці стацца ахвярамі ў тым драматычным часе…
Нягледзячы на эксцэнтрычнасць і эгацэнтрызм, жаданне выбіцца ў «правадыры», Бладзік Мотуз на фоне падобных на яго тагачасных вобразаў камсамольцаў успрымаецца свойскім, жывым і натуральным. Ідэалагічнае не заглушыла ў ім свайго, прыроднага. Сказанае яшчэ ў большай ступені датычыць іншых хлопцаў з Калюгавай аповесці.
Паказваючы, што камсамольцы ўжо не могуць задаволіцца традыцыйна-сялянскімі адносінамі да жыцця, пісьменнік разам з тым не малюе іх адарванымі ад спрадвечнага сялянскага ладу, штучна ізаляванымі ад таго гаспадарчага, псіхалагічнага і маральнага вопыту, які набываўся вякамі. Дзеля прыкладу паглядзім на Ігналю Чвардоўскага і Пётру Хвалісінага. Першы з іх прадстаўнік таго пакалення, чый светапогляд фармаваўся ў дакастрычніцкі час, другі ж, наадварот, як індывідуальнасць разгортваецца ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. У хлопцаў рознае кола інтарэсаў – Ігналя ўвесь захоплены імкненнем авалодаць сталярскім рамяством: Пётра ж апантаны прагай да ведаў. Але пры ўсёй рознасці праяўлення натур, абумоўленай логікай гістарычнага развіцця, колькі падобнага, нацыянальна своеасаблівага ў іх характарах! Абодвум уласціва стараннасць, шчырая адданасць любімай справе, памяркоўнасць у абыходжанні з людзьмі.
У аповесці ў досыць выразнай форме праводзіцца думка аб тым, што маладое пакаленне павінна пераняць ад бацькоў усё тое каштоўнае, што маецца ў іх сэрцах і душах; што здабыта і засвоена на працягу стагоддзяў.
Галоўная вартасць твора ў праўдзівасці жывых чалавечых характараў, нязмушанасці іх самавыяўлення, псіхалагічнай дакладнасці рухаў і ўчынкаў персанажаў, натуральнасці і багацці народнай мовы. Адмаўляючыся ад надуманасці і схематызму, чым нярэдка грашыла маладнякоўская проза, аўтар засяроджваецца на штодзённым побыце сваіх герояў, найбольш увагі аддае паказу спраў, думак і пачуццяў, якімі заняты ў будзённым жыцці члены хатніцкай ячэйкі. Яны не выступаюць з гучнымі дэкларацыямі, не мараць аб тым, каб адразу перавярнуць свет і ўстанавіць у ім новы лад жыцця. Ім уласцівы практычны сялянскі розум, і іх думы заняты тымі справамі, якія можна здзейсніць у бліжэйшы час: арганізацыя хатаў-чытальняў, наладжванне спектакляў, прыём у ячэйку новых камсамольцаў і г. д. Кола іх інтарэсаў, праўда, нешырокае, і яны самі добра не ведаюць, чым мусяць займацца, у чым выяўляць сваю камсамольскасць. Дый уступілі яны ў камсамол не па нейкіх усвядомленых перакананнях, а хутчэй з-за тагачаснай моды, завядзёнкі, што існавала ў іншых месцах, перш за ўсё ў далёкім і таямнічым горадзе.
Зусім магчыма, што пісьменнік спісваў жыццё з натуры, паказваў яго такім, якім бачыў на ўласныя вочы. Такая канкрэтызацыя, у пэўнай меры падразаючы крылы мастацкаму абагульненню, у той жа час засцерагала твор ад надуманага паказу маладога пакалення не такім, якое яно было, а якім яго хацелася бачыць. Якраз гэта і стане вызначальнай асаблівасцю ў многіх творах савецкай літаратуры, пазбавіць іх счэпленасці з жыццём, без чаго літаратура ператвараецца ў пустую, нікому не патрэбную забаўку. Аповесць жа Лукаша Калюгі і сёння ўспрымаецца жывым і непаўторным дакументам часу.
