Чытаць казку "Лебядзіны скіт"
У казцы "Лебядзіны скіт" апісаны падзеі, якія адбыліся вельмі даўно, калі татары напалі на рускую зямлю. Яны рухаюцца з нарабаваным багаццем і з палоннымі. Хан Бату параўноўвае народ са статкам, "у якім кожная жывёла думае толькі аб тым, каб есці другіх і не быць з’едзеным", здзекліва выказваецца пра палонных, якія хутка забудуць сваю мову і сваю зямлю, лічыць, што яны памерлі ўжо. Яму пярэчыць паэт Юсуфі.
Тады хан для падмацавання сваіх аргументаў прапануе старому, якога яны ўбачылі каля скіта, зрабіць выбар: аддаць сваё жыццё дзеля выратавання людзей альбо — наадварот. Стары згаджаецца памерці, але просіць пакінуць жывымі столькі палонных, колькі змесціцца ў ягоным скіце. Хан згаджаецца. У скіт зайшлі ўсе палонныя і вылецелі адтуль белымі лебедзямі. Стары кажа, што ён прыняў "слёзы і гора цэлай зямлі". I яшчэ ён "верыў і любіў. Калі хоць адзін чалавек астаўся на роднай зямлі — яна не загіне". Стары ператварыўся ў камень, "з- пад якога тачыліся слёзы, збягалі ў ручаёк, струменьчыкам беглі да возера". У страху ворагі кінуліся прэч "з гэтай страшнай зямлі, дзе плачуць нават камні і змагаюцца нават слабыя".
У канцы казкі пісьменнік заўважае, што з таго часу Белую Русь назвалі "белай", бо ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей. А яшчэ кажуць, што яна таму "белая", бо пад татарамі не пабыла.