Яркім прыкладам таго, як светапогляд вызначае дзейнасць чалавека наогул і пісьменніцкую ў прыватнасці, як эвалюцыя, што адбылася ў свядомасці чалавека, можа каранным чынам змяніць накірунак яго дзейнасці, з’яўляецца п’еса «Пінская шляхта».
Надзеі, якія ўскладаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч на рэформу 1861 г., не спраўдзіліся. Да таго ж пісьменнік больш за год знаходзіўся пад следствам у мінскай турме па падазрэнні ва ўдзеле ў паўстанні 1863 г. і на горкім вопыце пераканаўся, што «не надта свабодна ў гэтай свабодзе» (Францішак Багушэвіч). І творчасць яго з ідылічнай, рамантычнай становіцца не проста рэалістычнай, а рэзка сатырычнай, аблічальнай.
Пра тое, куды патрапіла зброя сатырыка, яскрава сведчыць рэакцыя віленскага губернатара на спробу надрукаваць у 1890 г. «Пінскую шляхту». Здавалася б, такая смешная камедыя, з куплетамі, з любоўнай інтрыгай (дзве сям’і варагуюць, a дзеці ворагаў пакахалі адно аднаго і хочуць пажаніцца), але губернатар рашуча запратэставаў. Ён заявіў, што твор, дзе «ў неприглядным выглядзе паказана асоба станавога прыстава, які пры гэтым усюды называецца «найяснейшая карона», друкаваць нельга.
Некаторыя і сёння усведамляюць гэты твор як сатыру «не толькі на станавога прыстава, але і на ўсю сістэму царскага суда і законнасці». Не, гэта сатыра і адмаўленне не толькі «сістэмы суда», а самой сістэмы самаўладства. A «сістэма суда» як мішэнь — гэта толькі прыём, якім зручней паказаць нежыццяздольнасць, асуджанасць усёй імперскай сістэмы. Нагадаем, што такі прыём ужо быў рэалізаваны ў рускай літаратуры. Сучаснік Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча Дз. І. Фанвізін паказаў крах сістэмы праз адзін з яе найбольш важных інстытутаў — праз адукацыю. Фанвізінскі Мітрафанушка не толькі смешны, а знакавы для ўсёй сістэмы, бо адукацыя, яе стан — люстэрка грамадства і дзяржавы наогул. Суд і наогул органы правасуддзя — таксама люстэрка любой дзяржаўнай машыны, толькі, бадай, яшчэ большае памерам, бо гэтыя органы непасрэдна забяспечваюць яе жыццядзейнасць. Пераканальнасць гэтага сцверджання выверым, звярнуўшыся да паэмы «Песня пра зубра» М. Гусоўскага, дзе зроблены акцэнт на ўвагу і клопат князя Вітаўта менавіта пра гэты інстытут дзяржаўнасці:
Прагнасць нажыцца пад шыльдаю варты закона,
Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота —
Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў,
Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.
Кім бы і чым бы ні быў ён пры іншых заслугах,
Нават за гэта адно я пяю яму славу.
Зусім іншую «славу» рэжыму «праспяваў» сваёй камедыяй «Пінская шляхта» Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Нотамі ў гэтай «песні» з’яўляюцца жанравыя асаблівасці твора.
Сам камедыёграф вызначыў яго жанр як фарс-вадэвіль. Вызначальнае ў камедыі — фарсавае, гратэскавае, моцнае, часам даведзенае да абсурду, адлюстраванне рэчаіснасці. Настолькі моцнае, што мяжуе з фантастыкай. «Такога не можа быць!» — усклікне чытач, пабыўшы сведкам «скорага і справядлівага» суда «найяснейшай кароны». «Такое, на жаль, было ці бывае», — прыйдзе чытач да высновы, калі яму адкрыецца глыбокі сэнс самых смелых гратэскавых збудаванняў.
У сюжэце гэтага твора абсурднае, бадай, усё, акрамя любоўнай інтрыгі, што пакладзена ў яго аснову.
Абсурдны канфлікт, з-за якога «заварылася ўся гэта каша»: Іван Цюхай-Ліпскі назваў Ціхона Пратасавіцкага мужыком. Такой абразай «гонару» нанесена «смяротная» крыўда. Пыхлівыя шляхціцы аб’явілі вайну адзін аднаму — і каша заварылася. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч — выдатны майстар стварэння эфекту абсурду. Эфект дасягаецца найперш камічнымі сітуацыямі, якія выдатна вызначаюць цану «гонару і годнасці» пыхлівых шляхціцаў. Кручкоў назначае Ціхону Пратасавіцкаму «как угалоўнаму прэступніку» «25 лоз на голой земле без дывана» (вядома ж, які дыван таму, каго абазвалі мужыком!); Івану Цюхаю-Ліпскаму, «как нанёсшаму лічнае аскарбленіе Протасавіцкаму», «15 лоз на дыване». Да ўсяго ж і штрафы заплацілі «в пользу врэменнаго прысуцтвія». Але самым вялікім выдаткам для сябе з усяго гэтага «дзела» Ціхон лічыць той, што кару давядзецца адбываць на сырой зямлі: «Даў бы сто рублёў, каб дыван падаслалі». Вось такое бязладдзе, што заўсёды ідзе ад безгалоўя, паказана ў сатырычнай камедыі.
Мы яшчэ раз пераконваемся, што канфлікты і страсці чалавечыя заўсёды такія, якія самі людзі. Паражэнне паўстання Кастуся Каліноўскага выявіла да ўсяго яшчэ і поўнае банкруцтва шляхты як грамадскай сілы. А паказаная Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам шляхта была наогул самай інертнай і кансерватыўнай часткай грамадства. Клопаты і страсці, якія валодалі шляхтай, выдатна яе характарызуюць.
Але самым гратэскавым у п’есе з’яўляецца вобраз Кручкова. Гэта здзеклівая пародыя на правасуддзе. Прыёмам давядзення ўчынкаў галоўнага героя да абсурду («свідзецелям, каторыя відзелі драку і не разнялі дзерушчыхся, — пa 10 лоз на дыване і пa 10 руб. штрафа в пользу врэменног о прысуцтвія; всей прочэй шляхце, которая не відзела дракі, за то, што не відзела, а цем самым не магла і разняць дзерушчыхся — па 5 лоз на дыване і па 5 руб. штрафа…») сатырык дасягае ўжо зусім іншага эфекту.
Гэта ўжо нават не смешна, бо ў чытача ўзнікае пытанне: a суддзі хто? А ад гэтага пытання адзін крок да ўсведамлення, што сістэма, улада, у якой такія, з дазволу сказаць, «слугі», не толькі не мае права на існаванне, але і асуджана на крах. Сістэма, якой служаць прайдзісветы, авантурысты, хабарнікі і невукі, рана ці позна павінна абваліцца. Кручкоў нават не ведае, колькі дзён у месяцы, блытае ўказы, правіцеляў і нават эпохі: «марта 69-га дня», «49-га апрэля», Екацярына Вялікая, паводле яго «вучонасці», царавала ў 1903 годзе. Якая ўлада — такія і слугі; і наадварот гэты алгарытм таксама правільны. Нездарма ж Кручкоў увесь час падкрэслівае, што ён дзейнічае ад імя «найяснейшай кароны».
Заслуга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча як драматурга заключаецца яшчэ і ў тым, што ён персаніфікаваў мову дзеючых асоб. Мова кожнага персанажа індывідуальная і служыць выдатным сродкам яго характарыстыкі. Духоўная абмежаванасць, грубасць Ціхона Пратасавіцкага і Івана Ліпскага выяўлены не толькі ў камічных сітуацыях, але і праз іх мову, любімыя іx слоўкі: «хрэн табе ў вочы», «чортаў сын», «сабака».
Зусім іншая мова Куторгі — «хітрага ліса», што перахітрыў самога сябе і «ўехаў у нерат — ні ўзад, ні ўперад». Пацярпеўшы фіяска, Куторга самакрытычна зазначае: «Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду, вось швед пад Палтавай!» Усё сваё пісьменніцкае і чалавечае захапленне найбагацейшым скарбам народным — мовай — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч выявіў праз вобраз Куторгі. Мова яго надзвычай багатая на трапныя народныя залацінкі: «млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе»; «здаровы, як рыжык баровы». І куплеты Куторгі — таксама фальклорная рэмінісцэнцыя, што з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем увагі пісьменніка да творчасці народа і шырокага выкарыстання фальклору ва ўласных творах. Гэта адна з асаблівасцяў творчага метаду пісьменніка.
