Віктар Карамазаў — Жанчына ў чорным і Афган

Віктар Карамазаў

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

 Ранічкай у нядзелю, калі яшчэ мала хто, прачнуўшыся, паказваецца ў двары нашага дома і пад вокнамі гуляе адно мятла сліваносага дворніка Варакі, за недалёкім часам гвардыі падпалкоўніка, будзіць настырна-дзяркатым шорганнем па асфальце, з пад’езда выходзіць Афган – чорны, з падсіненым бляскам, нібы экватарыяльная ноч, з нябеснай зорачкаю на лбе, чацвераногі жыхар першага, для пенсіянераў, паверха. Іншыя сабакі, розныя там балонкі ды спаніэлькі, аб’явяцца тут пазней, будуць вылятаць з пад’ездаў, быццам мячыкі, з незразумелай уранні злоснай брахлівасцю і сыта-здаволеным віскатам, кідацца, як ад смерці, у кусты, газоны, кветкі, і Варака ўскіпіць гневам да іх, мятлой замахнецца на каторага брахунчыка, шаргане пылам-смеццем пад хвост. Калі ж з пад’езда выходзіць Афган, ён кідае шоргаць мятлою, стаіць задумлівы, трымаючы дворніцкую зброю перад сабою, доўга глядзіць на сабаку, і твар яго робіцца бязвольны, у вачах пачынае блішчаць спагада ці нават пакута, што жывуць-варушацца, як сам кажа, пад вострай гарлавой косткаю.
 Афган доўга стаіць на адным месцы, усё роўна як баіцца саступіць з нізкага, на адну прыступку, ганка. Яго сваякі, выскачыўшы на волю, точаць насы ў кожную дзірку і шчыліну, абнюхваюць кожны каменьчык, кожны драбок зямлі, кожную травінку. Афган – іншы. Ён стаіць з годна ўзнятай галавой на высокіх калматых нагах, стройных і моцных, малады і не па ўзросце задумліва-самотны, нават убок не зірне, усё роўна як нішто яму не цікава, нішто не хвалюе. Чорным аксамітавым носам п’е ранішняе паветра, а вочы глядзяць далёка-высока, вышэй за наступныя, што насупраць, дамы – у замглёнае неба. Яно, неба, прываблівае мацней, як зямля, і ўсё, што на зямлі, навокал, хоць і здаецца пустое.
 Абапёршыся грудзьмі на мятлу, дворнік уважліва сочыць за Афганам. Яго хвалюе ў сабаку таямніца, якую ён, стары чалавек, адчувае, а зразумець не можа. Не першы раз углядаецца ў Афгана, у яго не па-нашаму асэнсавана-вытанчаную постаць, а таямніца не адчыняецца. Ён ловіць сабачыя вочы, ведаючы, што праз вочы да свету звяртаецца жывая душа, і ўсё, што ў ёй, добрае і злое, выходзіць на свет праз іх, але вялікія чорныя вочы Афгана хаваюцца пад змрочна густымі брывамі.
 Следам за Афганам на ганачак выходзіць жанчына. Яна яшчэ, можа, маладая, з твару прывабная, постаццю стройная, але яе стараць маўклівасць і вопратка. Жанчына ў чорным доўгім плашчы і ў чорнай шапачцы, на шыі – чорны, з сярэбранай нітачкай шалік, а як захаладае, тады замест плашча на ёй лёгкае паліцечка, на галаве цяплейшая шапачка ці хустка, ды і тыя паліцечка, шапачка, хустка таксама чорныя. Яе старыць чорны колер. Хоць і не толькі старыць. Калі яна праходзіць міма, Варака адступае ўбок з дарогі. I тады ўсё яго нутро ледзянее. Аднойчы, першы раз адчуўшы гэтую сваю слабіну, адчуў і прыкрасць: чаму ён, ветэран найцяжэйшай вайны, губляецца перад жанчынай? Але заўважыў, што іншыя жыхары дома перад ёй таксама спыняюцца і замаўкаюць. Нават дзеці, яе ўбачыўшы, перастаюць скакаць, робяцца ціхія, слухмяныя.
 На ганку жанчына нейкую хвіліну стаіць побач з Афганам, глядзіць, як і сабака, у неба, потым схіляецца над ім, чапляе на карабінчык раменны павадок да ашыйніка, і яны разам ідуць міма дома, пад яго вокнамі і балконамі. Ідуць нетаропка, маўкліва, быццам з адной думкаю на дваіх, баючыся яе згубіць.
 Яны, сабака і жанчына – не пабаімся паставіць іх побач і ў нашым аднолькава спагадлівым да абаіх радку, – падобныя і бездакорна чорным колерам сваіх вопратак, і настроем, і нечым яшчэ – большым.
 Там, дзе дом канчаецца, яны спускаюцца па бетонных сходках, і Варака з мятлою ў руцэ крочыць следам за імі. Ён даходзіць да сходак і бачыць, як жанчына і сабака, сышоўшы з гары, стаяць на тратуары, як яна пазірае налева, направа – ці не бягуць машыны? Калі машын няма ні з аднаго боку, ні з другога, яны пераходзяць праспект, і нават цераз праспект ідуць тым самым разважліва-замаруджаным крокам, хоць там, дзе машынам дарога ў два бакі, разумней было б паспяшацца.
 Далей парк і возера, узгоркі і лагчынкі. За узгоркам хаваецца спачатку Афган, а неўзабаве хаваецца жанчына ў чорным.
 Варака стаіць на гары каля дома, глядзіць у той бок – ужо не на Афгана, не на жанчыну. Іх ён цяпер не бачыць. Глядзіць на парк, на возера, якое блішчыць за старымі таполямі. Ёсць і ў яго думкі, ёсць настрой душы, якая пакутуе пад гарлавой косткаю. Пастаяўшы, вяртаецца на ранейшае месца, якое мёў, пакуль не згледзеў Афгана, і зноў пачынае шоргаць мятлою па шурпатым асфальце, быццам нічога не здарылася. Але пад гарлавой косткаю ў Варакі варушыцца камяк горычы, і, кінуўшы мятлу, ён нервова крочыць у клятух да кантэйнера, загружае жалезнае чэрава смеццем з дванаццаціпавярховай трубы, выкатвае на двор, зноў хапаецца за мятлу, бяжыць да бачкоў з харчовымі агрызкамі, вяртаецца да кантэйнера – збіўся гвардзеец з ладу.
 Тым часам Афган і жанчына ў чорным мінаюць возера і завулкам падымаюцца да Старавіленскага рынку.
 Гэтай сцежкі Варака не бачыць.
 Перайшоўшы брук, пакрамсаны трамвайнымі рэйкамі, Афган і жанчына ў чорным уваходзяць праз белую браму ў закутак, дзе горад як бы знікае, дзе яго мала што нагадвае і нават трамвайная трэль за белай рыначнай брамай падсвядома ўспрымаецца як званочак з неба, з-пад сонца, з вышыні, на якой жывуць жаваранкі.
 Тут ганарыста-свядомая думка ці не ўзрадуецца магчымасці грэбліва пасмяяцца з пачуцця падсвядомага? Але ці не сама яна, свядомасць, пачынаецца з падсвядомасці? Як бы там, урэшце, ні сталася з гэтым антаганізмам, сюды, на рынак, часцей за ўсё прыходзяць з пэўным гукам у душы, з яе таемным памкненнем, бо тут, у палоне жалезна-каменнага меха, усім надзіва і радасць дыхае першароднасць зямлі. Сюды прыходзіць той, у каго вайна са сваім д’яблам, бо тут, можа, як нідзе яшчэ, піруе дзень зваротнай вечнасці і хоць нейкай надзеі. Усё гэта – у памяці пра Конскі базар і яго цыганскую кроў, у калейдаскапічна-шматфарбным святле жывёльнага свету, у парасячым рохканні, конскім іржанні, пісклявым кукарэканні маладога пеўніка, у нечуваным для горада хоры, дзе саліруюць яшчэ і каровы, і каты, дзе адно сабачае племя можа выставіць унікальную па дыяпазоне галасоў капэлу. А які б кірмаш узняўся-раскінуўся над усім гэтым хорам, калі б раптам зніклі птушыныя клеткі і птушкі ўскінулі ўгару свае галубіныя, канарэечныя, канаплянчыныя, сівагракавыя і ўсе астатнія разнапёра-размаітыя хвасты ды крылы? Тут, толькі тут, ва ўсякім выпадку тут куды хутчэй, як дзе яшчэ, можна забыцца, што свет ганебна падзелены, пашкуматаны на загоны і шматкі, што ён дваісты, жыве ў разладзе, варожасці. Хоць параненае, збалелае сэрца ўсё гэта адчувае і тут.
 Афган і жанчына ў чорным нейкі час губляюцца ў людскім стоўпішчы ля белае брамы, але не затрымліваюцца, з яго душнаты выбіраюцца на сонечную прагаліну, дзе красавіцкае сонца чэпка грэе зямлю і яна, засеяная саламянай ды сянной пацярухай з вазоў ды кузавоў, пахне прарошчанай у цеплыні ніваю, бражкаю і потнай аўчынкаю. Афган і жанчына спыняюцца, падставіўшы твары сонечным промням, усё роўна як знайшлі сваё месца. Але іх месца не тут. Ёсць на рынку падплоцце, дзе збіраюцца сабачыя галасы і ўсе, каго цікавяць сабакі, дзе іх прадаюць і купляюць. Гэтае месца Афган і жанчына добра ведаюць. Пагрэўшыся на сонечнай ніўцы, яны ідуць далей да таго зялёнага плота – сабачае выставы.
 I не даходзяць – спыняе дзяціны голас:
 – Мама, глядзі… Які сабачка! Мама, давай купім?..
 Іншых сабак, акрамя Афгана, блізка не відаць, зялёны плот, дзе яны ўсе, далей, і значыць гэта ён, Афган, віноўца слёзнай дзяцінай радасці. Але ў мамы свае погляды на жыццё:
 – Яшчэ нам блох не хапала.
 – Я хачу сабачку!..
 Апошнія слоўкі малога тонуць у людскім натоўпе.
 Ля зялёнага плота ўжо няма дзе прытуліцца, хоць яшчэ рана, з рынку ніхто не спяшаецца, а сюды людзей і сабак усё прыбывае. Ды месца тое Афгану не трэба. Яшчэ ён і жанчына ў чорным не падышлі да плота, а ўжо іх абступілі купцы, проста аматары падзівіцца з сабакі, з яго калматай пыскі, спартыўна-падабранага экстэр’ера, бездакорна, без бруднай прымесі, чорнай акрасы, пацягнутай блакітнаватым дымком горных паўднёвых пейзажаў, а галоўнае – з яго незалежнасці, самавітасці ў галасіста-ўзварушаным страката-мітуслівым віры рынка.
 – Якая ж гэта парода? Адкуль фраер?
 – Афганскія харты ўжо не рэдкасць, інтэрнацыяналісты панавезлі сувенірчыкаў.
 – А я, напрыклад, першы раз бачу.
 – А вы, мадам, не эталон. Вы, можа, наогул першы раз бачыце кабяля? I што з таго?
 – А вы мяне, малады чалавек, не зневажайце.
 – Ці ёсць на сабаку пашпарт? Хто тут гаспадар? Чый сабака?
 – Які пашпарт? Не відаць па мордзе, што душман? Ціхім прыкідваецца, маўчыць, а дай яму ночку цёмную.
 – Ды аўтамат.
 Натоўп рагоча. Але камусьці рагатаць ахвоты няма.
 – Як вам не сорамна? Гэта ж сабака.
 – Ніхто не кажа, што слон. Ці, можа, душманаў не бачылі? Хоць сабе і ў тэлевізары. Калі бачылі, дык параўнайце. Дзе ў душмана вочы? Хаваюцца пад чорнымі калматымі брывамі. Не так? А ў гэтага – тое самае? Ці нос – які ў душмана і які ў гэтай істоты? Доўгі і прамы, як калун. Глядзіце і параўноўвайце. Жывот падгалы. Яго, па сутнасці, няма, адны вантробы, падшытыя да хрыбціны. А які галоўны колер душмана? Кожны скажа, што чорны. Ноч – яго стыхія…
 – Вы мастак, малады чалавек? Але вашы доўгія прамовы не надта прыстойныя і ў адносінах да сабакі, і ў адносінах да ўсіх нас. Акрамя вас, тут няма ворагаў гэтай мілай істоты. У вас проста злыя вочы і брудны язык.
 – Каб бачыць, да вачэй трэба тое-сёе яшчэ. Хоць бы памяць.
 – Ну, вы яшчэ малады, каб шмат памятаць.
 – Не кусайцеся, людзі. Хто прадае сабаку? Чый сабака?.. Хто прывёў сабаку?..
 – А ён жа на шворцы. У чыёй руцэ шворка?
 Усе глядзяць на павадок. Адзін яго канец на сабачым ашыйніку, другі знікае паміж мужчынам і дзяўчынай. Гэтыя двое расступаюцца, і тады ўсе бачаць, што павадок трымае перад сабой жанчына ў чорным плашчы, у чорнай шапачцы, з чорным на шыі шалікам. Яна стаіць нібы скамянелая, глядзіць далёка праз натоўп, быццам тут, побач, нікога не бачыць і не чуе.
 – Гражданачка? Афганскі хорт ваш?..
 Яна ўздрыгвае, нібы прачнуўшыся, кідае спалоханы позірк на сабаку і, быццам цяпер здагадаўшыся, дзе яна і хто побач з ёю, губляецца яшчэ мацней:
 – Афган?.. Так-так. Мой Афган.
 – Вы яго прадаяце?
 – Ну як жа! Прадаю, вядома.
 – Ваша цана?
 – Ах, цана?.. Ну, вы самі бачыце. Якая можа быць цана гэтакаму сабачку? Не які-небудзь падваротнік. Вы… пыталіся пашпарт? – жанчына згадвае нейчы голас, цьмяна заселы ў памяці. – Ёсць і пашпарт. Дзіця міжнародных лаўрэатаў. Кроў выдатная. А пашпарт дома. Калі хто купіць сабаку, той атрымае пашпарт. I ашыйнік. I павадок. I дыванок аддам, на якім Афган спіць. Усё аддам. Нічога сабе не пакіну. Мне нічога не трэба.
 Як стаміўшыся ад гэтай сумятлівай размовы, жанчына чырванее, пад шапачкай на лбе з’яўляюцца дробныя расінкі поту, які, можа, ніхто не заўважае пад чорным аксамітавым брыльком. Белай шаўковай насоўкай яна выцірае павільгатнелы лоб, заплюшчваючы вочы, як бы зноўку на ўсё забываючыся.
 – Яна трохі не-э, таго. Разумееце?..
 I нават калі б мужчына, што гэтак сказаў, не хіхікнуў у кулак, яна, пачуўшы, зразумела б яго як след, бо чула гэта неаднойчы. Расплюшчыўшы вочы, на яго нават не глянула.
 – Дык усё ж? Колькі вы хочаце за сабаку?
 Пытанне да яе, на яго трэба штосьці адказаць, і яна ледзь чутна вымаўляе, усё роўна як абы адмахнуцца:
 – Ну… пяць?.. Пяць… дзесяць?..
 Натоўп маўчыць, а яна думае: не вераць? Назвала малую цану? Ці надта вялікую? А колькі прасіла ў мінулую нядзелю? Кожны раз называла розную цану, пра грошы не думаючы, абы сказаць, і таму не памятала, колькі прасіла раней.
 – Дык я забіраю Афгана.
 Ад рашучага мужчынскага голасу яна губляецца, быццам яго, гэтага голасу, больш за ўсё баялася. Што адказаць? Што рабіць? Яна прысядае, абедзвюма рукамі абдымае сабаку, туліць да сябе, насовачкай выцірае лапы, грэючы іх, кожную, у далонях, чуючы, як яны замерзлі ад мокрага і халоднага ранішняга асфальту. Побач прысела дзяўчынка, цягнецца да Афгана ручкамі, каб пагладзіць ці хоць дакрануцца да яго кучаравага бляску. Яе тварык ззяе, нібы сонейка. Але над ёю стаіць мама, падобная ледзь не на ўсіх строгіх мам:
 – Вось ён табе зараз зубы пакажа. Прыкідваецца ціхім, а ты, дурніца, яму верыш. Злосны нябось, як той душман.
 – Шчыпец – ого! Мёртвая хватка.
 Дзяўчынка не хоча пагадзіцца ні з мамай, ні з яе суседам:
 – Ён хатні.
 – Ты праўду кажаш, дзяўчынка, – падтрымлівае яе жанчына ў чорным. – Афган любіць ласку. Ты яго не бойся. Ну, пагладзь. Ён, бачыш, глядзіць на цябе.
 Малая гладзіць сабаку па лобіку, пальчыкам кратае белую зорачку і чорны нос. Афган задзірае галаву ўгару, і чорная блішчастая пасмачка спаўзае з вялізнага цёмнага вока.
 Дзяўчынка ў захапленні:
 – Бачыш, мама! Якое вока!..
 Людзі, што стаяць за спіною жанчыны ў чорным, злева і справа ад яе і Афгана, прысядаюць, падсоўваюцца да дзяўчынкі, каб з яе месца, яе вачыма зазірнуць у сабачыя вочы. Яны амаль чорныя, як тая пасма, але яшчэ і сінія, цёмна-сінія, гэтакія цёмныя і сінія, што сінька ў іх ажно пераліваецца, як пераліваецца ў начной крыніцы густая, пад начным небам, вада. Глыбіня чароўная і жахлівая, ледзь-ледзь барвяная, падагрэтая водбліскамі нейкіх далёкіх пажараў, якую кожны чалавек можа зразумець па-свойму, па-рознаму.
 Афган суе нос у руку дзяўчынцы, ліжа цёплым языком, але паміж дзяўчынкай і яе мамаю наперад прасоўваецца мужчына ў зліняла-абшарпанай шэра-зялёнай куртцы рыбака ці паляўнічага, з малой злінялай кепачкай на круглай і дробнай, што гарбузок, галаве, з раменнымі шлейкамі ад плеч пад рукі, на якіх за спіною вісіць рукзак. Над галавой з рукзака тырчыць нешта ў чорным чахле, можа, стрэльба. Ён працягвае да жанчыны руку з грашыма і звонкім, нібы метал, голасам, жадаючы хутчэй падвесці рысу пад размовай вакол сабакі, кажа:
 – Тут пяцьдзясят, гражданачка.
 Жанчына падымаецца з Афганам на руках, пераводзіць позірк на мужчыну, на шырокую, нібы капыт, руку з грашыма, нетаропка, як штосьці прыгадваючы, аглядае ўсяго, усю яго вопратку і тое ражно, што тырчыць з-за спіны, зачахлёнае, затрымлівае позірк на кепачцы, на прыжмураных пад казырком вачах – ён глядзіць усё роўна як праз прыцэл стрэльбы, – і ў твары яе штосьці мяняецца. Яна сцінаецца ў сваім чорным плашчыку, мацней туліць да сябе сабаку, і на твары, як раней, з’яўляюцца расінкі поту. Сабаку яна трымае як баючыся, каб яго ў яе не вырвалі з рук.
 Але мужчына глядзіць на Афгана як на свайго:
 – Дык я забіраю. Вось пяцьдзясят. Усе, якія вы просіце за харта.
 – Якія пяцьдзясят? Ды вы што? Як вы можаце такое казаць?..
 Натоўп нямее, не варушыцца.
 – Ну, пяцьдзясят. Людзі – сведкі.
 – Вы што мне кажаце?.. Ды вы, вы.
 Яна выглядае абуранай і абурэнне не хавае, але купец абураны таксама і не маўчыць:
 – Вы ж сказалі, што пяцьдзясят? Ці перадумалі?
 Ён глядзіць на яе так, быццам патрабуе сваё. Як спыніць гэтую нахабнасць?
 – Пяць-сот!..
 – Што-о?.. – Рот у мужчыны не зачыняецца. – Вы чулі? – Пытае ён у натоўпу. – Га?.. Як за карову?..
 Натоўп заварушыўся, загаманіў, але жанчына нікога ўжо не чуе.
 – За карову? – перапытвае, як штосьці не разумее. – Чаму як за карову?.. А вы. Каня купіце. Быка купіце.
 Натоўп у яе вачах плыве, гайдаецца, у ім патанае твар таго купца. Было шмат твараў – няма іх. Пакарабачаныя абрысы, насы, вочы, раты, вушы – усё некуды плыве. І словы чуваць чыесьці, усе – плывуць, сплываюць, незразумелыя, плыве незразумелы рогат. Яна трымае ў руках Афгана, моцна прыціскае да грудзей і адступае ад натоўпу, але за спіною ў яе таксама людзі, спіной іх чуе, чуе, як некаму стала на нагу, хітнулася ўбок, потым у другі, прабегла крокі тры – і там людскія спіны: не пускаюць. Куды ад іх? Усе раптам перад ёю расступіліся – яшчэ прабегла з Афганам на руках. Убачыла машыну, другую, трэцюю – прамчалі перад ёю. Была тут вуліца? Стаяла брама белая. Пачуўшы ў сэрцы знаёмае вострае шыльца, як калянула, спынілася ля брамы, рукамі ўчапілася ў жалезныя пранты. Пачула, як вываліўся з рук Афган. Голас пачула побач, мужчынскі. Аж здрыганулася. Падалося, што голас таго купца. Але, нехта абняў за плечы, спытаў ласкава:
 – Гэта вы?..
 Нервова павярнулася на голас:
 – Алежак?.. Божа мой!..
 Перад ёю стаяў прыгожы малады мужчына. Яна працягнула да яго рукі, паклала яму на грудзі галаву. Убачыўшы пад рукавом яе сукенкі насоўку, ён, трымаючы адной рукой за плечы, другой змахнуў насоўкай з твару слёзы. Не суцяшаў, бо ведаў яе бяду і ведаў, што суцешыць яе немагчыма, што ёй проста трэба выплакацца. Чакаў, калі сама супакоіцца.
 Ад рыначнай брамы яны пераходзяць вулічны брук, трамвайныя рэйкі і далей разам ідуць берагам возера. Ён трымае яе пад руку і на раменьчыку вядзе Афгана. Ён ні аб чым яе не распытвае, бо ведае яе жыццё і ведае, што словы яго ёй зараз не дапамогуць. Ды і яна маўчыць таксама. Даўкая горыч і боль у сэрцы не выліліся са слязьмі ля брамы, а гаварыць пра тое хлопцу яна не хоча, каб не псаваць настрою, тым больш, што ён усё сам ведае.
 Моўчкі даходзяць да дома, у якім яна жыве, да пад’езда, з якога раніцай выйшла з Афганам. Даўгаватым калідорчыкам праходзяць міма сініх паштовых скрынак да апошніх дзвярэй, і там, упоцемку, яна доўга поркаецца ў кішэнях плашча, пакуль не знаходзіць ключ ад кватэры.
 Ледзь адчыняе дзверы, як у глыбіні пакоя ляскаюць яшчэ адны дзверы. Штосьці аднекуль ляціць на падлогу. Яна скаланаецца, але адразу не бяжыць туды, дзе шугае вецер, нібы чакае, ці не зваліцца на падлогу штосьці яшчэ.
 Ён скідае з ног чаравікі і заходзіць у пакой. Дзверы на балкон адчыненыя, вецер ганяе лёгкі цюль ад акна, падымае пад столь. Хутчэй зачыніўшы дзверы, ён заўважае на падлозе пад сталом, на старым аблыселым дыванку, знаёмую вазу з белага фарфору, па якім блішчастым сінім глазурам невядомы мастак намаляваў прывабны вяночак з незабудак. Вазу яны. Алег і Сярожа, яе сын, куплялі на Камароўскім рынку, як заканчвалі школу, здаўшы апошні экзамен, падарылі Сярожавай маме, усё роўна як не яны, а яна школу заканчвала. Падхоплівае вазу з падлогі і радуецца, што цэлая, не пабілася. Ад хвалявання робіцца цёпла-горача. Яшчэ заўважае на дыванку мокрую пляму ад вады і рассыпаныя кветкі. Падбірае, але не ведае, што з імі рабіць. Ставіць зноў у вазу? Гэта даўно пасохлыя хрызантэмы, сухія былачкі. Іх пазнае таксама. Палова зімы і палова вясны мінулі, як ён тут быў пад Новы год, як ставіў кветкі ў вазу. З таго часу стаялі ў вадзе? Пасохлі, вядома, яшчэ зімою, і няўжо яна дагэтуль мяняла ваду ў вазе?
 Каля парога абуўся.
 – Ты ўжо ідзеш?..
 Яна выбегла да яго ў знаёмай цёмна-сіняй сукенцы з закрытым каўнерыкам, у мяккіх хатніх пантофліках, з нечаканай крыўдай на твары.
 – Я хутка вярнуся.
 Ён выскаквае за парог, і праз імгненне яна бачыць у акне, як ён, танклявы і доўгі, бяжыць ад пад’езда. Расхрыстаная сівенькая куртачка матляецца за спіною, быццам хоча зляцець з плячэй, а ногі нясуць, нібы на пажар, і яна, на яго гледзячы, думае пра сына, бо ёй здаецца, што гэта бяжыць яе Сярожа.
 Ён пазваніў не так хутка. Пачуўшы званок, яна кінулася адчыняць дзверы, і калі адчыніла – разгубілася: ён стаяў на парозе з вялізным букетам чырвоных ружаў.
 – Ды… ты што надумаў?
 – А вы доўга мяне чакалі?
 – Я хвалявалася. Куды збег?
 Цяпер яны разам ставяць ружы ў белую фарфоравую вазу, дзе з зімы стаялі пасохлыя хрызантэмы. Да вазы яна прысланяе партрэцік сына ў вузенькай, вішнёвага колеру, рамцы, што стаяў тут заўсёды, а як ваза скацілася на падлогу – ляжаў на краі стала. На стале перад вазай рассцілае белую льняную дарожку, і яны п’юць моцна завараны чай з гаркавым рабінавым варэннем, якое любіў яе сын. Паміж іх на канапе ляжыць Афган.
 Поўдзень. За акном шчыруе сонца, а тут, у пакоі, курчыцца прыцемак, бо акно глядзіць на поўнач і сонца сюды не заглядае ніколі.
 – Ты мне нічога не сказаў пра бабулю. Слабенькая?
 – Як вярнуўся з арміі, дык яна, кажа, забылася на свае хваробы. I не жаліцца.
 Ён жыў з бабуляй, якая даўно, яшчэ з трэцяга класа, была яму за маці, за бацьку. Бацька згарэў у гарэлцы, а маці праз паўгода выйшла за другога, і той другі не захацеў браць у сям’ю яе сына. Тады яна з мужам з’ехала ў Малдавію, на вінаграднікі, і да сына не прыязджала ні разу. Пачала пісаць лісты, як ужо сын вучыўся ў дзясятым класе, але аднойчы ён адказаў, каб не пісала, і яна замоўкла. З бацькам атрымалася амаль як у Сярожы. Яе муж таксама спіўся. Працуючы на чыгунцы, п’яны зачапіўся ноччу за рэйку і ляжаў на ёй, пакуль не дачакаўся сляпенькай начной дрызіны. Шмат агульнага было ў жыцці ў хлопцаў. Нават у армію пайшлі ў адзін дзень. Служылі разам, у адной часці. Вярнуцца павінны былі ў адзін дзень. Летась, па восені.
 – Тваёй бабулі цяпер нельга хварэць. Ёй за табою самае што пажыць. Ты яшчэ не ажаніўся?
 – Трэба інстытут закончыць.
 – Рабі ўсё, пакуль малады.
 Размова кружыць вакол яго, хоць ён не напрошваецца на ўвагу і таму шукае, як павярнуць размову ў іншы бок. Шмат пра што ахвота запытаць, але ўсё, што думае, здаецца, можа ці зноў давесці яе да слёз, ці пакрыўдзіць, бо ўсё, што думае. – пра сябра і яе жыццё без сына. Нарэшце не вытрымлівае:
 – Як вы жывяце?..
 Ажно зубы сцінае ад прыкрасці што пытанне такое лабавое: банальнае, што разумнейшага не прыдумаў. Яна маўчыць. Ён у адказ чакае яе іронію. Але жаночая рука дацягваецца да яго галавы, гладзіць упартыя жорсткія валасы.
 – Як мне жыць?.. Вось, з Афганам.
 Сагрэты пяшчотай, усё роўна як матчынай далонню, ён ці то дабрэе, ці то смялее і, нарэшце, пытаецца пра тое, што даўно і вельмі моцна хвалюе, аж бянтэжыць, што, пачуўшы ад сваіх аднакласнікаў, прывяло сёння на рынак, каб самому пераканацца – ці так гэта? Пытаецца:
 – Навошта прадаяце Афгана?
 Яе рука на галаве ў яго цяжэе. Ён глядзіць ёй у твар і палохаецца – твар белы. Што з ёю?
 Яна павольна ўстае з-за стала і шлёпае на кухню.
 Афган саскоквае з канапы і тупае следам за ёю.
 Госць устае з-за стала.
 На кухні яна стаіць ля акна, глядзіць у двор. Чуваць пах валяр’янкі.
 – Раскажы. Алежак, як усё было? – пытаецца, пачуўшы яго за спіною.
 – Я ж вам ужо казаў.
 – А ты яшчэ раз.
 Ён здзіўляецца яе просьбе, бо ведае, як цяжка ёй слухаць тое, аб чым просіць зноў, каторы ўжо раз.
 – Ну, як было? З Кабула павінны былі ляцець самалётам. Да аэрадрома – аўтобусам. Зброю здалі. Аўтобус чакаў ля КПП, за прахадной. Я затрымаўся ў штабе. Бягу, сустракаю Сярожу. А ён ужо з чамаданам, з Афганам. Спыніліся. Я пажартаваў: да мамы з бычком вяртаешся? А Сярожа – мне: бяжы развітайся з Дунькай, яна галавою аб клетку б’ецца. Я пабег.
 – А дзе ты ўзяў сваю кобру?
 – На брані танка з бою вывезлі. Як апынулася? Была зрашэчаная кулямі, а жывая. Мухітдзінаў, сяржант, заўважыў – за аўтамат. Я ледзь паспеў яго спыніць. Кажу: з намі з бою выйшла – хай жыве. А ў гарнізоне стаяла клетка, раней у ёй аўчарак трымалі.
 – Ну, прыбег да кобры?..
 – Яна аднаго мяне да сябе пускала. Ведала, хто яе ўратаваў. Як зайшоў, стала свечачкаю на хвост, язычок выкінула, сказаць штосьці хоча і не можа, а потым галаву мне на грудзі паклала, па плячах папаўзла. Абвілася вакол мяне, сціснула, аж ні рукой, ні нагой не варухнуць. Не пускае ад сябе. Ды што з табой. Дунька? Галоўку шэранькую ў мяне перад тварам паставіла, вочы зялёныя блішчаць, а з вачэй – слёзы. Жоўтыя, нібы тая сукравіца, што з ран сачылася, калі на брані везлі. I раптам – выбухі. Адзін і другі. I аўтаматныя чэргі. Зусім блізка. Я адчуў – бяда. Бегчы? А Дунька не пускае. Потым, калі прыбег на КПП, там ужо і санітарка, і белыя халаты. «Джып» з душманамі міма КПП праскочыў. Хлопцы якраз да аўтобуса збіраліся. Афганчык стаіць пад колам машыны, калоціцца, і павадок на зямлі.
 У двары за акном – дзеці. Пад дрэвамі, на лаўках, арэлях, у пясочніцах. З імі, як заўсёды, мячыкі, веласіпеды, сабакі. I хоць тут, у кватэры, свае перажыванні, тое, што робіцца там, за акном, не можа не ўплываць на тое, што адбываецца тут, хоць тут як быццам нічога не адбываецца. Ля акна стаяць яна і ён, бы маці і сын, глядзяць у акно на дзяцей і маўчаць. Самі, яна і ён, не здагадваюцца, што маўчаць прымушаюць дзеці.
 Пачынаецца дожджык. Спачатку сляпенькі, з сонейкам, нясмелы. Яго адразу мала хто заўважае, дзеці ў двары не заўважаюць, але ён хавае сонца за хмары, мацнее і ўсіх, нават дзяцей, праганяе з двара. Двор пусцее, і ўжо там не чуваць ані голасу, адно дождж, лагодны і цёплы, пляскоча па асфальце. За шыбкамі звякае бляшаны карніз – зверху, як з неба, на яго звальваецца мокры калматы верабей. Ён тупаціць па карнізе, малоціць па жалезе дзюбкаю, звонка дзяўбе цішыню. I тады, быццам той верабей дзеўбануў у самае балючае, пачынае ўголас плакаць жанчына.
 Ён абдымае яе за плечы, прыхінае да сябе, і яна праз слёзы то шэпча, нібы дождж, то крычыць:
 – Каму спатрэбілася тая вайна?.. Каб ён, той, хто яе пачаў, сваіх дзетак не бачыў!..
 I што ёй адкажаш?
 – Той, ужо там, адкуль не ўбачыць нікога.
 Яе гэта не суцяшае:
 – Ён там?.. А сынкі, яшчэ гінуць?!
 Яны вяртаюцца ў пакой: сядаюць да стала на канапу. На стале стаяць кубкі з недапітым чаем. Ён адпівае глыток і ставіць кубак на стол. I яна таксама, следам за ім, адпівае са свайго кубка.
 Яны абое глядзяць на чысты хлапечы твар на фотаздымку ў вішнёвай рамцы. Ясныя ўсмешлівыя вочы, светлы чубок, белая сарочка, расшпіленая на грудзях. Здымак рабіўся, як хлопцы канчалі школу, у школьны альбом. Гэтакім сын пайшоў на вайну.
 З кухні прытупаў Афган. Ускочыў на канапу і зноў улёгся паміж ёю і ім, гаспадыняй і госцем, паклаўшы галаву ёй на калена. Гладзячы сабаку па шаўкавістай поўсці, па вузкай доўгай галаве, па вялізных цёплых вушах, госць адчувае, што цяпер зручны момант, каб сказаць тое самае-самае, што хацеў сказаць і не асмельваўся, дзеля чаго шукаў сёння гэтай сустрэчы. I цяпер кажа:
 – Не вадзіце Афгана на рынак. Я вас вельмі прашу. Не прадавайце. Сярожа любіў Афгана.
 Яна сцінаецца ад нечаканых слоў, наліваецца ці страхам, ці большым, як быў дагэтуль, болем. Ён гэта заўважае і насцярожваецца, чакае, што зараз, вось-вось, яна не вытрымае таго страху ці болю, які яе скоўвае, чакае і баіцца, нібы выбуху, наступнай хвіліны. Але ў гэтым стане сядзіць доўга, прымушаючы сябе маўчаць. I ўсё ж ён не памыляецца ў прадчуваннях. Яе трывушчасць не бясконцая, і яна, змогшыся, кажа:
 – Я не магу прадаць Афгана.
 Ён ведае, што кожную нядзелю яна водзіць сабаку на рынак, сёння сам бачыў, і таму не можа яе зразумець:
 – Вас часта бачаць на рынку з Афганам.
 Ад гэтай ягонай жорсткасці яна грукае кулачкамі сабе ў грудзі, сціскае іх моцна, ажно хрумсцяць костачкі, не менш моцна, мабыць, сціскаецца ўся, але яго жорсткасць яе не пужае, наадварот, напаўняе не меншай упартасцю, і яна рашуча паўтарае ўсё роўна як не сваім голасам:
 – Я не магу!..
 Тут ці не мяжа яе мужнасці і яе сілы. Яна адчувае гэта сама. I таму, што сама адчувае сваю мяжу, раптам бязвольна апускае плечы, абвялыя рукі падаюць на стол, вусны зняможана дрыжаць і, ужо не чакаючы яго пытанняў, гаворыць без ранейшай упартасці ў голасе, як просячы, невядома ў каго, спагады:
 – I прадаць не магу, і жыць не магу з Афганам. I што мне з ім рабіць?.. Ён усё памятае. Сваю зямлю, сваё неба, свае горы. Сярожу. Ён кожную ноч сядзіць перад акном і вые. Усю ночачку да раніцы. А я не магу слухаць, як ён вые. Не магу ні спаць, ні ляжаць. Я змаглася жыць з ім. Ён дастае з мяне душу сваім выццём. Сам пакутуе і мне жыць не дае. Так, я кожную нядзелю вяду яго на рынак, каб прадаць, і калі знаходзіцца чалавек, купец, мяне гоніць з рынку Сярожаў голас, гоніць разам з Афганам. Я ведаю, што ён любіў Афгана. Ён мне пра гэта пісаў. Але я не магу жыць з Афганам. Жыву надзеяй, што заўтра прадам. Мне яго шкода, але з ім лягчэй памерці, як жыць. Ён плача, і я плачу. I што рабіць?..
 Апошняя ноч нічым не адрознівалася ад усіх папярэдніх начэй. За акном на мачце цьмяна ззяў ліхтар, сеючы вакол сівенькае святло і бляск на мокрым асфальце, на мокрых спінах прыпаркаваных аўтамашын. У небе ззялі сотні іншых ліхтарыкаў, драбнейшых і зырчэйшых, за цёмнымі начнымі вокнамі спалі людзі, бачылі ў снах фантастычнае жыццё, а ў маленькай аднапакаёвай кватэрцы на першым паверсе зноў, як усе папярэднія ночы, выў сабака, і жанчына кідалася то з пакоя на кухню, то з кухні ў пакой, у ванную і з ваннай, то ўключаючы святло, то выключаючы, не знаходзячы сабе месца. Яна і гаварыла з сабакам, і плакала, і маліла, каб сціх, ён сціхаў, але калі яна выключала святло і зноў клалася за шафаю ў ложак, сабака зноў пачынаў выць, і яна зноў усхоплівалася з ложка і бегала па кватэры. Яна заганяла яго на кухню, у ванную, зачыняла за ім дзверы, завешвала дзверы коўдрамі, але кватэра была малая і выццё сабачае ўсё роўна было чуваць. Зачынены, ён выў яшчэ мацней. Яна неаднойчы выганяла яго ў калідор, але ён садзіўся пад дзвярыма і ад яго пакутлівага выцця не было паратунку не толькі ёй, але і суседзям.
 Знерваваная, яна раптам падумала, што гэтак выць сабака можа толькі на магіле гаспадара. Недзе пра гэта чытала. Ад нечаканай думкі зрабілася жудасна. Адчула, што траціць розум. I што жыццё пакідае яе.
 Як пачало світаць, сабака супакоіўся, выць перастаў, але з’явіўся Варака, пачаў грымець за акном жалезнымі кантэйнерамі, шоргаць мятлою па шурпатым асфальце, і цішыні зноў не было, каб хоць цяпер, уранні, змружыць вочы. I тады яна села на кухні да акна, пачала чакаць таго ранішняга часу, калі ўжо можна будзе апрануцца, узяць сабаку на павадок і з ім разам выйсці за дзверы.
 Загадка, якая хвалявала Вараку, калі бачыў жанчыну ў чорным і Афгана, гэтым ранкам падалася незвычайнай. Можа, што быў панядзелак? Жанчына і сабака пакідалі двор заўсёды ў нядзелю, а ў панядзелак яна бегла з гаспадарчай сумкай на нейкую сваю работу, пра якую ён нічога не ведаў. Ён наогул мала ведаў пра сваіх жыльцоў. Як і яны адзін пра аднаго. Любіў за імі назіраць, гадаць і здагадвацца – хто ёсць хто, а гаварыць не любіў. Не таму, што быў па натуры маўклівы. Не гаварылі яны, і ён плаціў тым самым.
 Гадаючы, што з імі, жанчынаю і сабакам, магло сёння здарыцца. Варака не заўважыў, як у канцы дома сышоў па бетонных сходках да тратуара, апынуўся на другім баку праспекта.
 Сцежкаю між таполяў спусціўся з узгорка ў лагчыну, выйшаў на бераг возера і адтуль, ад берага, заўважыў, як яны ўзыходзілі на шлюз.  схамянуўся:  чаго ён тут з мятлою? Але як толькі жанчына з сабакам мінулі шлюз, схаваліся ў завулку за першым драўляным домам, цвярозыя думкі з галавы выскачылі і, ускінуўшы мятлу на плячо, ён паджгаў далей, у бок шлюза, трывожачыся, што згубіць сляды жанчыны і Афгана. У гэты час не думаў, што ў недалёкім мінулым, добрую палову жыцця, служыў у асобым войску пад малінавымі пагонамі і цікаўнасць, якая вяла за жанчынаю і сабакам, была яшчэ тая, адтуль, што таямніца, якую адчуваў у жанчыне і сабаку, зварухнула ў ім былую малінавую жылку і цяпер мела той асобы малінавы сэнс. Тое, што некалі было ягонай работаю, стала ягоным характарам, пра вытокі якога ніколі не думаў.
 Завулак ад возера скончыўся, і Варака спыніўся на рагу апошняга драўлянага, зусім струхлелага дома, які ўжо не рамантавалі, бо збіраліся зносіць. За домам пад вясновым ранішнім сонцам мякка блішчэла брукаванка, блішчэлі трамвайныя рэйкі, а на другім баку ад рэек і брукаванкі ў засені дрэў па тратуары крочылі жанчына і Афган. Варака вельмі спяшаўся, калі жанчына і сабака схаваліся за домам, цяпер адлегласць паміж імі аказалася меншай, як была, таму ён пастаяў на трамвайным прыпынку, згубіўшыся сярод людзей, а затым пайшоў у той самы бок, як ішлі жанчына і сабака, не пераходзячы брук. Мінуўшы яшчэ адзін трамвайны прыпынак, спыніўся і нечакана заўважыў жанчыну і сабаку зусім блізка, на адлегласці шырыні вуліцы – насупраць. Яны стаялі перад рыначнай брамаю і глядзелі на браму. Яна была на замку.
 Варака стаяў за дрэвам, каб жанчына не магла заўважыць, калі б раптам павярнулася ў яго бок тварам. Але яна стаяла да яго спіною. Побач з ёю чарнеў Афган.
 Яны стаялі доўга, усё роўна як чакалі, калі адчыніцца брама. Але яна глуха маўчала, іх не чуючы. I тады, узняўшы над галавою рукі, жанчына схапілася за пранты брамы, абвісла на тым жалеззі, і Варака ўбачыў, як яе танклявае цела закалацілася ў сутаргах, быццам распятае на зачыненай браме.
 Міма брамы, жанчыны і сабакі праходзілі людзі. Яны прыпыняліся, але да жанчыны ніхто не падыходзіў.
 Людзі здзіўлялі Вараку. Няўжо ўсе гэтакія бяздушныя? Што з людзьмі?
 I сам стаяў, нібы мёртвы.
 Жанчына ў чорным усё ніжэй абсоўвалася на жалезных крыжах, і раптам закрычала не па-жаночы глухім голасам. Варака не разумеў, што яна крычала, але бачыў, як людзі, што праходзілі міма, кідаліся ад брамы, як там, блізка, у адзін міг нікога не засталося, акрамя жанчыны і сабакі.
 Яе крык быў у пустэчу, а пустэча не адгукалася нават яе ўласным голасам.

1988

Крыніца: Выбраныя творы / Віктар Карамазаў; прадм. А. Бараноўскага. – Мінск : Кнігазбор, 2013. – 576 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений