Віктар Карамазаў — Галуба

Віктар Карамазаў

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 – Як жа вас зваць?
 – А так і заві – Галуба.
 – Гэта вёска Галуба.
 – I вёска Галуба, і я Галуба.
 – Як гэта?..
 Яна сядзіць побач са мною на печы, звесіўшы босыя ногі на гарачую, звечара напаленую ляжанку і смяецца, як маладая, бо ёй дзіўна, чаму я не разумею тое, што разумее ўся вёска.
 – Ну, каб ведаў, я табе, чалавек – два вухі, скажу, адкуль Галуба ўзялася. У нас раней як людзі сяліліся? Пачуюць птушку вясновую, спанравіцца яе песенька – гняздзечка шукаюць. Барані божа парушыць, вока на яечкі пакласці, паквапіцца на жаўтадзюбіка. Але калі гняздзечка ёсць, птушачка жыве, песенька яе спанравілася – ладзілі хатку. Тут, дзе вёска, першую хату чалавек паставіў побач з гняздом ляснога голуба. Птушка гэтакая: вуркоча, як маці над малым, гладзенькая, блішчыць, на ладным валляку дробная галоўка, а хвост шырокі, сіні, з белай тасёмачкай. Яшчэ горлінкаю завуць.
 – Клінтух? Голуб-клінтух?
 – У нас кажуць голуб, галуба, гарлянка, горлінка.
 – Але я не пра вёску. Чаму вы – Галуба?
 – Чаму-чаму, усё хочаш ведаць. Давай вячэраць. Ёсць бульба, салёны гурочак…
 Старая злезла з печы, падкруціла на стале ў лямпе кнот, заляскатала ў печы віламі – шукала чыгун з бульбаю.
 Як жа я іх. Галубу-вёску і Галубу-старую, адшукаў сярод палёў, лясоў, далёка ад бальшака, на ўзгорку за рэчкай Пятляначкай, на сцежках-дарожках, якія бегаюць з месца на месца ўвесь год – у сяўбу, сенакос, жніво. Дзіўлюся сам – як?
 Вечар быў імглісты, снег ляжаў неглыбокі, маразы не паспелі загнаць пад лёд хуткія рэчачкі. Я ехаў аўтобусам у знаёмы калгас і думаў: чаму багатаму сам чорт дзяцей калыша? Усе да яго едуць, яго славяць, наш брат-журналіст пра яго цяпер толькі і піша, беднаму хіба мімаходзь пстрычку дасць па носе, вожыка падкладзе – хай чухаецца. Быццам дзе багацце, там і сумленне, і праца шчырая, і любоў непадманная да жыцця, зямлі-матухны. I так я развярэдзіў душу думкамі, што выйшаў з аўтобуса раней, як трэба, там, дзе чорт дзяцей ніколі не калыхаў, дзе вёскі раскіданы між палёў і лясоў на пясочку. Ішоў-ішоў – сцямнела. Дарога, уезджаная саньмі, скончылася, я не адразу заўважыў, што іду цаліком, а заўважыў – спыніўся: куды ісці далей? Выйшаў да бярэзніку. – могілкі. Я ад іх – полем скаціўся ў лагчыну да хмызнякоў, а там рэчка і ніякага мосціка. За рэчкай, на ўзгорку, ледзь відаць кволы агеньчык, быццам хто свечку запаліў, даланёю затуліў ад ветру – як праз далонь свеціць. I назад не павернеш – агеньчык блізка, і ўперад не пойдзеш – рэчка вузкая, ды не пераскочыш, ног не хопіць. Прабегся паўз яе ў адзін бок, прабегся ў другі – ні моста, ні кладкі. Лазіну выламаў, у ваду тарчма сунуў: не глыбака, па костачкі, але ж зімою ў ваду не палезеш. Думаю: трэба мігам скочыць з берага і мігам выскачыць на той бераг, каб вада не паспела хлынуць у чаравікі, як у дзяцінстве – ускочыш, выскачыш, і ногі сухія. Але ўскочыў дык ускочыў – па калені. Выскачыў, праўда, на тым беразе, дзе агеньчык, і даў лататы. Добра, што хата з агеньчыкам была не на запорах – як смаргануў за клямку, дык і апынуўся ў цяпле. Адразу чаравікі з ног, шапку і куртку вобзем – сам да печы. А там – старая: усміхаецца круглым добрым тварам, як радая, што вось і я на печы з ёю.
 Пасля, пазнаёміўшыся, сядзелі за сталом, вячэралі. Зноў, як на печы, я спытаў, адкуль у яе такое імя – Галуба. Думаў, што цяпер ужо адкрыецца. Ат – не.
 – Я ж сказала, што гэтак мяне чалавек назваў.
 – А што за чалавек?..
 Нядаўна я зноў заглянуў да Галубы, у самыя веснавыя работы, калі яна гной з хлява выкідала, каня бегала-шукала, бульбу ля хаты садзіла, грады капала і засявала, плот гарадзіла. Калі людзі працуюць, як стаяць, склаўшы рукі? Пасобіў выкінуць гной, паставіць плот, а потым, вячэраючы, завёў ранейшую размову. I вось, як адчуўшы, што за шчырасць трэба плаціць шчырасцю, старая пачала адкрываць таямніцы свайго жыцця:
 – Выгнала, помню, карову на пашу за рэчкаю. Пусціла, сама падышла да Пятлянкі, вады прыгаршчамі чарпанула, каб напіцца, і ледзь не самлела: чалавек ляжыць – ногі ў вадзе, у ботах, а грудзі і галава пад кустом. Адскочыла, чую – стогне.
 Я зноў да яго: салдацік, наш. Выцягнула на траву, бачу – плячо і грудзі ў крыві, худзюшчы. Што рабіць беднай бабе? Бегчы ў вёску? А як дойдзе да Клуні? Быў у нас паліцай з сусёдняй вёскі, з Цітаўкі, адзін на дзве вёскі. У Галубе паліцая за ўсю вайну не знайшлося ніводнага. Схавала сваю знаходку зноў пад куст, галлём прыкінула: ляжы, пакуль сцямнее. А як сцямнела – прыйшла з бутэлькаю малака, з бульбаю цёпленькай. Накарміла, напаіла, падняла, дала ў адну руку кол, каб абапіраўся, памагаў мне, павалакліся. Добра, што хатка мая ад рэчкі першая. Не гэтая, што цяпер, гэтую ўжо з Сямёнам ставілі, а быў хляўчук з адным акенцам. З Грышам як пажаніліся, печ у хлеўчуку склалі, акенца прабілі – і жылі.
 – А хто гэта – Грыша?
 – Мужык мой.
 – А Сямён?
 – I Сямён мой, чалавек як чалавек – два вухі.
 – Дык як жа гэта?..
 – Ат, маўчы ды слухай, як было з Іванам Колышкіным. Прывалакла, значыць, а куды схаваць? Ночку мыла, зеллем паіла, карміла, у Грышава ўсё апранула, на дзень пад печ схавала.
 – Хто ж ён такі быў. Колышкін?
 – Акружэнец. Іх тады, на пачатку вайны, столькі было па нашых лясах!
 – Ну а… Галуба?
 – Слухай ты!.. Па начах трызніў, пытаўся, дзе ён. Кажу: у Галубе, у вёсцы. Паляжыць-паляжыць – зноў: дзе я? Злую: ды ў Галубе! А неяк – ужо развідняла – выбраўся з-пад печы, стаіць пасярод хаты. Я на печы, прыкінулася, што сплю, а сама ўсё бачу. Стаіць, азіраецца, а потым на ўсю хату: дзе ты. Галуба? З-за коміна высунулася – ён да мяне: рукі паклаў на печ, цягнецца, а я смяюся. Думае, што я яму як хлопцу радая, жартую, а мне радасна, што ён ужо рукі можа падняць, абаперціся, сіла ёсць. Залез на печ, сеў побач, мяне абхапіў, цалуе, шэпча: Галуба мая. Галуба! Ды якая я табе Галуба, пытаюся. Галуба – вёска, а я баба, не вёска, і завуць мяне Марыляю. А ён сваё: ты Галуба! I не патрэбны, кажу, ты мне, у мяне Грыша. Пытаецца: хто ён. Грыша, дзе ён? У зямліцы, кажу, муж мой. Адзін дзень гулялі вяселле, на другі яго забралі на фінскую, у саракавым. Грыша твой, кажа, мяне не асудзіць, адзін у нас з ім хлеб і лёс. Грыша не асудзіць, кажу, гэта праўда, бо я за яго выйшла з жаласці, што быў дужа непрыгожы з твару, іншая за яго не ішла. I ні з кім да гэтага часу не жыла, ён адзін быў у мяне. Як прачнуўшыся ад доўгага сну, абхапіла я Івана Колышкіна, так абхапіла і цалавала, што ўся аблілася слязьмі. Адчула: ён мой, сваім страхам яго заваявала. Дурное дзела, кажуць, не хітрае, а якое яно дурное, калі ад душы? Назаўтра дзверы – хлясь! Дурная баба – вечна дзверы не зачыняю, ні днём ні ноччу. А раптам – Клуня? Ён да мяне ў ласку даўно ўбіваўся, як Грыша пайшоў на фінскую. Не, тут Ціхан, сусед: дзе твой хлопец? Які? – пытаюся. Не дуры, кажа, у мяне таксама гэтакі ў хляве, майго Петраком зваць. Тады – з печы: вядзі, дзед, Петрака, такога ведаю. А як сцямнела, сышліся ў маёй хаце, і яшчэ трэці, у Лізкі Масалыгавай хаваўся. Святла не запальваючы, на стол сабрала, павячэралі. Іван і кажа: ну вось, Галуба, прыйшоў час нам развітацца. Я аж падскочыла: ці тут, кажу, нельга жыць? Нельга, бо мы салдаты. Вывела я іх да чыгункі, развіталіся. Не плач, Галуба, сказаў мне тады Іван Колышкін, як вайна скончыцца ды жывы буду, я цябе знайду, у шоўк апрану, на руках насіць буду перад усім светам.
 – Загінуў, значыць?
 – Калі б жывы быў – вярнуўся б. Гэта я ведаю.
 – Ну а той, Сямён?
 – Сямён пазнейшы. Яшчэ да Сямёна жыла з Клунем.
 – З паліцаем? Як гэта?
 – А так. Аднойчы ноччу ўваліўся цераз парог чалавек і ляжыць. Я за яго, адагрэла.
 – Таксама акружэнец?
 – Сяргей, маладзенькі-маладзенькі. З лагера ўцёк. У Крычаве, дзе завод цэментны, быў лагер ваеннапалонных. Ноч, значыць, на печы адхайвала, а раніцай Клуня ўвальваецца. Сеў на парозе, уставіўся на лахманы, якія я з хлапца садрала, на падлозе ля печы кінула. Клуня змікіціў.
 Дзверы адчыніліся, у хату ўвайшла старая. Аберуч абапёршыся на кіёк, глядзела на нас, як не пазнаючы.
 – Праходзь, Матрона, садзіся.
 Тая села, развязала хустку:
 – Я ненадоўга. Прыйшла спытаць, калі ты, Галуба, каня прывядзеш з фермы? Сеяць трэба. Зямля сохне.
 – Яшчэ ж ніхто не сеяў?
 – Вось і трэба ўсім адразу. Мяне людзі паслалі. У цябе тут госць, усім ісці няёмка, мяне адну выправадзілі. Ляксею трэба галлё з лесу прывезці, палкі дроў няма. Фрося хоча на пошту пасылку брату адвезці. У краму трэба ўсім. Хлеба, цукру, солі купіць. У цябе ногі маладыя, ты каня прывядзі.
 – А хто за плуг стане? Я тыя гады ўсім арала-сеяла, а сёлета не пасілю. Рукі баляць.
 – Маладзейшых за цябе ў нас няма.
 – Якая ж я маладая? Сёмы дзясятак. За ўсю вёску рабіць ды думаць ужо не магу. Але… тут я, Матрона, расказваю, як Сярожу хавала. Клуня тады ўваліўся, хацеў хлопца з печы сцягнуць, у паліцыю везці, а я не дала. Кажу Клуню: калі не выдасі – буду з табою жыць. I жыла. I ён не выдаў нікога. На што не ішла, каб чалавека выратаваць! А як вы, людзі, пасля майго Ванечку неўзлюбілі?
