Уладзіслаў Галубок — Доля мужыка

Уладзіслаў Галубок

Вясной якраз на нашых святах
Я быў ў засценку Ліпнякі,
А там у нізкіх, курных хатах
Жывуць галота-мужыкі.

Сагнуўся ракам і у дзверы
Упоўз я ў хату мужыка,
Каб сам не бачыў, не паверыў,
Як горка доля бедака.

На сценах голых і вільготных
Растуць грыбы, цячэ вада,
I льецца на дзяцей гаротных
Хвароба, нэндза і бяда.

Аконца мала чуць свіціцца,
Ніколі сонца не відаць,
Смурод і чад, у брудах дзеці:
Адно дзярэцца – пяць крычаць.

Няма ж спакою беднай маці,
Няма ратунку, ані сна,
Няма каму прыбраць у хаце,
Ляжыць схварэўшая адна.

А пры баку дзіця ў карыце –
Увесь у больках, заскаруз,
Закручаны у зрэбнай свіце,
Устаць не можа, бо нядуж.

А дзеці воўкам пазіраюць,
З мяне дзівяцца: хто такі?
Як бы нічога больш не знаюць,
Апроч балота, асакі!

Яфімка цяжка уздыхае,
З бядой не можа саўладаць,
Галодны дзеці, сам не мае
За што і рук сваіх зацяць.

Да свету ўстане, кіне дзетак,
На заработкі к пану йдзе,
Глытае пот з слязьмі і гэтак
Век пераходзіць у бядзе.

Чым, як жывуць, адкуль іх сіла?
Ні круп, ні хлеба, ні гаршка,
Здалося, я папаў ў магілу,
Але не ў хату мужыка…

Дык во дзе бачыць гора можам,
Жыццё і долю бедакоў,
А колькі іх на свеце божым,
Такіх ліпняцкіх мужыкоў!

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений