Начыста змецены і вуліца й двары,
Ля ганка і варот паўбітыя бярозкі –
Сягоння Сёмуха, сягоння свята вёскі.
I весялейшае не знойдзецца пары.
Пагодны, ясны дзень. У полі і ў бары
Паветра хмельны пах, смяюцца сонца коскі,
А ў хаце бел абрус, падходны блін дар Боскі
I шчасцем свецяцца мужычыя твары.
І веру радасна я болей, чым калі,
Ў вялікі лёс і шлях Радзімае зямлі:
Абуджаны народ быліц дазнае сказ –
Узрушыць як адзін пры свеце бліскавіцы.
Прыйдзі хутчэй! Я жду цябе, жаданы час.
Дай думам сёмушным і казкам дай здзяйсніцца.
1921