Севярын Будрыс – малады фізік, удзельнік нейкага таямнічага, але вельмі значнага праекта, карацей, засакрэчаны вучоны. Цяжкая, магчыма, занадта бесчалавечная для яго ўзнёслай натуры праца, смерць блізкага сябра – усё гэта разладжвае яго нервовую сістэму. І начальства адпраўляе Будрыса ў бестэрміновы адпачынак у самы далёкі, які толькі можна ўявіць, савецкі горад – Уладзівасток. Але і тут жахлівыя атамныя сны пераследуюць Севярына. Аднойчы ён знаёміцца з Віктарам Паўлавым – выбітным майстрам паруснага спорту з вялікай душой наросхрыст. Гэтае знаёмства крыху дапамагае яму акрыяць. Падчас салюту ў гонар перамогі над Японіяй ў Амурскім заліве, вір натоўпу выштурхоўвае да Будрыса маладую дзяўчыну. Яны знаёмяцца, а пасля Севярын праводзіць дзяўчыну да катэра, што меў забраць яе ў запаведнік «Тыгравую падзь». За гэтых некалькі гадзін Будрыс высветліў, што дзяўчыну завуць Гражынай, што яна натураліст і што яе продкі ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года, паабяцаў прыехаць да яе ў запаведнік першым жа катэрам.
Але катэра праз шторм не было, і нецярпліваму Севярыну прыйшлося дабірацца праз бурлівае мора спачатку з авантурным Паўлавым на ягонай яхце, пасля па паспакайнелым моры на рыбалоўным сейнеры. Далей яго вяла сцежка ў тайзе, везла дрызіна, падстаўляў плячо перавал – і ў рэшце рэшт Севярын аказаўся ў «штаб-кватэры» запаведніка, дзе яго гасцінна сустрэў начальнік Захар Іракліевіч Дзянісаў. На наступны дзень Будрыс у суправаджэнні белай лайкі Амура выправіўся ўверх па цячэнні ракі Тыгравай і без асаблівых прыгод, але з мехам фларыстычных уражанняў, дайшоў да паляўнічай хаткі, побач з якой сустрэў Гражыну і яшчэ двух навукоўцаў – мужа і жонку, – што дапамагалі ёй у вывучэнні матылёў і неўзабаве тактоўна сышлі на іншую стаянку.
Севярын і Гражына размаўлялі, лавілі рыбу, гатавалі вячэру, і ва ўсіх гэтых няхітрых справах дзяўчына станавілася ўсё болей роднай, зразумелай і жаданай. Тым не менш, за спрэчкаю паміж фізікам і лірыкам паміж імі прабегла прафесійна-светапоглядніцкая шчыліна, якая да ночы чамусьці ператварылася ў прорву. Гражына пакінула Севярына каля вогнішча і пайшла ў хатку. І тут на дапамогу ледзь не згасламу каханню прыйшоў нахаблівы леапард, які напужаў Амура. Севярын перабраўся ў хату і лёг побач з Гражынай, але толькі пасля сну з сінхрафазатронам дзяўчына (нарэшце!) убачыла ягоную душу, і вось тут ужо полымя кахання асвятліла ўсю паляўнічую хатку. Новы дзень адзначыўся паходам у джунглі, дзе каханне запалала яшчэ мацней, а новая ноч – канчатковай перамогай Будрыса і Амура над леапардам, які, захвастаны абвугленымі доўбнямі, прызнаў паразу і сышоў назаўжды.
Далей было расстанне і абяцанне Гражыны прыехаць ва Уладзівасток з першым (або з другім) катэрам, але Будрыс і Амур чакалі дарэмна. Гражына вырашыла, што такое моцнае каханне не зможа палаць усё жыццё і абавязкова згасне, а гэтага яна не перажыве, і паспешліва ўцякла ад Севярына. Аб гэтым ён даведаўся з ліста, які атрымаў ад цяжарнай Гражыны праз два з паловай месяцы ўжо ў Маскве, на ранейшай працы. І, хоць дзяўчына просіць не шукаць яе, Севярын ведае, што абавязкова яе знойдзе.