Лукаш Калюга адзін з нямногіх, хто ў тых трагічных абставінах не паступіўся ні сваім чалавечым, ні мастакоўскім сумленнем і, па сутнасці, не напісаў ніводнага радка, дзе было б відаць падладжванне, фальш, здрада ўласным прынцыпам. Такіх нязломных, адораных унутранай духоўнай сілай волатаў не так і шмат набіраецца ў нашай літаратуры…
Калі аповесць «Ні госць ні гаспадар» пісалася на жывым матэрыяле сучаснасці, дык у «Нядолі Заблоцкіх» празаік асэнсоўвае «вечныя» праблемы існавання чалавека, гістарычнага развіцця народа.
Як памятаем, ужо з першых апавяданняў Лукаш Калюга браў накірунак на спрадвечнае, самабытнае, на стабільны нацыянальны характар, які ў сваёй аснове застаецца нязменным, нягледзячы на пераўтварэнні ў грамадстве. Змяняецца ён, калі няма прымусу, гвалту і свядомай ломкі, вельмі марудна, незаўважна. Менавіта са стабільнасці нацыянальнага жыцця арганічна вынікала аповесць «Нядоля Заблоцкіх». Зусім верагодна, што яе задума выношвалася спакваля, як твора значнага эпічнага гучання і напаўнення.
Аповесці непасрэдна папярэднічала апавяданне «Тахвілін швагер». Маецца на ўвазе не час напісання, нават не тое, што тут і там дзейнічаюць адны і тыя ж героі з роду Заблоцкіх. Найбольш істотным уяўляецца ідэнтычнасць тыпу мастацкага асэнсавання жыцця, які намацваўся ў папярэдніх навелах і цэласна ўвасобіўся ў гэтых двух творах.
Лукаш Калюга заспеў існаванне беларусаў на пераломе іх гістарычнага развіцця, калі яшчэ моцным было міфічнае бачанне свету, вера ў рэальныя сілы, якія, аднак, успрымаліся зусім зямнымі, такімі, што жывуць і выяўляюць сябе зусім побач. Пазней усё гэта аб’яўляецца забабонамі, шкоднай чартаўшчынай і паступова знікае пад уплывам шумных прапагандысцкіх кампаній, выветрываецца з людской свядомасці пад наступам куды больш адчувальных рэалій, як магніткі, турксібы, калгасы, масавыя рэпрэсіі, голад… Значна даўжэй рэшткі старажытнага светаадчування ў свядомасці беларусаў патрывалі ў Заходняй Беларусі, дзе яшчэ ў пасляваенны час пра здарэнні з рознымі нячысцікамі апавядалася, як пра штосьці цалкам рэальнае. I, мабыць, Беларусь была апошняй славянскай краінай з такімі асаблівасцямі. Міма іх можна было прайсці, але для мастака-філосафа, які бачыць развіццё свайго народа з прадоння стагоддзяў, з надзвычайнай увагай адносіцца да ўсяго, што было на роднай зямлі, які бачыць сэнс ва ўсіх праявах народнага самавыяўлення, гэта магло б стаць спрыяльным грунтам для цікавых мастакоўскіх назіранняў і абагульненняў.
З народнага ўзяты і пакладзены ў аснову аповесці адзін факт: прыпавесць пра міфічнага Заблоцкага, які вырашыў абхітрыць мытнікаў і дзеля гэтага замацаваў скрынкі з мылам да споду свайго карабля. Правезці правёз, але калі пачаў даставаць тое мыла, дык аказалася, што яно размылася ў вадзе. Адсюль і прыказка: зарабіў, як Заблоцкі на мыле! Прыказка гэтая вядомая па ўсёй Беларусі. Яе філасофскі сэнс і скарыстаў у сваёй аповесці Лукаш Калюга.
Аповесць «Ні госць ні гаспадар» лёгка ўпісваецца не толькі ў кантэкст беларускай, але і ўсёй савецкай маладзёжнай аповесці 20-х гадоў, дзе яна, зусім зразумела, займае сваё адметнае месца. А вось «Нядолю Заблоцкіх» так проста нікуды не ўпішаш і не прапішаш – яна адна такая ў сваім родзе.
Ад папярэдняй гэтая аповесць адрозніваецца не толькі тэматыкай, філасафічнасцю ў поглядзе на жыццё, не толькі тыпам яго асэнсавання, але і самім стылем, скандэнсавана афарыстычным, па-барочнаму віртуозным. А гэта сведчыла аб плённым росце маладога празаіка, аб тым, што ў літаратуру ішла самабытная творчая асоба.
Другая палова твора дапісвалася ўжо ў далёкім сібірскім краі, куды быў вывезены аўтар. Ад яе, на жаль, дайшлі да нас толькі асобныя фрагменты. Але якія фрагменты! Вядомы яны з падачы Антося Адамовіча, які ў канцы аповесці змясціў «Дасказаньне зьместу нявыдрукаваных частак «Нядолі Заблоцкіх» (на аснове ўспамінаў пераказу гэтага зьместу самым аўтарам у лісьце да сябра на выгнаньні)». Надрукаванае сведчыць, што жыццёвыя нягоды, допыты і катаванні не зламалі, не паставілі на калені Лукаша Калюгу, гэтага моцнага душой чалавека. Маецца на ўвазе не толькі светапоглядная нязломнасць, але і захаваная здольнасць эмацыянальна ўспрымаць і перажываць жыццё.
«Нядоля Заблоцкіх» не была апошнім творам, напісаным і апублікаваным «на волі». Пасля яе з’явіліся апавяданні «Цеснаватая куртачка» і «Вам знаёмае».
А цяпер уявім становішча пісьменніка – два яго папярэднія творы спыняюць друкаваць, а ў гэты час усё большую сілу набірае магутная прапагандысцкая кампанія з патрабаваннямі фізічнай расправы над «класавымі ворагамі» і тымі, хто іх падтрымлівае ці хоць бы застаецца ў баку ад зацятага змагання.
Большасць беларускіх пісьменнікаў ужо былі арыштаваны, пасаджаны ў турмы, высланы ў далёкія сібірскія лагеры. Сярод тых, што засталіся, распальвалася варожасць, паклёпніцтва, у выніку чаго многія дэмаралізаваліся, паводзілі сябе без усякай годнасці як у жыцці, так і ў літаратуры. Былі сярод іх і такія, хто дасюль ужо набраў значны духоўны і эстэтычны патэнцыял, чыя папярэдняя творчасць вызначалася чалавекалюбствам і дэмакратызмам. Каб адчуць жахлівасць такога «перападу», дастаткова, скажам, параўнаць першую і другую часткі рамана Змітрака Бядулі «Язэп Крушынскі», папярэднюю творчасць і надрукаваную ў сталінскія гады паэму Кандрата Крапівы «Хвядос – Чырвоны Нос». У творах былых узвышэнцаў, многія старонкі якіх напісаны ў жанры палітычнага даносу, ёсць шмат агульнага, такога, што да літаратуры не мае ніякага дачынення. Але такі быў час, які заахвочваў выжыванне адных коштам ліквідацыі іншых, такія былі норавы, як вынік і прадукт запатрабаванняў гэтага часу…
Самавыяўляць сябе ў творчасці – гэта арганічная патрэба сапраўднага таленту, і гэта яшчэ раз пацвярджаецца на прыкладзе Лукаша Калюгі, які не пераставаў пісаць датуль, пакуль не перастала біцца ягонае сэрца.
У «Цеснаватай куртачцы» аўтар звяртаецца да таго, з чаго пачынаў сваё першае апавяданне «Вясна» і што легла ў аснову аповесці «Ні госць ні гаспадар», – да сучаснай яму праблематыкі, асэнсоўваючы яе сродкамі рэалістычнага пісьма. У цэнтры твора – псіхалагічна праўдзівыя вобразы вясковых людзей, натуральная жыццёвая плынь, чаго, заўважым, усё больш не ставала ў тагачаснай літаратуры, бо стандарт і схема вельмі часта забівалі ў ёй усё жывое.
Калі ў ранейшых навелах пісьменнік займаў пазіцыю бясстраснага апавядальніка, то тут яго стаўленне больш эмацыянальна трапяткое, непасрэднае. Зусім новымі былі характарыстыкі ад аўтара, накшталт: «Быў непаваротны, цельпукаваты Адась Банькоўчык – акурат традыцыйны герой беларускай літаратуры». З усмешкі, з якою пісьменнік глядзіць не толькі на Адася, але і на калгаснага брыгадзіра Антося Драніцу, вынікае і смешная, займальная лінія анекдатычнага сватаўства, у выніку чаго Адась вымушаны жаніцца на выпадковай дзяўчыне, пакідаючы вабную, душэўную Вольку.
Тон, дзе ўсмешка мяжуе са слязой, выдурнянне з трагедыяй, быў навіной у творчасці празаіка. I ўменне ўзняць канкрэтную рэалію жыцця на ўзровень мастацкага і жыццёвага абагульнення – таксама. «Цеснаватая куртачка» – гэта не толькі апратка, але і сімвал жыцця, якое не ўкладваецца ў застарэлыя формы, погляд на чалавека, які нібы закансерваваўся, застыў, страціў, застаючыся добрым працаўніком, душэўную чуласць. Карацей кажучы, апавяданне асветлена харошым чалавечым пачуццём і думкай, якія не супярэчылі, здавалася б, і тым патрабаванням, якія дэклараваліся афіцыйнымі інстанцыямі. Але ўсё адно праз два гады пасля надрукавання вядучы на той час крытык Якаў Бранштэйн на старонках «Полымя» (1934, № 8) настолькі «глыбока» пранік у палітычны кантэкст твора, што ад яго рэальнага зместу не засталося і знаку…
Хто ведае, можа, навелу «Вам знаёмае» празаік знарок пісаў крыху спрошчана, аднамерна, каб унікнуць падобных інсінуацый. Яна пазбаўлена выдумкі, віртуознасці, іроніі, якія сведчылі аб бясспрэчным творчым росце пісьменніка. Не прэтэндуючы на колькі-небудзь значныя мастацкія адкрыцці, навела «Вам знаёмае» выглядае сімпатычнай сваёй непасрэднасцю, уменнем аўтара бачыць і паказваць чалавека такім, які ён ёсць у жыцці. Мова і стыль твора, у параўнанні з ранейшымі апавяданнямі, беднаватыя і паснаватыя, пазбаўлены адценняў, таноў і фарбаў, што, магчыма, звязана было і з тым, што тут пісьменнік упершыню звярнуўся да паказу гарадской рэчаіснасці. Адбівалася агульная атмасфера, той дыктат, які ўстанаўліваўся ў грамадстве і не мог не адбіцца згубна на самой сутнасці мастацкага твора. Пісьменнік не мог цяпер, у атмасферы ўсеагульнай падазронасці, абвінавачванняў і страху дазволіць сабе тое, што было ў яго ранейшых творах і з’явіцца ў пазнейшых, напісаных без усякіх шанцаў надрукавацца, але з надзеяй на аднаўленне праўды, справядлівасці і чалавечнасці. Цяпер жа, як гэта ні парадаксальна, «звышзадача» заключалася ў тым, каб адмовіцца ад набытых і ўласцівых сапраўднай літаратуры якасцяў: ад падтэксту, ад здольнасці да шырокіх абагульненняў, паказу па-грамадску значных, па-нацыянальнаму самабытных характараў, самавітай і сакавітай беларускай мовы. З гэтым, наступаючы на горла ўласнай песні, пісьменнік справіўся, хоць мы і не ведаем, якою цаною гэтая навука яму давалася. Але, мяркуючы па горкай іроніі, сказанай нібыта пра іншага пісьменніка з якое пачыналася навела, не лёгка давалася гэтае «самазабойства» ў творчасці…
Да нас дайшло з няволі чатыры, на жаль, няскончаныя Калюгавы рэчы – раман і тры аповесці. Узнікае пытанне: чаму ўсе яны засталіся незавершанымі? Адказаць на гэта цяжка, бо мы ўвогуле незнаёмыя з лабараторыяй і псіхалогіяй творчасці пісьменніка нават «на волі». Ва ўмовах жа поўнай несвабоды ўсё залежала ад яго вялікасці выпадку, які ў пэўны момант спрыяў ці цалкам перашкаджаў творчаму самавыяўленню. I, зусім верагодна, празаіку даводзілася з-за неспрыяльных абставін адкладваць на невядомы час распачатую рэч, а потым, калі надаралася нагода пісаць, ён ужо быў эмацыянальна настроены на іншае.
Усе чатыры напісаныя ў няволі Калюгавы рэчы надзвычай эмацыянальныя, душэўныя, у іх адсутнічае традыцыйны сюжэт, выразная кампазіцыя, акрэсленая тэма і праблема (прычына такога ўспрыняцця яшчэ і ў незавершанасці твораў), але б’ецца трапяткая чалавечая душа, якая гневаецца, абураецца, смуткуе, плача, пакутуе, радуецца. Такая эмацыянальная насычанасць вынікала з аўтарскага неспакою, непрымірымасці са становішчам, у якое ён трапіў, з душэўнай нязломнасці і ўнутранай сілы, што не ўдалося зламаць і знявечыць турмой і выгнаннем. Фізічна ён ніяк не мог вырвацца з няволі. Заставалася творчасць, якая дазваляла зрабіць немагчымае – перанесціся ў любую ягонаму сэрцу Беларусь. Менавіта ў гэтай бязмежнай любові да бацькоўскага краю і яго людзей бачыцца нам прычына таго, што ў гэтых творах не знайшла належнага адлюстравання турэмная і лагерная рэчаіснасць – яна, як правіла, саступае месца вяртанню ў дарагое і роднае…
У кожным з чатырох, у стылёвых адносінах, аднародных, творах «з-за крат» пісьменнік вырашыў свае спецыфічныя задачы, асвойваў новыя тэмы і жыццёвыя пласты. Аднак мы разумеем, што не было ў яго пры гэтым нейкай рацыяналістычнай запраграмаванасці, а ўздзейнічаў найперш эмацыянальны імпульс, які скіроўваў позірк пісьменніка на той ці іншы жыццёвы абсяг.
Самыя свежыя яго ўражанні былі звязаны з горадам, адкуль яго нкусаўцы сілком адарвалі, з жыццём нацыянальна свядомай творчай інтэлігенцыі. Гэтай праблеме і тэме, дарэчы, вялікае значэнне надавалі ўзвышэнцы, найболыы цікавае іх тут дасягненне – раман Кузьмы Чорнага «Сястра». Да горада, як памятаем, звярнуўся ў сваім апошнім, напісаным «на волі», творы Лукаш Калюга. Гаворка пра навелу «Вам знаёмае». Але ў параўнанні з вясковымі апавяданнямі яна прайгравала, была пазбаўлена самабытных моўных і стылёвых фарбаў. Уласна кажучы, названыя асаблівасці будуць уласцівы ўсёй беларускай гарадской літаратуры наступных дзесяцігоддзяў. Яе кволасць найчасцей выводзіцца са спецыфікі жыцця беларускага горада, які паступова змушаны быў адрачыся ад сваёй самабытнасці, у значнай ступені дэнацыяналізавацца, страціць родную мову, на месца якой прыйшла руска-беларуская трасянка, штамп, калька, інфармацыйнасць. Але ў часы Лукаша Калюгі становішча яшчэ не было такім пагрозліва-трагічным, русіфікацыя пад шыльдай інтэрнацыяналізму яшчэ прыйдзе. Аднак і з таго часу да нас дайшло не так і шмат па-мастацку яркіх, па-нацыянальнаму самабытных твораў. Адна з прычын, мяркую, заключалася ў вясковым паходжанні большасці беларускіх пісьменнікаў, якім спачатку трэба было ладна пажыць у горадзе, зжыцца з ім, каб адчуць яго такім жа свойскім, як пакінутая вёска, бо гарадское і вясковае жыццё ва ўсіх народаў мае сваю выразную спецыфіку. Беларускае ж насельніцтва ў горадзе ў першае паслярэвалюцыйнае дзесяцігоддзе займала ад агульнай колькасці жыхароў Беларусі досыць нязначную частку. Таму і пісьменнікаў з яго асяроддзя выходзіла значна менш, чым з вясковага. Увогуле ж патрэбен быў пэўны час, каб народ, які дасюль быў пазбаўлены элементарных правоў, усвядоміў сваю нацыянальную цэласнасць і непадзельнасць, свой дзяржаўна незалежны, а не каланіяльна-паднявольны статус. Ва ўмовах палітыкі беларусізацыі працэс гэты адбываўся досыць хутка, літаратура наша пераставала быць толькі сялянскай і ўздымалася да ўсведамлення сваіх па-дзяржаўнаму агульнанацыянальных задач.
У рэчышчы нацыянальна ўсвядомленай літаратуры развівалася і «нявольніцкая» творчасць Лукаша Калюгі, у тым ліку і напісаная на гарадскую тэму аповесць «Зоры вам вядомага горада». У ёй арганічная для вясковых твораў празаіка моўна-стылёвая плынь не засталася нязменнай, а набыла характэрныя гарадскія асаблівасці, забруіла новымі колерамі, але не страціла натуральнасці, засталася такой жа па-беларуску арганічнай, як і творы пра вёску.
На вялікі жаль, шматмерны пласт гарадскога жыцця, які так арганічна ўваходзіў у творчасць Міхася Зарэцкага, Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі, потым зробіцца адчужаным ад нацыянальнага мастацтва, перш за ўсё ў выніку глабальнай дэнацыяналізацыі, якая найбольш паўплывала і духоўна паралізавала горад, звёўшы да мінімуму яго ўклад у самабытную культуру, а не ў тое памнажэнне яе масавых, тыражыраваных ад акіяна да акіяна формаў, якія, уласна кажучы, культурай і не з’яўляюцца. За дзесяцігоддзі панавання камандна-бюракратычнай сістэмы гарады нашы страцілі сваё нацыянальнае аблічча, а мова іх жыхароў засмецілася, абмялела, згубіла свае натуральныя барвы і сваё непаўторнае хараство, якое яшчэ захоўвалася ў часы Калюгавай маладосці. Але і тады, паўторым, пісьменніку, выхадцу з вёскі, яе вялікаму патрыёту і адналюбу, выхаванаму на традыцыйным грунце вясковай маралі і этыкі, было няпроста пераключацца на новы жыццёвы матэрыял, новыя стылёвыя пласты, новую лексіку, новыя тэмы, праблемы, вобразы.
Што датычыць аповесці «Зоры вам вядомага горада», дык урыўкі з яе напісаны лёгка, зграбна, нязмушана, з унутранай свабодай, віртуознай стылёвай дасканаласцю і дасціпнасцю як у вядзенні апавядання ад аўтара, так і ў размовах персанажаў. Не шмат, бадай, набярэцца ў нашай літаратуры твораў, прысвечаных не толькі, як тут, мастакам, але ўвогуле людзям творчым, чыё б літаратурнае жыццё было напоўнена такім значным духоўным сэнсам, а самі творы гучалі так арганічна нязмушана і па-беларуску натуральна…
Натуральнасць, нязмушанасць гучання ўласцівы і адзінаму дзіцячаму твору Калюгі, няскончанай аповесці «Зэнка малы ніколі не быў». Тэматычна, з улікам узросту героя яна нібы стаіць паперадзе «Ні госця ні гаспадара», дзе дзейнічаюць хлопцы-камсамольцы. Тут жа паказана набліжэнне Зэнкі да гэтай узроставай, палітычнай рысы.
Загаловак напісанага ў зняволенні твора быццам знарок парадаксальны, але ў ім ніякі не намёк на нейкія незвычайныя якасці хлапчука, а своеасаблівы ключ да разумення аповесці, дзе і лагодная ўсмешка, і гумар, і пакепліванне, і боль за малога чалавечка, які імкнецца выглядаць больш сталым, дарослым, бачыць сэнс жыцця ў гэтым сваім самаадрачэнні, заўчасным пасталенні і далучэнні да дарослых клопатаў і праблем. Працэс станаўлення характару хлапчука, фарміравання ў ім асобы, абуджэння грамадзяніна, гарманічнага выяўлення сацыяльнага і інтымнага, спалучэння добрага і дрэннага паказаны без усякай прадузятасці, псіхалагічна тонка і па-мастацку нязмушана.
Аповесць пазбаўлена апісальнасці, што, як памятаем, у пэўнай меры было ўласціва «Ні госцю ні гаспадару». Кампазіцыйная кампактнасць, сюжэтная скандэнсаванасць на адным героі і праблеме дазволілі пісьменніку на невялікай плошчы паказаць рух часу, але не як яго падзейную канву, а праз унутраны рух чалавечай душы да пасталення, якое адбываецца ў складаных умовах паслярэвалюцыйнай рэчаіснасці, дзе абуджэнне народа да свайго нацыянальнага адраджэння, да свабоды і дэмакратыі сутыкалася са з’явамі супрацьлеглымі, скіраванымі на прыглушэнне і нават задушэнне заваяванага рэвалюцыяй.
З любасцю гледзячы на свайго героя, празаік ніколькі яго не ідэалізуе, тонка прыкмячае дэфармацыі, якія адбываюцца пад уздзеяннем агульнай атмасферы. Рыхтуючыся стаць камсамольцам, Зэнка ўжо з пагардай глядзіць на сялянскую працу, збор каласкоў на ніве.
А як камічна выглядае Зэнкава імкненне чыста чалавечыя адносіны вытлумачваць дзесьці пачутымі сацыяльна-эканамічнымі катэгорыямі. Так заляцанні Вінькі Вароніча да Марылі ён называе эксплуатацыяй, а потым, крыху падросшы, намаўляе дзяўчыну, якая, дарэчы, і яму падабаецца, напісаць, што Варэнічы яе эксплуатавалі. Але такімі ж прыёмамі будзе дзейнічаць супраць яго самога старшыня сельсавета Рыжы Пярун, помсцячы за змешчаную Зэнкам карыкатуру ў газеце. У графе анкеты пра сацыяльнае становішча чыноўнік паставіць яму «заможны селянін», што ў тых умовах класавай дыскрымінацыі абазначала калі не высяленне ў Сібір, дык «каставую» непаўнацэннасць у грамадстве.
Сімвалічнасць не чужая творчасці празаіка, а ўнутрана арганічная яе якасць. У некаторых творах (гэта найперш датычыць аповесці «Ні госць ні гаспадар») яна спалучалася, ці, дакладней, выяўляла сябе праз амаль натуралістычнае адлюстраванне жыцця ў быццам адэкватнай яму форме. У творах, напісаных у зняволенні, пісьменнік нібыта ўзвысіўся над добра вядомым яму жыццёвым матэрыялам, паглядзеў на яго здалёку, пранікаючы ў найбольш істотны сэнс. Незалежна ад таго, пісаў ён пра вёску ці горад, дарослых ці дзяцей, інтэлігенцыю ці сялянства, імкнуўся ўлавіць тое галоўнае, вызначальнае, што ўласціва было чалавеку, грамадству, лёсу народа.
Аповесць «Дзе косці мелюць» (звернем увагу на гэту метафару) сваёй назвай непасрэдна стыкуецца з лагернай доляй празаіка. Горкай іроніяй і боллю прасякнуты яе пачатак, той абзац, дзе гаворыцца, «што людзі кручаных дзён сіверынаю смярдзяць». А потым пачынаецца па-біблейску эпічнае апісанне глабальнай, амаль што ўсечалавечай бяды. Празаік на сваёй скуры зведаў вось такое жыццё: «…на дварэ восень, на дарогах гразь, і па цэлым свеце сячэ аблудных бесхацімцаў дробненькі сеены дождж. Золкі ён і вастрэйшы за голку і праз усякія цыраты і брызенты лёгка працінае да самага цела».
I, безумоўна, мог бы напісаць пра яго пранізаны шчымлівым болем твор. Але, хлюпаючы па гразі, калеючы на марозе, жывучы ў чужым яму Краснаярскім краі, ён, напэўна, у думках, душой і сэрцам увесь быў на Беларусі, сярод яе людзей, бароў і азёр. А таму ў творчасці неадольна вяртаўся да роднага і блізкага, якое асвечвала высокай паэзіяй, грэла лагодным цяплом, цешыла спакутаваную душу светлымі ўспамінамі. Вось чаму ў аповесці «Дзе косці мелюць» з душэўнай прасветленасцю апісаны абрадавыя святы: дзяды, куцця, каляда, усё тое, што свяціла нязгасным святлом, клікала назад на Бацькаўшчыну.
Боль, спакутаванасць, пратэст супраць існага асабліва моцна і паслядоўна гучаць у рамане «Пустадомкі», у прыватнасці, перадаюцца праз адчуванні і перажыванні аднаго з яго галоўных герояў, Маркі, які ў лісце да брата так перадае свой штодзённы стан пад час захаду сонца:
«Я не магу… Не магу, калі надвечар бачу яго на захадзе. Гэта ж недзе там над нашым, Шылавіцкім, борам свеціць нашай зямлі, нашаму народу. Ледзьве ногі валачэш, а вабіць… Як воўка да таго, усім вядомага кусту. Цяжка вытрываць – тых пакутных сноў не спраўдзіць. I тое можа стацца калі не ў гэты чацвер – цераз сем (а то і ў дубальт таго) ненавідных нядзель можа выйсці з цярпення».
У гэтым урыўку, хоць ён і не адзіны ў шэрагу падобных, знаходзіцца ключ да ўсяго твора, заключаны яго эмацыянальны код, які расшыфроўваецца з тугі пісьменніка па сваёй Бацькаўшчыне. I нездарма скразным для твора з’яўляецца вобраз сонца, якое ўвасабляе любоў да Беларусі і яе людзей. Але чым бліжэй пад канец, тым часцей сонца зацягваецца хмарамі, тым большай трывогай, неспакоем і боллю напаўняецца эмацыянальны лад твора, тым часцей знешне спакойная, традыцыйная для Калюгі, крыху нават замаруджаная плынь узрываецца, узвіхурваецца, выяўляючы гэтым самым трагічныя прадчуванні пісьменніка наконт уласнага лёсу, лёсу свайго народа, выяўляючы пратэст супраць гвалту над жыццём. Прадчувалася, што і вось гэты твор застанецца незавершаным. Апошні яго абзац – гэта голас чалавека на ростанях паміж існым і наканаваным, куды ён па злой волі вымушаны быў адысці ў свае няпоўныя трыццаць гадоў. Пісьменнік нібы звяртаўся да ўсіх голасам скрухі, адчаю, горкай іроніі, спасцярогі: адумайцеся, спахапіцеся… Але голас яго патануў у голасе далёкай тайгі.
«Новы – куды цікавейшы, непараўнальны сюжэтны пачынаўся раман. I месца дзеяння небывалае – адваротны свет. Толькі пра гэта бадай што ніколі ад мяне не будзе працягу».
Вось з такімі словамі, унутрана нібы ўсё яшчэ супраціўляючыся наканаванаму і прадвырашанаму (звернем увагу на «бадай што»), у росквіце жыццёвых і творчых сіл адышоў ад нас адзін з самых патэнцыяльна моцных, але, на глыбокі жаль, толькі ў малой долі выяўленых працаўнікоў роднай літаратуры.
Яўген Лецка
Крыніца: Калюга Л. Творы: Раман, аповесці, апавяданні, лісты / Уклад., прадм. Я. Р. Лецкі; Камент. Н.В. Гаўрош, Т.М. Трыпуцінай. – Мінск: «Мастацкая літаратура», 1992. – 607 с. [5] л. іл. – (Спадчына).