 – Якога? – пытаюся. – Колышкіна?
 – Сыночак у мяне нарадзіўся. Пачалі хлопчыка паліцаем зваць. I бабы, і дзеці. Сабрала я тады баб і пытаюся: што вам Галуба зрабіла кепскае? Што як магла ўсіх сваім плячом падпірала, праз Клуню ратавала ад смерці? За гэта вы мне сплачваеце? А ці ён, дзіцятачка, вінаваты?
 – Не ўспамінай, – апусціўшы вочы, як ад сораму за вёску, папрасіла Матрона. – Скажы лепш, як напаіла Клуню.
 – Помніш? Ды я ж у цябе самагонку брала. Прыехаў, значыцца, сеў есці. Гляджу: кроў на кіцелі. Пытаюся: дзе гэта ты? А гэтак, кажа ён, і з вамі будзе. З кім? А з Ціханам, кажа, з табою, што хаваеце ворагаў Германіі, сёння гэтакіх у Цітаўцы да сценкі ставілі. Не, кажу, табе, Клуня, трэба лячыцца. А палячы, кажа. Я хустку на галаву і да людзей: у каго самагонка? Прынесла ад цябе, Матрона, чвэрць цэлую, шклянку набухала: на, лячыся. Выпіў, рагоча. Яшчэ набухала. А чаму, пытаецца, сама не бярэш? А я, кажу, заўтра на тваіх хаўтурах вып’ю. Рагочучы, перакуліў другую і трэцюю. А як набраўся: падымайся, гультаіна, трэба дровы прывезці з лесу, якіх я там за цябе насекла. Шапку яму на галаву, вывела, у сані ўкінула, сама за вожкі і да лесу. Каня разагнала, а тут паваротак – яшчэ каню пугі. Ён як крутануў, дык мы з Клунем – у снег. А зіма была завейная, лютая, не як цяперашнія зімы. У снег зарыліся, ляжым. Клуня і павярнуцца не можа. Я шапку ў яго з галавы – і на морду. I задушыла сабаку. Назаўтра – поўная хата паліцаяў: дзе Клуня? Кажу: учора некуды нанач паехаў. Знайшлі ў лесе, каня злавілі, а мае сляды мяцеліца за ночку ўсе чыста пахавала.
 – Тады і недапітую чвэрць знайшлі.
 – А я ўсё прадумала. Паглядзелі, што чвэрць у возе, пад сенам, сам смярдзіць самагонкаю – на яе і спісалі.
 – Хітрая ты, Галуба.
 – Будзеш хітраю з вамі.
 Суседка падалася дахаты, а мы сядзелі, даядалі бульбу. Галуба і яшчэ ўспомніла – як брыгадзірыла:
 – Вайна, значыць, скончылася, сход сабраўся. Кажу: выбірайце мужчыну, іх у нас, праўда, адзін-два, але можна выбраць. А ўсе як падняліся: не, Галуба, брыгадзірам ты будзеш, адна ў нас над усімі, і над мужыкамі. А гэта ж і праўда. Ці мяне які мужчына калі знайшоў, каб памагчы, з бяды выцягнуць? Усіх я знаходзіла, з бяды цягнула. Хворых, калек падбірала. Ад жаласці.
 – Ну а Сямён?
 – Яго пасля вайны на вакзале знайшла, як Ваню вазіла ў Мугулёў на рэнтген. Малы, а хварэў цяжка, на лёгкія. А што Сямён быў? Без ног.
 Уся затрэслася, быццам сіл не хапіла ўспамінаць, варочаць той камень. Я маўчаў. Такое было адчуванне, што няма ў мяне права нават каб словам суцешыць. Быццам той камень, які каціла па жыцці Галуба, прыдушыў і мяне.
 Пазней, калі яна, кладучыся спаць, фукнула ў шкло лямпы, пагасіла святло, я спытаў:
 – Чаму ў вашай вёсцы ні святла, ні крамы, ні каня?
 – А мы тут, як сказаў старшыня, неперспектыўныя. I вёска неперспектыўная, і бабы неперспектыўныя, і Ляксей, адзіны мужык, неперспектыўны. Дзве каровы – і тыя ялаўкі. Сабакі звяліся – няма каго вартаваць. Вось я, якая з мяне перспектыва?..
 Тую ноч я доўга не мог заснуць. Устаў, выйшаў з хаты, сеў на калоду, закурыў. Ніколі не курыў, а тут намацаў у кішэні пачак – частаваў іншых – і прысмаліў. Першы раз у жыцці адчуў радасць ад цыгаркі. Цішыня. Нідзе ані галасочку: ні чалавечага, ні сабачага. Быццам і вёскі няма, і жыцця няма. А я ўяўляў, як недзе блізка едзе чалавек, чужы, полем ці паўз лес, бакавой дарогаю, едзе і бачыць мой агеньчык. Так бы не ведаў, што тут жывуць людзі, а мой агеньчык яму падкажа: жывуць – і вёска, і людзі. Жывуць.
 Як позна лёг – позна прачнуўся, ужо сонейка добра ўстала.
 Адразу паклікаў:
 – Галуба?
 Ніхто не адгукнуўся.
 Апрануўся і выйшаў з хаты. Галуба ўжо хадзіла за плугам, а дзве старыя ішлі з кошыкамі следам, кідалі ў разоры бульбу. Убачыўшы мяне, Галуба нават не прыпынілася, бо засталося два разы абысці агарод. Абышла – тады і каня распрэгла.
 – А чаму мяне не пабудзілі? Я ж таксама – чалавек як чалавек, два вухі. I рукі ёсць.
 На цэнтральную сядзібу мы ехалі ўдваіх. Я – на аўтобус, яна – на пошту, у краму па хлеб, цукар, соль, запалкі.
 Пятлянку пераехалі ўброд. Рэчка ўся бялюткая ад калакалушы. Над цёплай ціхай вадою таўклася камарэча. Выехалі на поле.
 Палетак быў скрозь засеяны збажыною, старая наезджаная дарога дбайна завораная і таксама засеяная. Мы пакіравалі межамі, паўз поле.
 На ўзгорку, пасярод поля, стаяла вялізная груша, уся ў квецені, аж голля не відаць. Галуба спыніла каня.
 – Глядзі ты на яе, разнявесцілася, – заўсміхалася.
 – Дзічка? – спытаў я.
 – Ды не. Вінёвачка. Грышава. Садзіў яшчэ хлапчуком.
 – Які Грыша?
 –Ды мой. Тут стаяла бацькава хата. Тут вёска была, Цітаўка. I Клуня з гэтае вёскі. Нічога не засталося, адна грушка Грышава. А гадоў праз пяць гэтак і з нашай Галубаю будзе. Павымруць старыя, хаты пазносяць, палетак зааруць, засеюць, адна нейчая грушка ці яблынька застанецца.
 – А Ваня? Дзе ваш Ваня? – спытаў я. Старая падумала-падумала і сморгнула вожкамі:
 – Но-о-о, два вухі!..
 Да калгаснага цэнтра ехалі моўчкі. Мая спадарожніца гаварыць ужо не хацела, а мне няёмка было распытваць. Але калі пад’ехалі да аўтобуснага прыпынку і я злез з воза, наважыўся развітацца, яна загаварыла:
 – Ванечка ваенны, жанаты, служыць на Урале. Мяне да сябе кліча, а я не магу ехаць – бабы не пускаюць. Кажуць: ты, Галуба, у нас самая маладая, дык павінна правесці ўсю вёску ў апошнюю дарогу, каб па-людску было. Адна застанешся – тады куды хочаш. А каб Ванечка сюды ехаў – баюся. Раптам ён тут ад каго дачуецца, хто яго бацька і што я з ім зрабіла?
 – А вы што яму пра бацьку кажаце?
 – Кажу, што яго бацька – Іван Колышкін, і назвала па бацьку Ванем, і ў пашпарце ён Колышкін, Іван Іванавіч. Усё як след зрабіла, людзі пасобілі, а цяпер?.. Што рабіць?..
 Галуба сядзела на возе і маўчала, чакала мае парады. Але маўчаў і я. Што параіць – не ведаў.

1981

Крыніца: Выбраныя творы / Віктар Карамазаў; прадм. А. Бараноўскага. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 576 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений