З балаціны з-пад камення
Ручаёк малы струменіць.
Ён цячэ налева, ўправа
Між густых квяцістых траваў,
Глебу кроіць на часціны,
Ссе другія ручаіны
І з напоўненага ложа
Хваляй пырскае прыгожа.
На сабе трымае чоўны,
Бераг спраміўшы няроўны,
Адкрывае шлях для плыні,
Для плытоў і для віціны
І нясе у падарожжа
Судна, гружанае збожжам.
А як дзе штурхае хваля,
Пана Бога людзі хваляць:
Багацее з ласкі Боскай
І мястэчка іх і вёска,
Зелянеюць побач дрэвы,
Весялеюць птушак спевы,
Неба добрае ў блакіце,
І вакол буяе жыцце,
Бо вада у нас рачная –
То краіны кроў жывая.
1861 г.
Пераклад Уладзіміра Мархеля
Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.