Уладзімір Караткевіч — У снягах драмае вясна

Уладзімір Караткевіч

  Уласны вопыт і вопыт свайго пакалення ўвасобіў Уладзімір Караткевіч у аповесці "У снягах драмае вясна". Узнікла аповесць на хвалі грамадскіх перамен, якія адбыліся пасля выкрыцця культу асобы Сталіна. Асноўныя яе падзеі адбываюцца ў 1952 годзе. На самым пачатку аўтар піша, што "пачалося гэта ў канцы лютага тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят другога года ў вялікім горадзе, дзе былі помнікі і прыгожыя будынкі, зялёныя бульвары і ціхія хаткі на ўскраінах, дзе быў нават універсітэт, а значыцца, існавала гарластая і хударлявая, дасціпная і яхідная парода людзей, якіх завуць студэнтамі".
  Аповесць "У снягах драмае вясна" — твор аўтабіяграфічны. I хоць не названы горад, у якім адбываецца дзеянне, але гэта, безумоўна, Кіеў. Многія персанажы мелі сваіх прататыпаў. Напрыклад, у Яне Паважным, аднакурсніку і сябру Караткевіча, пазнаецца Фларыян Няўважны, вядомы польскі перакладчык і даследчык украінскай і беларускай літаратур. Мелі сваіх прататыпаў таксама іншыя героі твора.
  Шмат узяў ад пісьменніка і галоўны герой Уладзіслаў Берасневіч. Заўважаецца падабенства іх імёнаў і прозвішчаў. Берасневічу, як і аўтару, у 1952 годзе было 22 гады. Ён таксама не хадзіў на нецікавыя лекцыі, а замест гэтага працаваў у бібліятэках. Не ведаў, кім ён будзе, навукоўцам ці паэтам. Рыхтаваўся да паступлення ў аспірантуру, але ў выніку сфабрыкаванай дэмагогамі і кар’ерыстамі справы паехаў настаўнічаць у вёску Вавуліцкі Млын. Караткевіча пры падобных абставінах таксама не прынялі ў аспірантуру, і ён пасля заканчэння універсітэта працаваў у Лесавічах каля Тарашчы.
  Ёсць і біяграфічныя адрозненні паміж аўтарам і галоўным героем. Берасневіч, напрыклад, у гады вайны быў партызанскім сувязным, а потым на камсамольскай рабоце ў Заходняй Беларусі. Ёсць іншыя адрозненні. Аднак галоўным з’яўляецца іх духоўная блізкасць. Як і Караткевіч, Берасневіч усебакова адораная, высакародная і дзейсная натура. Ён ведае сусветную культуру і фальклор. У яго свае ацэнкі творчасці Дастаеўскага, Гамсуна, Ніцшэ. Лічыць, што марксізм не застылая догма. Маральны максімаліст і сумленны чалавек, ён многае не прымае ў тагачаснай рэчаіснасці. Адмоўна ставіцца да таго, што ў аспірантуру бяруць у большасці выпадкаў не па прынцыпу таленавітасці, а зусім па іншых прынцыпах. Яму не падабаецца стаўленне дзяржавы да некаторых народаў і пэўных грамадскіх з’яў. Берасневіч не прымае палажэнняў артыкула аднаго аўтара, дзе сцвярджаецца, што "абуджэнне самасвядомасці Італіі пры Гарыбальдзі або Русі пры Пушкіне — станоўчая з’ява, а абуджэнне самасвядомасці Лабановіча — толькі што "не хавае ў сабе асаблівай небяспекі". Герой думае пра нараджэнне ў асобным чалавеку і ў народзе гэтай самасвядомасці.
  Берасневіча, у якога было "стыхійнае разуменне прыгожага, неабходнага і лішняга ў карціне", засмучае, што няма славутага на ўвесь свет беларускага мастацтва. Кажа, што калі б ён быў мастаком, то маляваў бы сваё, роднае так, каб слёзы на вочы наварочваліся. "I яшчэ, — сцвярджае герой, — намаляваў бы паляну, а на ёй папараць. I ўсю гэту папараць сонца святлом заліло, стаіць яна светла-зялёная. А ў папараці на конях б’юцца Ян Прыгожы і Балотны Уладар. За спіною ва Уладара — дрыгва, за спіною Яна — родныя лясы. I Ян — гэта народ".
  Акрылены шчырым каханнем, ён думае зрабіць шмат карыснага ў жыцці. Берасневіч вядзе актыўныя духоўныя пошукі. Прыгажосць і значнасць яго асобы раскрываецца ў каханні, вучобе, працы, адносінах з людзьмі. Ён выступае як рамантык, летуценнік, які марыць пра ідэальнае і прыгожае жыццё ў будучым, калі на Венеры будзе знішчаны вуглякіслы газ, стане цёпла, і там можна будзе праводзіць першую сусветную нараду камуністычных паэтаў. I адначасова гэта рэаліст, які можа даць канкрэтныя практычныя парады пры пабудове стадыёна ці шмат зрабіць для абнаўлення побыту ў Вавуліцкім Млыне.
  У пасляслоўі да першага кніжнага выдання твора Адам Мальдзіс слушна зазначыў: "У аповесць укладзены значны змест. Гэта мужная і шчырая споведзь юнака, што сумленна ўваходзіць у сапраўднае жыццё. I напісаны твор вопытнай спрактыкаванай рукой". Сапраўды, жывымі ўяўляюцца вобразы, праўдзіва абмаляваны адносіны паміж людзьмі, дакладна перададзена ў творы тагачасная грамадская атмасфера. Берасневіч моцна і пяшчотна кахае Алёнку, здзяйсняе сапраўдны подзвіг, калі ратуе Сяляўку.
  Ён творчая, інтэлектуальна і духоўна багатая натура. Таму і не прымае лекцыі дагматыка Холадава. У выніку наспявае канфлікт. Любімы выкладчык студэнтаў Маркевіч перасцерагае Берасневіча, хоча, каб той трошкі ўтаймаваў свой халерычны тэмперамент, бо можа здарыцца бяда.   I яму, "чалавеку легкадумнаму і, па маладосці год, трошкі самаўпэўненаму", даверліваму і душэўна чыстаму, не ўдалося пазбегнуць канфлікту з той сістэмай і з тымі парадкамі, яркім увасабленнем якіх з’яўляецца дэмагог і кар’ерыст Маркіч.
  Ужо на самым пачатку Берасневіч інтуітыўна не прымае Маркіча, камсамольскага сакратара курса, маральна супрацьлеглага яму чалавека, які хоць і "гаварыў заўсёды правільныя словы — нейкай мяртвячынай аддавалі яны ў яго". Праўда, душэўная дабрыня героя стрымлівала яго ад рэзкай і адмоўнай ацэнкі гэтай постаці. Так, у размове з сябрам, які асуджае Маркіча, Берасневіч кажа: "Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне".
  Маркіч — небяспечнае і заканамернае параджэнне несправядлівага грамадскага ладу. На сходзе ён беспадстаўна абвінавачвае Берасневіча, патрабуе выключыць таго з камсамола і універсітэта. Берасневіч і ў гэты крытычны момант, каб зменшыць незаслужанае пакаранне, не пайшоў на кампраміс, не пакаяўся. Наадварот, ён мужна і смела бароніць свае прынцыпы і ўласную чалавечую годнасць: "I вы ведаеце мяне, вы ведаеце, я не зрабіў ніводнага ўчынку, які можна было б назваць варожым учынкам, учынкам чалавека, які ненавідзіць нашу рэчаіснасць. Маё жыццё чыстае перад камсамолам, перад дзяржавай. Калі я думаю, што ў нас ёсць цемрашалы, якія імкнуцца парушыць еднасць нашых народаў, — я кажу гэта проста ў вочы, і гэта не азначае, што я лічу цемрашаламі ўсіх. Калі я люблю сваю радзіму — гэта яшчэ не нацыяналізм".
  Берасневіч адкрыта выступіў супраць маркічаўшчыны, сваімі паводзінамі і словамі нібы разбудзіў ад летаргічнага сну Маляўку, знайшоў падтрымку ў сваіх сяброў, іншых удзельнікаў сходу. На жаль, вымушаны быў пакінуць універсітэт, адмовіцца ад аспірантуры. Перастала з ім сустракацца Алёнка.
  Аднак няўмольнай была хада гісторыі. Скончылася і сталінская "зіма". Сваімі словамі і ўчынкамі герой набліжаў вясну грамадскага абнаўлення. У эпілогу Караткевіч піша: "Чатыры гады мінула, адбыліся вялізныя змены ў дзяржаве, і з кожнай зменай Берасневіч адчуваў, што гэта яго думка, што робіцца яго справа і сама дзяржава робіцца ўсё больш і больш роднай яму, без ранейшых непаразуменняў. I маркічаў ставала ўсё менш, бо новае патрабавала, каб кіраўнік проста працаваў і займаўся гаспадаркай, а не мянціў языком на зборах. Стала спакайней на сэрцы". Берасневіч сустракаецца з Алёнкай, каб ужо больш ніколі яе не страціць.
  Уладзімір Караткевіч стварыў цікавы твор пра студэнцкае жыццё пачатку 50-х гадоў. Праўда, псіхалагічна непераканаўчымі выглядаюць асобныя ўчынкі герояў, часам павярхоўна раскрываюцца характары, аднабакова вырашаецца канфлікт. Тым не менш твор захапляе і ўражвае трапнасцю і багаццем дэталяў, дасканаласцю мовы, тонкасцю і глыбінёй у раскрыцці душэўных перажыванняў герояў, у адлюстраванні студэнцкага асяроддзя, у перадачы духу і каларыту таго часу.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений