Увага! Поўны змест
Сям’я Шостакаў жыла тады ў невялікай вёсцы Гулічы, што стаяла за два кіламетры ад не шырокай, але маляўнічай рэчкі Ясенькі. У вёсцы налічвалася ўсяго каля дваццаці хат. Усе гуліцкія школьнікі былі маладзейшыя за Яўгена і вучыліся ў тамашняй пачатковай школе. Шостак жа — сямікласнік, таму хадзіў у школу ў мястэчка Азярцы. Гэта па другі бок рэчкі Ясенькі, туды кіламетры са два. З Гулічаў у Азярцы акрамя яго хадзіла яшчэ адна дзяўчынка — высокая танклявая Марылька Кранько, таксама сямікласніца. Вядома ж, Яўген сябраваў з ёю. У школе яны сядзелі за адной партай, канчаліся заняткі — разам ішлі дамоў. Па поўдні, зноў-такі ўдваіх, рыхтаваліся да ўрокаў. Улетку працавалі на сенажаці і ў полі, вечарамі гулялі ў лапту, зімою каталіся на лыжах і санках. I так было заўсёды.
I вось, калі Марылька з Яўгенам ужо вучыліся ў сёмым класе, іх запрасілі на школьны навагодні баль старшакласнікаў. У актавай зале зіхацела рознакаляровымі агеньчыкамі ёлка, іграў аркестр, і не менш ярка зіхацела Марылька — расчырванелая, радасная. На ёй была блакітная, пад колер вачэй, сукенка ў крапінку, светлыя валасы сцягнуты ў пучок і завязаны шырокай, таксама блакітнай, стужкай. Танцавала яна з высокім чарнявым дзесяцікласнікам Мішам, па мянушцы Свістун. О, як яны прыгожа плылі ў вальсе! Нетаропка, роўна, толькі ў такт музыцы ціха пагойдваліся, нібы хвалі на Ясеньцы ў добрае надвор’е. Міша часта нахіляў галаву і шаптаў Марыльцы нешта на вуха. Яна тады крыху адводзіла ад яго твар, уважліва глядзела і тут жа весела смяялася.
У той вечар у Яўгена ўпершыню моцна зашчымела сэрца. Чаму Марылька танцуе з Мішкам Свістуном, чаму так радасна пазірае на яго і весела смяецца? Ад гэтых думак яму аж горача зрабілася. Танцаваць ён не ўмеў, а далей так стаяць і глядзець не было ніякай моцы. I ўлучыўшы момант, калі Марылька глянула ў яго бок, рэзка павярнуўся і пайшоў да выхада. Калі ў раздзявалцы ўжо нацягваў кажушок, нехта тузануў яго за рукаў.
— Марылька! Ты чаго тут?! — здзіўлена спытаў Яўген.
— Як чаго? Пойдзем разам дадому,— спакойна адказала яна.
— А Міша Свістун?
— Мішка добры для танцаў. А мы ж з табою суседзі, свае,— зноў спакойна адказала Марылька і засмяялася.
Калі выйшлі са школы і накіраваліся па вуліцы, настрой у дзяўчыны не змяніўся. Яе пявучы голас і звонкі смех нагадвалі гукі меднага званочка.
У наступныя дні адносіны ў Яўгена з Марылькай знешне былі нібы ранейшыя: ішлі разам у школу і вярталіся дамоў, рабілі ўрокі. Але Шостак хутчэй адчуў сэрцам, чым зразумеў, што з ім нешта сталася. Раней раніцай маці доўга не магла яго дабудзіцца, цяпер жа ўскокваў з ложка пасля першага яе слова. I ўсё таму, што ўяўляў скорую сустрэчу з Марылькай. Яўген не раз лавіў на сабе доўгія, нібы прыдзірлівыя погляды дзяўчыны. Яму ад гэтага станавілася і радасна, і трывожна.
Марылька часта хварэла ангінай. Кожны год, як толькі са стрэх пачыналі мільгацець, дзынкаць іскрынкі капяжу, а заснежаныя пагоркі лысець ад праменняў веснавога сонца, шыя Марылькі аказвалася абкручанай белай касынкай, а голас траціў звонкасць, станавіўся сіпаватым і ціхім. Так здарылася і ў тую памятную вясну. Толькі на гэты раз хвароба зацягнулася, і Марыльку бацькі адвезлі ў бальніцу ў Азярцы.
