Сябар, вучань, нават асабісты сакратар Уладзіслава Сыракомлі, прадаўжальнік яго традыцый Вінцэсь Каратынскі (1831-1891) таксама пакінуў нам невялікую спадчыну на беларускай мове:
«Уставайма, братцы!», «Туга на чужой старонцы» ды верш-прысвячэнне Арцёму Вярыгу-Дарэўскаму. Няшмат. Але і гэтыя паэтычныя роздумы над лесам «маткі-зямліцы» і яе дзетак, выгнаных з роднага краю за шчырае яму слугаванне, вымушаных жыць у эміграцыі, выяўляюць светапогляд і багацце душы паэта-патрыёта.
Польскамоўны «абразок з народнага жыцця», паэма «Таміла» ўражвае сваім трагізмам у адлюстраванні жыцця прыгоннага селяніна Тамілы. Аднак зусім іншыя, чым у Сыракомлі, у В. Каратынскага стасункі з Богам. Праўдзіва паказваючы пакутніцкае жыццё свайго народа і не бачачы ніякага выйсця з такога бядотнага становішча, Вінцэсь Каратынскі напаўняе свой твор роздумам пра наканаванасць лёсу, спрадвечную несправядлівасць, пачуццём скрухі і гаркотай — усім тым, што вызначыць на доўгія гады асноўную праблему беларускай літаратуры: «За што?»
Сцвярджаючы поўную залежнасць чалавека ад лёсу, Вінцэсь Каратынскі не бачыць разам са сваім героем Тамілам у гэтым свеце нічога, што залежала б ад яго: толькі скруха і безвыходнасць, абумоўленыя гэтай несправядлівасцю і жорсткасцю, вызначаюць стан яго душы. Ды і стан уласнай душы не залежыць ад чалавека — вось што самае трагічнае ў гэтым свеце, і што з вялікай мастацкай сілай і экспрэсіўнасцю выяўленае Каратынскім ў паэме «Таміла».
Апісанне трагічных жыццёвых калізій свайго героя Тамілы і лірычны роздум паэта з такой нагоды складаюць змест твора, які і пачынаецца з лірычнага звароту-сумневу: «ці вырасце збожжа», калі «зло не знікае, як з ветрам мякіна».
Упартая праца некалі заможнага селяніна Тамілы, у якога была «хата, як шклянка, у каморы даволі», сёння не ратуе ад страшэннай галечы ні яго, ні яго ўнукаў:
Гумно як падмецена, пуста ў каморы,
і хлеба апошні ўжо бохан начаты.
Вячэра «без хлеба», толькі «пракіслае, клятае марна бацвінне» пасля цяжкай працы…
Выклік у двор напаўняе сэрца яшчэ большай трывогай, бо разумее Таміла, што там яго чакае «знявага душы або целу пакуты». І не памыліўся. Пан нават паспачуваў селяніну, пахваліў за руплівую, «як вол у ярме», працу, але сказаў, — што «цяжка змяніць, што назначана… Богам». І патрабуе прадаць апошняга каня — «і заплаціш падатак».
Шмат драматычных момантаў у жыццяпісе Тамілы, але найбольш уражвае апісанне яго душэўных пакут, яго развітанне з конікам, які «дзесяць гадоў адслужыў… пачціва», яго бяссонная ноч перад тым, як весці прадаваць каня на кірмаш. Што ж будзе далей? «Стаць п’яніцай шчэ давядзецца старому або нават горай» — налажыць на сябе рукі?
Вірлівы горад, такі чужы і нямілы, быццам падае Тамілу знакі бяды.
Прадаўшы вельмі танна свайго Пярэстага цыганам і сустрэўшы былого дружбака Паліцу, Таміла пайшоў у карчму. Споведзь Тамілы свайму сябру, аповед пра трагедыю сына і яго сям’і (сын памёр у час эпідэміі, «зняў сярмягу з плячэй, распрануўся, да хворых пабег — і ўжо больш не вярнуўся») — самы, бадай, акордны па сваім трагізме момант у паэме. Каб заглушыць невыносны боль яшчэ і ад успамінаў па сыне і заўчасна памерлай нявестцы, Таміла з Паліцай выпілі яшчэ, а потым «у чаркі астаткі яны пазлівалі», «што, зрэшты, у абдымку пад стол яны ўпалі».
Дарэмна чакаюць Тамілу з грашыма яго жонка і галодныя ўнукі-сіроты. Тамілы няма.
Паэма заканчваецца апісаннем … вяселля ў вёсцы Тамілы з усімі звычаямі і абрадамі: прыезд у хату да маладой, дзяльба караваю на ручніку — залацістым шэдэўры дзявочага ўмельства, адорванне маладых…
Паборца Кандрат на вяселлі і паведаміў усім, што да яго па колішняй дружбе завітаў Паліпа, які і прынёс сумную навіну: Тамілу абакралі…
Ніхто да Каратынскага так пранізліва, з такой сімпатыяй і адначасова скрухай не паказаў усю трагедыю народа, якому «далі розум, хараміну, шчасця не далі…». Гэтую традыцыю прадоўжаць яго спадкаемцы, толькі напоўняць яе новым зместам і гучаннем.
Валодаючы тымі ж нацыянальнымі якасцямі, што і Таміла, героі багушэвічаўскіх, купалаўскіх твораў прыйдуць да іншай высновы, пройдуць шлях ад усведамлення, што «не надта свабодна ў гэтай свабодзе», і падымуцца да жадання «людзьмі звацца». І за права жыць і«людзьмі звацца» пойдуць «на вялікі сход па Бацькаўшчыну!»
За любоў да «маткі-зямліцы» і пашану да яе разумных, працавітых дзяцей шануюць памяць Каратынскага ўдзячныя патомкі.