Над соннай далінай
Відаць хмызнячок,
Пры ім сірацінай
Хацінка-дамок.
Жыве там гаротны
Дзядуля з дня ў дзень,
Збалелы, маркотны,
Снуе толькі цень.
Калісь быў ён молад,
Дуж быў, як той леў;
I холад і голад
Ён занішто меў.
Жыццё прамінула,
Як сон той вясной, –
Старога сагнула
Бяда, неспакой;
Меў дзетак – вось сына
Забрала вайна;
Другога машына
У магілу звяла;
За імі і маці
Пайшла на той свет…
Астаўся у хаце
Адзін-адным дзед.
Сядзіць скачанеўшы,
Сагнуты дугой,
Не піўшы, не еўшы,
З нямою душой…
Віхура за хатай
Гудзіць і шуміць,
З пагудкай заклятай
У шыбы гручыць.
I як бы галосіць
Над ім, сіратой,
I нібыта просіць
На вечны спакой…
Крапіўся дзядуля –
Займацца стаў дух,
Прыйшла смерць-зязюля,
Як свечка, патух.
Чырвонае сонца
З-за лесу ўзышло,
У хатцы аконца
Агнём заліло,
Ды хатка пустая –
Ужо дзеда няма!
Цяпер там гуляе
I холад, і цьма.