Уладзіслаў Сыракомля

Уладзіслаў Сыракомля

   На вялікі жаль, самага каштоўнага для нас у спадчыне «вясковага лірніка» Уладзіслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча), напісанага ім па-беларуску, амаль не захавалася. Да нас дайшлі толькі два вершы: «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды…». Аднак беларускамоўны верш «Добрыя весці», які распаўсюджваўся ў падпольным друку і рукапісах, дае поўнае ўяўленне пра светапогляд паэта-патрыёта. Яго мара — вольныя людзі на вольнай зямлі:  

Зямля ты наша, зямля ты святая,

Радзі нам збожжа ды судзі пажаць, —

Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю

На магазын наша зерне браць!

 

   Добрыя весці, якія спяшаецца данесці «вясковы лірнік» да свайго народа, — прыклад людзей з недалёкай Галіцыі, якія «б’юцца для славы, свабоды і чэсці і робяць вольных людзей з мужыкоў». Там ужо скасаваны прыгон. Дык ці ж не прыклад гэта і для нашых людцоў аб’яднаць свае намаганні і дамагчыся волі?  

Мужык і шляхціц стаў за пане браце,

Рукі за рукі і грудзь за грудзь.

Пяром на карце, сахой на ніве

Адзін другому роўнасць засцярог

 

   Лексічная анафара годзе, клічныя сказы, паўторы, заклікі спрыяюць выяўленню патрыятычных пачуццяў паэта, рытмічнасці і пафаснасці твора. Аптымістычны, жыццесцвярджальны верш заканчваецца выяўленнем самай запаветнай мары паэта:  

 

Эй, у свабодзе зажывё’м шчасліве,

Мы будзем дзеткі, а наш бацька — Бог!..

 

   Усведамленне паэтам прызначэння мастака, творцы ў грамадстве выяўлена ў вершы «Лірнік вясковы» праз параўнанне паэта з лірнікам, лёс якога незайздросны, часам нават пакутлівы, бо не ўсе яго разумеюць («гэты хваліць, той ганіць»), але лірнік зрабіў свой выбар: Мая ліра — прызванне! Цябе б струшчыў дазвання, Ты мой крыж — я трываю! І прамень мой духовы, бо я лірнік вясковы. Я пры ліры сканаю!

   «Вясковы лірнік» Уладзіслаў Сыракомля выбраў для сваіх узаемін з народам і ўздзеяння на «народ Божы» самую бездакорную з усіх літаратурных жанраў форму — баладна-гутарковую (у польскай літаратуры мае назву гавэнда). У аснову большасці сваіх твораў ён клаў мясцовае паданне ці легенду, а нярэдка і нядаўняе здарэнне, пачутае ад мясцовых жыхароў. Эпічнае, прычым драматызаванае, пераважае ў гэтых «народных гутарках». Дынамічны востры сюжэт з нечаканай развязкай і глыбокай філасофіяй у падтэксце асабліва ўздзейнічае на чытача. Доказам таго з’яўляецца зайздросны лёс яго самага першага верша «Паштальён» з падзагалоўкам «народная гутарка». Гісторыя, пачутая паэтам у Міры ад фурмана, усхвалявала не толькі яго. Рускі паэт Трэфалеў пераклаў верш Сыракомлі на рускую мову, і ён стаў адной з самых любімых народных песень «Когда я на почте служил ямщиком…»  

   Мастацкая вартасць балад-гутарак Уладзіслава Сыракомлі дасягаецца тым, што вострая драматычная калізія ці прытчава-баладны сюжэт напаўняюцца глыбокім філасофскім зместам, выключнай сілы абагульненнем. У гутарцы «Жменя пшаніцы» фальклорны матыў пра мудрага баньку, які выправіў трох сыноў у людзі, каб праверыць іх годнасць і вартасць спадчыны. Матыў выяўляе пісьменніцкае ўсведамленне, што лёс бацькаўшчыны можна даверыць толькі таму, хто не выракаецца роднага, хто здольны ўзбагаціць сябе і родны край перайманнем лепшага ў суседніх народаў. Малодшы сын прывёз з Украіны каштоўную пшаніцу, а не, як яго браты, пагарду да роднага.  

   Найбольшую мастацкую вартасць уяўляе гутарка «Хадыка», бо ў творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не сюжэтам (яго сапраўды можна пераказаць адным сказам), а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, у чалавека заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць!) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека. Перакажам гэты твор, акцэнтуючы ўвагу на самых канцэптуальных момантах. 

