Жыў дзяцюк па імені Марка. Вясёлай і бесклапотнай была яго маладосць, любіў ён кірмашы і забавы. І пакахаў ён Алену, а яна пакахала яго. Ды толькі панскі прыслужнік Ілля паслаў да Алены сватоў, а калі тая адмовіла, дамогся свайго цераз пана, бо быў у яго найвярнейшым слугою, хаця ашукваў і пана, праз што і разбагацеў.
Вяселле было багатае і вялікае. Здзекліва і хітра глядзеў Ілля на свайго пераможанага суперніка.
Да самотнага Маркі падышоў дудар Арцём і прапанаваў выпіць гарэлкі дзеля весялосці. І толькі Марка выпіў, як нехта незнаёмы, гледзячы на яго збоку, сказаў:
— Ну, цяпер ён паскача!
Але ні два кілішкі пітнога, ні вясёлае гранне не развесяліла Марку — яшчэ большы смутак напаў. На тым вяселлі напалохаў Марка ўсіх сваім позіркам і вачыма, што, быццам у ваўка, свяціліся. Нават каханая яго жахнулася, убачыўшы яго непадалёк.
Памутнела ў Маркі ў вачах, прытомнасць страціў, пакінуў бяседу, але і па дарозе напалохаў сустрэчных сваім страшным позіркам, а дома нават сабака яго не прызнаў.
Неўзабаве твар і рукі яго абраслі поўсцю. І ўцёк Марка ад людзей. Бадзяючыся і пакутуючы, згадваючы сваё шчаслівае раней жыццё, блукаў па лясах і барах у абліччы страшнага звера. У нядзелю чуў голас касцёльнага звона і выццём прасіў Бога, каб злітаваўся над яго лёсам.
Але нянавісць да людзей усё расла. Вырашыў шкодзіць ім ва ўсім. Аднаго разу выкраў дачку Арцёма Ганку і занёс яе далёка ў лес. Лямант і плач дзіцяці толькі цешыў учыненай помстай сэрца Маркі.
І напаў на яго невыносны смутак, і зразумеў ён, што помстаю не супакоіш пакуты. Дзе б ні быў — усюды не давалі яму спакою бацькава роспач, лямант дзяўчынкі.
Падслухаўшы неяк размову людзей пра чараўніцу Аксінню, што ператварае людзей у звяроў і зноў вяртае ім чалавечае аблічча, вырашыў знайсці яе. Многа дзён і начэй блукаў Марка без адпачынку па дзікіх пушчах.
Котка, якую Марка хацеў паймаць і разарваць, лёгка ператварылася ў сароку. Ганяючыся за ёю, прыйшоў да самотнай хаціны. А каля яе і на ёй — усюды каты.
Вечарам, стаіўшыся, угледзеў, як коткі, зрываючы зубамі нейкую траву, у міг вока ператвараюцца ў дзяўчат. Тое ж самае зрабіў і Марка і таксама стаўся чалавекам. Але шчасце было кароткім: у поўнач зноў ператварыўся ў ваўка.
Наступнай ноччу адна з дзяўчат-котак расказала яму пра сваю нянавісць да ваўкоў, бо праз іх усе яе пакуты. Слухаючы дзяўчыну, ён задрыжаў увесь ад сваіх успамінаў і зноў ператварыўся ў ваўка.
Надарыўся яму выпадак падслухаць павучанні ксяндза. Той даводзіў сваім парафіянам, каб жылі ў згодзе, даравалі адзін аднаму крыўды, не думалі пра помсту, бо помста найболей супярэчыць рэлігіі і агідная Богу. Яна зневажае чалавечую годнасць да стану жывёлы, а дабрачыннасць і лагоднасць улагоджвае міласэрнасць Божую.
Марка вырашае служыць і дапамагаць людзям колькі змогі. І хаця гэта было няпроста, бо людзі баяліся яго, ён усё ж не раз дапамог ім, а аднойчы выратаваў ад ваўка хлопчыка сваёй былой каханай Алены і парадаваўся за яе шчасце і дабрабыт.
Пасля гэтага «прыемнае пачуццё і ціхамірнасць» ахінулі яго. Ён лёг і заснуў у салодкіх мроях. Дзіўны сон прысніўся Марку: Ганка прасіла не зрываць кветак на яе магіле. Дужаючыся са смерцю, Марка прачнуўся чалавекам. І вопратка тая ж самая, што надзеў калісьці, ідучы на Аленіна вяселле. Падняўся з долу з невыказанаю радасцю і дзякаваў Богу за яго міласэрнасць.