Мова Кручкова такая ж вычварная, скалечаная, як і яго душа. Нахабству і цынізму яго няма межаў. І каб паддаць больш жару, каб яшчэ больш запалохаць і без таго запалоханую шляхту, ён свае «ўказы і законы» стараецца выдаць на «панскай» мове, каб уразіць усіх яшчэ і сваёй вучонасцю. Але мова яго — найгоршы з варыянтаў так званай «трасянкі». Традыцыі Вінцэнта. Дуніна-Марцінкевіча ў абмалёўцы вобразаў з дапамогай персаніфікаванай мовы прадоўжылі Я. Купала, К. Крапіва, А. Макаёнак.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч вельмі ўдала выкарыстаў у п’есе жанравыя асаблівасці вадэвіля, каб не толькі надаць свайму твору сацыяльную значнасць, палітычнае гучанне, але і зрабіць яго цікавым, вясёлым. Пад пяром майстра даволі банальны сюжэт набыў нацыянальную афарбоўку. Вырашэнне ж канфлікту бацькоў і дзяцей іншымі сродкамі і іншым шляхам (скажам, у духу Шэкспіра) не толькі дысанавала б жанру твора, паграшыла б супроць праўды жыцця, але і супярэчыла б гуманістычным прынцыпам самога пісьменніка. Змагацца за сваё шчасце па-іншаму — не толькі з бацькамі, але і з кручковымі! — было немагчыма. Цынічнай рэплікай Кручкова ў фінале п’есы — «Я вам родны, я вам брат» — пісьменнік папярэджвае і пра небяспечнасць такіх «братоў», што толькі і чакаюць зручнага моманту, каб «абдзерці ўсіх дачыста». А момант такі справакаваны зноў тымі ж «юрыстамі».
Куплетам Куторгі і яго ўступам: «Добра прыпавесць кажа: пінска шляхта як нап’ецца, то напэўна падзярэцца» п’еса і заканчваецца. Статкевічаў і альпенскіх вайна паміж Ліпскім і Пратасавіцкім за «гонар» не навучыла нічому. А раз так — зноў «будзе добрае жніво» для кручковых і пісулькіных. Усё паўторыцца зноў! Развязка камедыі выпісана драматургам з не меншым майстэрствам, чым экспазіцыя, завязка і кульмінацыя.
Другі скарочаны варыянт
Пінская шляхта — гэта гарэзлівая, смешная і, адначасова, вельмі пазнавальная гісторыя на тэму жыцця мясцовай беларускай шляхты. У ёй апавядаецца пра фанаберыстых і пыхлівых дробных шляхцюкоў, якія па свайму матэрыяльнаму становішчу і ладу жыцця, не на шмат адрозніваюцца ад сялян. Але, нягледзячы на тое, яны для сябе лічаць найвялікшай абразай, калі іх хтосьці называе «мужыкамі». І пры ўсёй іх фанаберыстасці яны баяцца начальства, тых хто мае над імі ўладу.
У сваёй п’есе Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч высьмейвае царскі суд, бюракратызм і хабарніцтва чыноўнікаў, якія самі ж і парушаюць усе магчымыя законы, якія яны прадстаўляюць, і выносяць абсурдныя прыгаворы.
Дзеянне адбываецца ў ваколіцы О… паміж балотаў, у глушы Пінскага павета, дзе ўсе лічаць сябе шляхціцамі. Марыся кахае Грышку, сына Івана Ліпскага, яны хочуць прасіць бацькоў ладзіць вяселле. Яе бацька Ціхон Пратасавіцкі супраць, бо яна «дзіця горкае». А Харытон Куторга змог бацькоў «адурманіць» – вызваўся на судзе сведчыць, што біў Ліпскі, а Пратасавіцкі абараняўся. А за гэта яму – Марысю. (Іван Цюхай-Ліпскі падаў у суд, што Пратасавіцкі яго «адлупсаваў»; а Ліпскі назваў Пратасавіцкага «мужыком»). Марыся кажа Куторгу, што яму «трэба перастаць думаць пра дзяўчат, а маліцца Богу, каб даў спасенне». І нашто ёй стары. А Куторга – што яе бацька дараваў руку за сведчанне на судзе.
На разгляд справы прыязджае станавы прыстаў Кручкоў з пісарам Пісулькіным і падслухваюць размову Марысі з Куторгай. Усім назначаны штрафы і па 15-25 лоз на голай зямлі, хто біўся, хто не біўся, і хто відзеў і не разняў. Кручкоў за хабар (прынеслі Грышка і Ціхон) адмяняе дэкрэт і гаворыць каб памірылісь і пажанілі дзяцей. Усе згодны і п’юць за маладых – Грышку і Марысю.
Напіўшысь, Кручкоў кажа Цімоху Альпенскаму, што Базыль Статкевіч казаў пра яго, што ён не шляхціч. А Статкевічу Кручкоў сказаў, што Альпенскі назваў яго мужыком. Уваходзіць Ліпскі і кажа Кручкову што шляхта напілася і пачала біцца, трэба разняць. Кручкоў: «Няхай у суд падаюць, тагды прыеду…» Выходзяць з Пісулькіным. Усе (хто не б’ецца) крычаць: «Віват, найяснейшая карона!». Канец.