   Народ збіраецца «пад замак слуцкі», дзе, «паводле княжых паўнамоцтваў», будзе правіць суд слуцкі ваявода, «узброены і літасцю, і мечам». 

 

Праз гурт людзей, не слухаючы варты,

Абдзёрты старац ціснецца упарта,

З дубовым кіем, як разбойнік з лесу.

Страх паглядзець, іскрацца дзіка вочы…

 

   … Трыццаць гадоў таму Хадыка атрымаў загад ад лоўчага асачыць мядзведзя, бо «на аблаву прыбудзе Сапега вяльможны».  

   Хадыка загад не выканаў, паляванне не адбылося, а пасля ад’езду гетмана Хадыку па загадзе лоўчага бязлітасна білі «гарапнікам з тоўстага дроту», прывязаўшы да дрэва. «і хоць вельмі знясілеў» Хадыка, але прага помсты вылілася ў забойства лоўчага.  

   Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала сумленне, віна за пралітую кроў. І жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку…  

   Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабыць ежу ці налажыць на сябе рукі.  

   Нават вясна не ратавала ад самотных думак, нават маліцца не мог Хадыка, бо «не знаходзіў смеласці і сілы» паглядзець на неба, а малітвы канчаліся слязамі.  

   Змаганне за жыццё было нялёгкім: «рэдка-рэдка паляваў удачна, часцей галадаваў, а ў скрусе жыў заўсёды», што асабліва нішчыла душу. І тады ўсё часцей нашэптваў яму нячысцік пра адзінае збавенне ад пакут. І ўжо падняў упершыню Хадыка вочы, каб пашукаць галіны, што ўтрымала б яго цела, як убачыў рой:  

Кроў палеская ў жылах азвалася зноўку:

Не! Я думаць аб смерці пакуль пачакаю,

Пчол спярша абяру і зраблю ім дамоўку.

Пчолы — гэта набытак і скарб, ягамосці,

Так заўсёды лічылі палескія людзі,

і мой бацька, і дзед мой…

 

   Праца («Што я варты без працы?»), крыж, пастаўлены Хадыкам («Будзе Богу пашана і піка шайтану»), і думка, што яго працай, калі і загіне, скарыстаюцца людзі, уратавалі Хадыку ад яшчэ большага граху, чым той, што ўчыніў некалі:  

 

Паверце, ягамосці, што за працай

Лягчэй ад чорных думак адагнацца.

Тады няма згрызоты аніякай,

Калі ты ўсмак працуеш, чалавеча…

 

   Успаміны пра родны дом, сям’ю таксама жывілі душу Хадыкі. …Нават радасць давялося зведаць Хадыку, бо «час мінае, і Бог памагае заўсёды»:  

Гэтак год за гадком…

Па зярняці, не шпарка

Убіралася ў сілу мая гаспадарка,

і гадоў цераз дваццаць яна акрыяла:

Тры капы маіх борцяў у лесе стаяла!

 

   Але прыйшла старасць — «наваліліся жахі на душу і цела». Зноў нячысцік нашэптвае пра збавенне… Перасіліўшы сябе, адагнаўшы ліхія думкі, пайшоў Хадыка да людзей, але тыя «з жахлівым крыкам уцякалі».  

   І лес зноў пасылае яму паратунак — міласэрнасць аднаго чалавека, які «зазваў на ноч, наліў гарачай стравы…»:

 

Хай будзе шчасце пад ягоным дахам!

(Найлепшы дар, найлепшая уцеха,

Калі хто бедака абдорыць сэрцам!)

 

   Так Уладзіслаў Сыракомля акрэсліў этапы, вехі ўваскрэсення людской душы: усведамленне свайго граху, віны, пакаянне і раскаянне (шчырае, што прыйшло са слязьмі), цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, праца і міласэрнасць людская — вось тое. што лечыць скалечаную душу.  

   Доўгі і пакутніцкі шлях да Храма прайшоў Хадыка і памёр не на асіне, а на кляштары. Як святы. І не людзі яго судзілі, не князь слуцкі, а сам Усявышні назначыў «дзень той судны»… 

   Аўтарскае ж захапленне сілай чалавечага духу, якой і забяспечваецца самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над сабой, выяўлена ў апошняй страфе:  

…А між бароў, сярод імшары дзікай,

Дасюль вядзецца пасека лясная,

Багата дзіў аб ёй апавядаюць

і называюць гэтак жа — Хадыка.
 

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений