Уладзімір Жылка — Наш лёс, бы кат з рукой забойнай…

Уладзімір Жылка

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.
Бязлітасней рука каго?
Ды ўмее вой адзін спакойна,
Без роспачы прыняць яго.

І ўмее вой цвёрдакаленна
Ўстаяць перад навалай злой
І ўсё губляючы, нязменна,
Данесці абавязак свой.

Губляць жа болей немагчыма
І зносіць болей немага:
Народ, Свабода і Радзіма, –
На ўсё прыйшла адна чарга.

Найдаражэйшае, святое –
Ўсё, чым натхнялася душа,
Чужою збэшчана рукою,
Сваволяй скута палаша.

Але пад лобам хмурым гэтым,
У гэтай думнай галаве
Імкненне да апошняй мэты
Непераможнае жыве.

Непераможнай волі шалам,
Перамагаючым і лёс,
Звініць душа з былым запалам,
Звініць без сумніву і слёз.

І покі пруткі шчэ цягніцы,
І покі ў жылах точыць кроў, –
Ніхто не ўбачыць голаў ніцы,
Пакорлівых не ўчуе слоў.

І покі сэрца поўна гневам,
І гнеў драпежней крумкача, –
Вітаю бой ваяцкім спевам
І звонам вострага мяча.

Калі ж нараз ад лучнай раны
Звалюся, сходзячы крывёй,
І вораг, перамогай п’яны,
Накпіць нягожа нада мной, –

Я і тады здалею гарда
Стрымаць гадзін апошніх золь,
Мая нянавісць і пагарда
Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.

1925

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений