Тры вышыні,
тры сілы знаю ў лесе:
З камлёў – сталёвая,
дзе мох бароды звесіў;
Другая –
песняй звонкай –
пасярэдзіне,
Дзе сонца захлынаецца ад медзі;
А ля аблок –
у гойданцы зялёнай –
Жыцця пачаткі
правяць цуд штодзённы…
З камлёў тугіх
спрадвек вянцы вязалі,
З балоняў
звонкія цымбалы выразалі,
Ўзляталі думкай да вяршынь
паэты –
Пазнаць
імгнення і жыцця
сакрэты…
Такім я знаў цябе…
А тут жахнуўся:
Не ўцяміў – дзе я…
І не ўцямлю, мусіць:
Рабрыстыя – ў падсочках,
нібы здані, –
О сосны,
хто прыдумаў вам Майданак?!
Хто цвёрдаю рукой падрэзаў жылы,
Жывіцу цягне з вас –
жывую сілу?..
Знайду!
І перад вашым, сосны, вечам,
На тым судзе –
лясным і чалавечым –
Спытаю гнеўна –
хай адказ трымае:
Чаму
дух смольны з нашых хат знікае
І гніль вянцы бярэ?
І гэтак вяла
І глуха так
чаму пяюць цымбалы?
Чаму ў паэтаў паніжэлі думы,
Не вырвуцца ніяк з пустога тлуму?..
І калі ён змаўчыць,
дык вы – крычыце!
Крычыце, сосны,
сосны, не маўчыце…
1965
Крыніца: Зуёнак В. Выбраныя творы. Уклад., камент. аўтара; прадм. Н. Заяц. – Мінск : Кнігазбор, 2010. – 512 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).