Кожны дзень пасля ўрокаў, узнімаючы ботамі пырскі, Яўген бег да драўлянага будынка бальніцы, што стаяў на ўскрайку мястэчка. Яго прыходы сюды, здаецца, падабаліся ўсім — і ўрачу, і сёстрам, і санітаркам. Адна з іх — цётка Клава, як толькі хлопец убягаў у прыёмны пакой, хуценька працягвала яму бялюткі халат.
— Ідзі, ідзі хутчэй, Шостак. Гавораць, што Марылька ноччу цябе ў сне ўспамінала, — ці то ўсур’ёз, ці то жартам паведамляла яна, хітравата ўсміхаючыся.
Яўген куляй урываўся ў палату і, забыўшыся прывітацца, спалохана глядзеў на крыху пачырванеўшыя вочы дзяўчыны.
— Як ты? — ціха пытаўся ён.
Марылька радасна ўсміхалася, прыўзнімалася з падушкі, працягвала адразу абедзве рукі, таксама ціха гаварыла:
— Я ведала, што ты вось-вось прыйдзеш, бо якраз сонейка заглянула ў акно нашай палаты…
Шостак садзіўся на край ложка, трымаў яе гарачыя рукі ў сваіх, і яны, пазіраючы адно аднаму ў вочы, доўга шапталіся, здаецца, аб усім на свеце. Але праз нейкі час твар Марылькі станавіўся заклапочаным, яна яшчэ вышэй прыўзнімалася на падушцы, казала больш сур’ёзна і цвёрда:
— А зараз паказвай, што задалі на дом у школе.
Яўген хоць і неахвотна, але пакорліва выпускаў яе рукі, даставаў з ранца падручнікі, сшыткі. I зноў, як і некалі раней, яны рабілі ўрокі.
Неяк раніцай Шостак прачнуўся і быў вельмі здзіўлены: ужо па столі бегалі сонечныя зайчыкі, а маці дагэтуль яго не разбудзіла. Хуценька апрануўся і выглянуў на кухню. Маці якраз высыпала бульбу з каша ў цэбар, разагнулася.
— Пачалася паводка, сынок, — загаварыла яна. — Ясенька яшчэ ноччу загула. Дзядзька Васіль вазіў малако ў Азярцы. Дык калі вяртаўся, ледзь пераехаў рэчку на калёсах. Са школы перадалі, што адпусцілі вас на канікулы.
У Азярцоўскай школе вучняў на веснавыя канікулы адпускалі на час паводкі, бо многія масты крыгаход зносіў і з большасці вёсак у час вялікай вады дабрацца ў мястэчка было цяжка.
Спачатку Яўген нават узрадаваўся. "Вось і добра, што не трэба ў школу, — падумаў ён. — Збегаю ў Мілеўскі лясок, нарву пралесак і занясу іх Марыльцы ў бальніцу". Яшчэ ўчора ў ельніку ён нагледзеў купінку блакітных, нібы вочы ў Марылькі, першых веснавых кветак. "Але як дабяруся ў Азярцы?! — раптам нібы апякла думка. — Ясенька зараз бурліць, напэўна, як раз’юшаная".
— Схаджу і гляну, што робіцца на рэчцы, — сказаў Яўген і стаў нацягваць кажушок.
Маці нічога не адказала, бо, здаецца, і не пачула яго як мае быць — якраз варочала качаргой галавешкі ў печы.
Як толькі Шостак выйшаў на двор, — зразумеў, што ўсяго за адну ноч вясна ахапіла ўсё наваколле. Было цёпла і мокра, снег пачарнеў і асеў, а з-пад плота ўжо цурчалі ручайкі.
За вёскай Яўген звярнуў у ельнік і неўзабаве адшукаў чысты ад снегу ўзгорачак, на якім красаваліся кветкі. Свяжуткія блакітна-фіялетавыя венчыкі пялёстак абрамлялі апушаныя зялёныя лісцікі. Хоць кветак расло тут многа, хлопцу шкада было іх зрываць. Ён выбраў толькі пяць самых прыгожых і буйных пралесак. "Няхай у Марылькі па ўсіх прадметах будуць адны пяцёркі" — весела падумаў ён, падміргнуў сам сабе і накіраваўся да дарогі.
Калі Шостак падышоў да Ясенькі, стала ясна, што паводка ўжо набрала поўную сілу. Варочаліся і ламаліся льдзіны, а цёмна-зялёная плынь круціла і несла вырваныя з карэннем дрэўцы, нейкія слупкі, жэрдачкі, дошкі, іншы ўсялякі друз, смецце. Нерухома з вады выглядвалі толькі вялізныя камяні. Яны, бліскучыя і аслізлыя, нагадвалі лбы нейкіх казачных істот. "Вось па гэтых камянях і паспрабую перабрацца на той бок", — вырашыў Яўген, і, доўга не раздумваючы, скокнуў на шырокі камень, што ляжаў бліжэй ад берага. Тут крыху затрымаўся, каб перавесці дух і вырашыць, куды пераскочыць далей. Побач быў яшчэ адзін роўны камень. Пераскочыў на яго. Далей, метры за два, ляжала вялізная цёмна-бурая акруглая глыба. Шостак крыху прыгнуўся, напружыўся і скокнуў. Падэшвы ботаў, падбітыя шырокімі жалезнымі цвікамі, ляснулі аб граніт і саслізгнулі, а Яўген па грудзі апынуўся ў вадзе. Холаду спачатку не адчуў, толькі бачыў, як імкліва праносяцца міма льдзіны, шматкі паблеклай травы, саломы. Кінуў позірк на той бок, куды пераходзіў, і за некалькі метраў ад сябе прыкмеціў голыя галіны лазовага куста, што тырчалі з вады. Трымаючы ў руцэ над галавой букецік пралесак, асцярожна зрабіў у тым кірунку крок, другі. "Толькі б не ўпасці, — калацілася думка. — Сам, можа, як і выберуся, а кветкі прападуць". Зноў на імгненне паўсталі добрыя ўважлівыя вочы Марылькі. Яны сумна ўсміхаліся і, здавалася, аб нечым прасілі. Упарта зрабіў яшчэ крок, затым яшчэ. I вось ужо свабоднай рукой ухапіўся за лазовую галіну.
Калі Шостак выбраўся на бераг, з кажушка і штаноў цурчалі струмені вады, а ў халявах ботаў хлюпала. Адразу ж стаў даймаць, калаціць холад. Яўген зразумеў, што трэба хутчэй бегчы. Размахваючы поламі і грукаючы ботамі, ён пасігаў па дарозе, што вяла ў Азярцы.
У прыёмным пакоі бальніцы нікога не было, акрамя санітаркі цёткі Клавы. Тая аж войкнула і пляснула рукамі:
— Ай-яй-яй!.. I куды, Шостак, цябе так занесла?! Гэта ж трэба…
— Ясеньку пераходзіў, цётка Клава. Вось крыху і вымак,— стараючыся прыдаць голасу бадзёры тон, хоць у самога аж ляскалі зубы, гаварыў Яўген.
— Вымак!.. Вымак!..— перадражніла яго цётка. — А ці ведаеш, што запаленне лёгкіх табе забяспечана?!
У адно імгненне цётка зняла з яго плячэй кажушок, пасадзіла на табурэтку і пасцягвала боты. А скора Шостак ужо ляжаў на нізенькай канапе, а цётка Клава расцірала яму цела нейкай вадкасцю, ад чаго ў носе моцна казытала і Яўген раз-пораз чхаў. Неўзабаве зайшоў доктар Нікадзім Сяргеевіч, заклапочана сказаў: "Ну і ну…", прысеў на край канапы. Ён дастаў з кішэні халата навушнікі, надзеў іх і стаў вадзіць па грудзях Шостака чорным кружочкам. Потым падняўся і сказаў:
— Калі абыдзецца без запалення, то лічы, хлопец, што ты нарадзіўся ў кашулі.
Яўген Шостак, вядома ж, не нарадзіўся ў кашулі, і без запалення лёгкіх не абышлося. Але ж якая была радасць, калі назаўтра пад вечар да яго ў палату зайшла Марылька. Яе блакітныя вочы свяціліся трывогай, ласкай і дабрынёй. У руках яна трымала прынесеныя Яўгенам кветкі, а вусны шапталі: "Я ведала, што ты прыйдзеш, ведала…"