Вячаслаў Адамчык — Голас крыві брата твайго

Вячаслаў Адамчык

  Раман Вячаслава Адамчыка "Голас крыві брата твайго" (1991) — працяг ягоных твораў "Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "I скажа той, хто народзіцца". Заключны раман тэтралогіі адлюстроўвае ваенныя падзеі на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі. Пісьменнік паказвае, як "віхор вайны круціў чалавечым лёсам", як трагедыя за трагедыяй рабілі рэчаіснасць неймаверна змрочнай і страшнай. Кроў спараджала кроў, зло несла новае, яшчэ больш жудаснае зло. Стары Улас Корсак, які адчувае, што людзі павінны жыць па-чалавечы, жахаецца, што свет разбурае нянавісць, у ім бярэ верх звярыны пачатак: "Нейкі злы д’ябал, раздзіраючы душу і пад’юшчваючы, змушае чалавека чыніць і тварыць усё злое і грэшнае. Помсціць за сваю крыўду невінаватым. Піць і гвалціць, каб знайсці сабе ўцеху і наталіць сваю прагнасць. Катаваць, калечыць, каб ужо нават з гэтага мець сабе слодыч. Страшную, звярыную слодыч". Пісьменнік паказвае ўсю жахлівасць гэтага двухногага чалавеказвера. Казакі з добраахвотнай арміі атамана Паўлава, кінутыя ў тыл, паўсюдна ўчыняюць гвалт і расправы, сеюць на беларускай зямлі смерць. Адзін з герояў твора кажа, што яны "людарэзы горшыя, чым паліцыя". Свае забівалі сваіх жа савецкіх людзей, праводзілі карныя аперацыі. Казакі ў вёсцы Верасава расстрэльваюць і спальваюць людзей у гумне. Улас Корсак, як і стары пячнік з апавядання Янкі Брыля "Memento mori", кідаецца ратаваць няшчасных, просіць немца не ваяваць з ні ў чым не вінаватымі вяскоўцамі, але гіне разам з імі. Прычынай такіх парных акцый часам былі і неабдуманыя ўчынкі партызанаў, якія не задумваліся пра магчымыя наступствы для неабароненых нікім звычайных людзей і дзяцей.
  Вайна не шкадуе нікога. Па-рознаму гінуць Лаўрын Царык, Хрысця, Міця Корсак, сын Уласа. Міця ў папярэдніх творах з тэтралогіі паўстае адным "з тых, што Беларусь шукаюць". Ён прайшоў праз пакуты ў польскай дэфензіве і турме, затым за савецкім часам стаў працаваць сакратаром сельсавета. Ваенная віхура сурова перайначыла ягоны лес, бо хлопец апынуўся ў шэрагах так званай "беларускай самааховы" і быў змушаны апрануць нямецкую форму. Сам таго не жадаючы, Корсак стаў забойцам маладой партызанкі, апынуўся, урэшце, у ахове, калі паліцыянты расстрэльваюць сваіх ахвяраў, і сярод іх блізка знаёмых Міцю людзей — Лаўрына Царыка і Хрысцю. Хлопец, які "шукаў справядлівасці, высокага чалавечага розуму, светлага кахання, дабраты між людзьмі", узрушаны тым, да чаго супрычыніўся, востра адчувае трагізм вайны, пакутуе, усведамляючы, колькі грэшнага і страшнага прынесла яна на родную зямлю. Міця не прымае злую і бесчалавечную сутнасць свету. Яго забівае партызан Жэнік Рэпка, і гэтая яшчэ адна смерць сведчыць пра трагічны лёс сям’і Корсакаў. Аўтар твора разам са сваім персанажам ахоплены вялікім адчаем і песімізмам, бо ў свеце "пануе толькі звярыны закон: ірваць адзін аднаго, трымаць у няволі, з асалодаю біць, рэзаць, заваёўваць, узвышацца адзін над адным, род над родам, нацыя над нацыяй, дзяржава над дзяржавай". В. Адамчык выступае як глыбокі пісьменнік-гуманіст, у ягоным рамане, як і ў славутай антываеннай прозе англічаніна Рычарда Олдынгтана, немца Эрых Марыя Рэмарка, нашых беларусаў Алеся Адамовіча і Васіля Быкава, хвалююча паказана, што вайна — гэта кругі сапраўднага пекла, стыхія вар’яцтва і чалавеказабойства.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений