У аповесці Віктара Казько "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел" намалявана не зусім рэальная карціна вясковага жыцця, а створаны парадыйна-парадаксальны свет бытавання людзей, поўны абсурду і анамалій. У плане аналогій тут згадваюцца гратэскавыя выявы на гравюрах Франсіска Гойі, камічна-фантасмагарычныя творы іспанскага пісьменніка Марыа дэль Валье-Інклана, а таксама яркая сатырычна-карыкатурная абмалёўка вобразаў у "Гісторыі аднаго горада" Міхаіла Салтыкова-Шчадрына. Персанажы аповесці В. Казько маюць незвычайныя прозвішчы, дакладней, мянушкі, яны забыліся, як гучаць іх сапраўдныя імёны. Ужо гэтым празаік падкрэслівае, што рэчаіснасць, якую мы назіраем, гэта тэатр масак. Хто ж хаваецца за маскамі? Лазар Майсеевіч Кагановіч — гэта Янка Каганец. Мянушку Сталін носіць грузін Гога. Ёсць тут і Лаўрэнцій Берыя. "Усе яны ў поўным складзе — вялікая тройка ці малое Палітбюро". Існуе ў творы і ЦК — "цыганскі кааператыў, другое, нябачнае сэрца горада", які ўзначальвае "правадыр сусветнага пралетарыяту" Карл Маркс. На самай справе такой мянушкай "ахрысцілі" цыгана, што "вельмі падобны на Карла Маркса. Копія яго ў цыганскім выкананні. З залатым кальцом у ноздры". У ЦК жыхары калгаса "Верны шлях" спяшаюць, каб раздабыць там гарэлку, "чарніла" ды курыва. Жыве ў "Верным шляху" і Дзева Марыя. Так празвалі даярку Марыю — жанчыну-блудніцу, якая прыдбала аж шасцёра дзяцей ад розных бацькоў.
Усе згаданыя вобразы, як бачым, намаляваны ў гратэскназніжаным, камічным святле. Праз дасціпныя мянушкі народ па-свойму рэагуе на наша мінулае. Пісьменнік кпіць са сваіх персанажаў, выпукляе ў іхніх норавах і паводзінах камічна-смешнае, адмоўнае. Героі Віктара Казько страцілі сваё чалавечае аблічча і персаніфікаваліся ў іншых асоб невыпадкова. Яны — ахвяры часу, савецка-дзяржаўнага і партыйнага ладу кіравання. Калгас "Верны шлях", яго дзікая рэчаіснасць, бязглуздае жыццё — гэта і ёсць яскравае ўвасабленне нядаўняй грамадскай сістэмы, той рэчаіснасці, калі будавалася "светлае камуністычнае заўтра". Пісьменнік стварае сучасную казку пра "краіну дуракоў", з’едлівую сатыру на савецкую таталітарную сістэму. Асабліва яскрава ўвасабляе бяздумную ўладу, "бязмежнае вар’яцтва гэтага свету" Аўгуст Серада. Ды і іншыя нібы страцілі розум і зрок, пазбавіліся інстынкту самазахавання. I ад гэтага робіцца скрушна.
Ва ўсёй трагедыйнай сімвалічнасці паўстае сцэна сяўбы ў чарнобыльскай зоне, на якой самазабыўна шчыруюць нябожчыкі. Яна — пік вар’яцтва, сімвал катастрафічнасці народнага быцця. Празаік востра адчувае жахлівасць, непрадказальнасць фізічнага і духоўнага Чарнобыля, інакш кажучы, пагрозу экалагічнай смерці, масавага чалавечага выраджэння, разбурэння мудрага зямнога светаўладкавання. У аповесці гучаць сумныя прароцтвы, тут уражваюць пісьменніцкія сімвалы і метафары, сцэны абсурду, якія звязаны з побытам нашай вёскі, лёсам беларусаў і іх будучыняй. Ёсць і надзея, што нас выратуюць празарэнне, чалавечая памяць, разважлівасць, здаровы сэнс быцця.