Увага! Поўны змест
1
«Старасту» — абструганую яловую палку з накарэлым на ёй цестам (мусіць, нехта мяшаў свінням і коням) — да Папялішыных прынёс стары Цурусь. Папялішыных якраз не было дома: на дзвярах вісеў замок — жалезнае конскае пута. Стары Цурусь пастаяў каля парога, аддыхаўся, паставіў палку каля вушака і пасунуўся дадому.
«Стараста», пасля таго як партызаны застрэлілі Івана Якімчыка, ішоў па вёсцы радоўкаю. Сёння адбыла адна хата за старасту, назаўтра другая.
На трэцім тыдні чарга дайшла да Папялішынай Марылі.
Марыля жыла адна з дзесяцігадовым Тонікам, які быў рыхтык колішні кравец, што шыў па хутарах кажухі, і крошкі падабраў, і гэтакі быў таўстагубы, і гэтак зацята глядзеў спадылба, як яго прызнаны цэлаю вёскаю, але не запісаны ў метрыцы бацька. I нават насіў бацькаву мянушку — Паплісты. Мужа ў Марылі не было. Да вайны яна жыла пры братах, покуль тыя не пажаніліся і, аддзяліўшыся, не пакінулі на яе старую, растрэсеную, у адзін пашарак хату.
Закарэлую ў цеста яловую палку — знак, што гэтая хата сёння за старасту, — Марыля ўбачыла тады, калі вярнулася з поля даіць пад вечар карову. Яна скінула з плячэй дзяружку сырое бярозкі, перамешанае з свірэпаю, і, шукаючы пад падрубаю каля дзвярэй ключ, агледзела яловую палку. Гэту палку, яна добра помніць, прыносілі пад дзверы яшчэ «за польскім часам», калі ў вёсцы ўвялі варту.
— Які ж з мяне стараста? — закрычала на ўвесь надворак Марыля, каб, мусіць, чулі і суседзі. — Хіба ж у вёсцы пазводзіліся мужчыны?
Яна ўзяла палку і пайшла шукаць свайго Тоніка, каб занёс «старасту» да Мартына Жолудзя, з якім яна ўжо нешта з год не гаварыла, пасварыўшыся за калодзеж
Марыля выглянула за гумны і, нікога там не ўбачыўшы, пайшла ў канец вёскі на грудок, адкуль усе мацяркі клікалі сваіх дзяцей, калі трэба было палуднаваць і выганяць на пашу быдла. Папрыганяўшы на дзень, пастухі цэлаю плоймаю моклі ў рэчцы.
— Тонік, каб ты не даждаў, дадому ідзі, — гукнула Марыля і, засланяючыся рукою ад сонца, стала глядзець туды, пад алешнік, пад рэчку, дзе па беразе бегалі голыя як бізуны, дзеці. Адыходзячыся аж да самых гародаў, яны набіралі разгон і скакалі, мусіць, у рэчку.
— Не чуе, недавярак, — сказала Марыля і гукнула яшчэ раз: — Тонік, каму я кажу, дадому ідзі!
Тонік якраз сядзеў над берагам — адтуль была відаць яго вострая худая спіна — і, засунуўшы руку ў слізкія паабрастаныя зялёнаю бадзягаю карчы, толькі чуў, як мякка як біліся аб яго растапыраныя пальцы нямоцнымі хвастамі вёрткія плоткі. Тут іх заўсёды цэлую торбу набіраў Сямён Мокуць. У карчах былі глыбокія і патаемныя лёхі Тонік падшыўся далей пад бераг і засунуў руку аж па самую паху. Але там яго востра і моцна кляшчамі, схапіла за мезенец. «Выдра», — спалохаўшыся, падумаў Тонік. Ён ведаў што выдра вялася пад Сцяпанаваю алешынаю ў завоінцы ў карчах і, кажуць, нават паела ў некага шчанят. Тонік ірвануў руку назад і, збялелы, выскачыў з-пад берага: на мезенцы вісеў вялікі без аднае кляшні рак.
А во Паплісты рака злавіў, закрычалі на беразе. Але рак пстрыкнуў хвастом адарваўся ад пальца і ляпнуўся ў ваду. Тонік толькі бачыў, як ён вёртка шмыгануў назад пад бераг.
— Вот пусці мяне, — папрасіўся Мокуцеў Арсенік, што стаяў на беразе, увесь ссінелы, скорчыўшыся, і ў яго ад холаду дробна дрыжала барада. — Там мой бацька вунь колькі налавіў. Цябе ж усё роўна маці кліча дадому.
Дзе? спытаўся Тонік, вылазячы з рэчкі, бо ведаў, калі ён не паслухаецца, то маці будзе ісці сюды з абшморганаю лазіною, ад якое надта ж пячэ, калі секануць па нагах.
— Ну, ідзі лаві, — сказаў Тонік і пачаў апранацца. Бялявы, з выцвілымі валасамі і аблупленым чырвоным ад сонца носам Арсенік быў старэйшы за Тоніка, але надта рахманы і не вельмі разважлівы хлопец. Пазаўчора Тонік з двума Жолудзевымі, падмануўшы, адвялі яго ад дому і залезлі ў іхні, Мокуцеў сад: там былі на адной яблыні хоць яшчэ маленькія, не раўнуючы, як арэхі, але ўжо салодкія яблыкі. Але яблык яны не нарвалі: з хаты выскачыў, расшпіляючы на бягу папружку, Арсенікаў бацька — Сямён Мокуць.
Ён злавіў большага Жолудзевага якраз на яблыні. Ён, Тонік, з меншымі прашыўшыся пад дрот, паспелі ўцячы. Праўда, Тонік зачапіўся за калючку і разлупіў на спіне новую, маці яшчэ і не мыла, паркалёвую кашулю. I пазаўчора яму добра ўляцела дома. Але Тонік болей пабойваўся Сямёна Мокуця. Што маці — яна паганяла наўкруг грубкі, і яму дасталося толькі попускам, калі ён, не паспеўшы адчыніць дзверы, уцякаў на двор. Але венік, які ён звязаў у полі з бярозавага вецця, быў яшчэ сыры і мяккі. Мужчыны, пэўна, б’юцца не так. Старэйшы Жолудзеў вунь: колькі плакаў, калі яго нашастаў па вушах Сямён Мокуць.
Тонік ішоў дадому са страхам, думаючы, як мінуць Арсенікаву хату, каб часам не нарвацца на яго бацьку. Ён ужо трэці дзень асцерагаўся Сямёна Мокуця. Летась ён гэтак выратаваўся ад Мартына Жолудзя, калі прыпасвіў яго авёс.
На вуліцы балазе нікога не было, але Мокуцеву хату Тонік мінуў подбегам.
На падворку, мусіць, ужо выкінуўшы карове траву, маці абівала аб плот дзяружку.
На частаколе густа асядаў пыл.
— Ну чаго?— яшчэ з вуліцы спытаўся Тонік, усё ж пабойваючыся падыходзіць бліжэй да маці.
— Дзе ж гэта ходзіш, каб хто ведаў?— Марыля павесіла на плот дзяружку і ўзяла з прызбы доўгую палку.
Тонік адступіўся, ужо аглядаючыся, як шмыгануць назад на вуліцу.
— На, занясі да Жолудзяў. Вот прынеслі «старасту»,— яна шпурнула палку ў мураву пад плот. — Хіба ж няма мужчын? Каб іх ліха абстарасціла.
Тонік падняў палку і, стракочучы ёю па плоце, пабег да Жолудзяў. Сенцы ў Жолудзяў былі адчынены. Там немаведама што нарабілі куры. Яны паляцелі з крыкам на двор, паднімаючы вецер, калі Тонік увайшоў у сенцы. На абітых старою дзяружкаю дзвярах, з-пад якое пучкамі тырчала старая парудзелая салома, паднялася, бразнуўшы, жалезная клямка. Дзверы адчыніліся, і ў сенцы высунулася чорная калматая галава. Гэта быў сам Жолудзь — нябрыты, з апухлымі ад сну вачыма.
— «Старасту» вам прынёс, — замест «дзень добры» сказаў Тонік, апомніўшыся, што яго мама вучыла: як зойдзеш да каго ў хату — трэба найперш павітацца. «Такое бяды, тут жа не хата, а сенцы», — падумаў ён.
— А хіба ж вы былі за старасту?— спытаў Жолудзь, не выходзячы ў сенцы.
— Не, — пакруціў галавою Тонік.
— То чаму цераз хату? Раз усе, так усе, — сказаў Жолудзь, хаваючыся за дзверы.
Тонік выйшаў з сенцаў і папхнуў перад сабой палку, пакідаючы на жолудзевым дворку неглыбокую баразну.
— Нашто ж прынёс дадому?— спытала праз акно маці, калі Тонік кінуў
Ай, не бяруць! — моцна крыкнуў Тонік, каб, мусіць, чутна было ў хаце. Ён ірвануўся скарэй туды, пад рэчку, ён успомніў, што сёння ўсе хлопцы збіраліся ў Ельнік – грузкае з рудою вадой і рэдкімі лазнякамі балота, дзе кожны год у асацэ на купінах вяліся дзікія качкі і дзе ён, Тонік, летась выбраў з аднаго гнязда поўную шапку яец.
— Куды ж ты паляцеў? Гэта ж палуднаваць час,— пастукала ў раму маці, але Тонік ужо не чуў.
2
Кожны вечар, прыгнаўшы з поля, Тонік катаў па вуліцы рэхву. Старую ад рассохлага кола рэхву ён знайшоў на гарышчы. Рэхвы каталі ўсе, толькі ў Арсеніка быў вялікі ад жалезнай бочкі абруч. Арсенік апярэджваў усіх, але толькі на цвёрдай сцежцы, бо на пяску абруч загразаў і падаў. Але як далёка ён бег з таго грудка ў канцы вёскі, калі яны ўсе разам пускалі свае коткі пад рэчку. Арсенікаў абруч, падскокваючы і высякаючы аб каменні іскры, каціўся аж да самых гародаў, там яшчэ заварочваўся і падаў у самым Ельніку, у гразі. Тонікава рэхва не дакочвалася нават да загарадаў. Але сёння ён ледзь знайшоў яе ў высокай траве. А Арсенікаў абруч, як ні шукалі яны ўсе разам, — не знайшлі. Ён закаціўся недзе ў асаку. Праўда, нехта сказаў, што калі пачнуць касіць, то ён знойдзецца. Бо хто-небудзь, вытупіўшы касу аб жалеза, выкіне яго з сенажаці на дарогу. Але Арсенік не даў веры, ён застаўся шукаць свой абруч. Усе ж хлопцы паехалі дадому, бо ўжо добра сцямнела, а ён, Тонік, успомніў, што не загнаў яшчэ на седала курэй. Мама сказала, што вернецца зацемна. Падаіўшы нанач карову, яна пайшла на хутары, што пад Азяранамі, пазычыць мукі — сёння ў іх нават не было чым падкалаціць шчавель. «Глядзі ж з агнём, — прыказала мама, — не запальвай, бо і газы так толькі на якую пільную патрэбу. А калі будуць страляць, то на печы не сядзі». Ды Тонік і сам ведаў, што калі страляюць, то трэба хавацца за печ. Праз цэглу, казалі, нават не праходзіць снарад, а не то што куля. Куля нават не прайшла праз іхнюю сцяну, калі немцы стралялі па вёсцы. Яна засела ў трухлявай дзеравіне, і ён выкалупаў яе дроцікам. Але яму тады ніхто не паверыў, што куля не пройдзе праз сцяну. Тонік доўга насіў гэтую кулю ў кішэні, покуль яе не агледзела маці і не накрычала. «Няхай крые бог, гэта ж калекаю праз якое ліха застанешся. Ніколі не бяры». Ды ён, Тонік, не вельмі браў. Гэта большыя хлопцы. Сёння яны нават прынеслі вялікі снарад, не раўнуючы, як парася. Ён доўга ляжаў у агні, покуль узарваўся. Яны ўжо адбегліся аж пад самую вёску, як убачылі спачатку дым, а потым моцна, нібы гром, стрэліла — каровы паднялі вушы і сталі нюхаць вецер. Болыныя хлопцы яшчэ вярнуліся паглядзець, што засталося ад агню і снарада. Іх, меншых, не пусцілі. Казалі, што снарад пракапаў вялікую, можа, на метраў сто, канаву.
Засынаючы на цёплай яшчэ пад анучамі печы (ён заўсёды, калі не было мамы, спаў на печы і ніколі не чуў, як яна пераносіла яго на ложак), Тонік думаў, як раніцаю ён пабяжыць на тое месца, дзе сёння яны клалі агонь. I яму ўжо снілася Лука, тое асадніцкае балота, куды прыганялі сваё быдла аж тры вёскі. I ён ужо бачыў, як у агні яшчэ ляжаў снарад, як усе ўцякалі, а толькі ён, Тонік, ніяк не мог варухнуць нагамі. I снарад узарваўся, і Тоніку раптам здалося невядома чаму, што ўзарваўся ў сенцах. Тонік адкрыў вочы — нехта моцна грукаў у дзверы.
«Пэўна, маці», — думаў ён, ссоўваючыся з печы на лаўку, дзе стаяла вядро з вадою, на якім заўсёды дробненька звінеў вочап. Тонік выбег у сенцы. «Хто там?» — хацеў спытаць ён, як пыталіся ў яго заўсёды, калі ён прыходзіў да каго вечарам, але на надворку, яму здалося, гаварылі чужыя. Нечая рука адтуль ізноў моцна страсянула дзверы.
«Каб не стралялі!»— Тонік нават перастаў дыхаць.
— Стараста тут?— спытаўся знадворку нехта тоўстым голасам, і Тоніку здалося, што гэты «нехта» быў надта высокі, як Піліпаў Васька, па якім мераліся ў вёсцы, бо, убачыўшы каго рослага, казалі: «Вялікі, як Васька».
— Няўжо спяць?— загаварыў другі асіпла і тонка, мусіць, нізенькі.
— Мамы нямашака дома, — сказаў Тонік. Ён помніў, што мама наказвала не адчыняць нікому чужому — пастукае ды пойдзе.
— А дзе ж жыве стараста?— спытаўся той самы тоўсты голас.
— У нас!— адказаў Тонік, нарэшце здагадаўшыся пра тую яловую палку, якую ён насіў да Жолудзяў і якая ляжала цяпер на прызбе, і пасмялеў.
— Дык адчыняй, чаго ты баішся, — здаецца, ужо добра сказаў той самы, мусіць, высокі. Тонік намацаў у поцемках засаўку і, націскваючы плячом на дзверы, з грукатам яе адсунуў. На дварэ іх было куды болей — ужо потым разгледзеўся Тонік, калі яны перасталі свяціць яму ў вочы ліхтарыкам, — і ўсе ў чорным, з аўтаматамі на грудзях, з нейкімі малаватымі на булаватых галовах пілоткамі.
«Паліцыянты… Яны хоць па-нашаму гавораць».
— Дык дзе ж той стараста? — спытаўся асіплым, тоненькім голасам якраз самы высокі з іх, той, што свяціў у вочы ліхтарыкам.
— Наша сёння хата за старасту.
— Як?
Да нас дайшла радоўка, сказаў Тонік, ужо адчуваючы, што яго ці ад холаду, ці ад страху пачынае калаціць.
Хрэн з ёю, з гэтаю радоўкаю! — загаварыў намнога ніжэйшы за таго большага, але тым самым тоўстым голасам. — Ты ведаеш, у каго ёсць коні?
— Ведаю, — сцішна адказаў Тонік, раптам успомніўшы, як ён ледзь не наскочыў сёння на Арсенікавага бацьку, Сямёна Мокуця, калі той вёў да рэчкі паіць каня.
— Ну, ідзі, пакажаш!
На вуліцы каля плота іх цямнела многа. Недзе гаварылі, чуваць было, і ў другім канцы вёскі. «Аблава», — падумаў Тонік. Гэтакае было на згоне зімы, тады, калі нямецкія салдаты бамбілі Ліпава, што пад лесам, і ў іхняй вёсцы хацелі застрэліць Піліпавага Ваську, што скоса глянуў на немца.
— Во, у іх ёсць конь, — паказаў Тонік на Мокуцеву хату, калі большы мінуў Арсенікаву брамку.
— Хлопцы, ідзіце сюды, — спыніў высокі, пэўна, загадваючы тым, што стаялі, падпёршы плячыма частакол.
— А ў гэтай няма?— паказаў рукою меншы на Жолудзяў, убачыўшы, што Жолудзеву хату невядома чаму мінулі.
— Не, — сказаў Тонік, бо ведаў, што Марціну Жолудзю садзіў бульбу і вывозіў гной стары Піліп, што жыў у другім канцы вёскі.
— Конь у Хведаравых ёсць, — у Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым — конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся, — і ў Шакуна, што за імі, — яшчэ ўспомніў Тонік.
— А дзе гэтыя Хведаравыя?— пацікавіўся той высокі, як Піліпаў Васька.
— А вунь пад бярэзінаю. — У Хведаравых на надворку расла старая бяроза, і ўсе ў вёсцы казалі на гэтае месца «пад бярэзінаю».
— Скажы, а ў партызанах з вашай вёскі ёсць хто? — пацікавіўся раптам меншы.
У партызанах быў Верчын Сярожа. Ён нават прыходзіў дадому і танцаваў на вечарынцы з Жолудзеваю Волькаю, і ўсе гаварылі, што яны любяцца.
— У нас партызанаў няма, — сказаў тое самае Тонік, што гаварыў аднаго разу стары Піліп на вуліцы чырвонаму немцу; Тонік ніколі не бачыў, каб былі гэтакія чырвоныя, як жар — і валасы, і бровы, — людзі.
— Ну ладна, бяжы дадому, — махнуў рукою большы. I Тонік пабег. Мінаючы Мокуцяў, бачыў, што ў тых у хаце паліцыянты бліскалі ліхтарыкамі, і чуў, што гаварыў сам Мокуць: «Паночкі, ды я ж учора толькі ездзіў».
«Мне ўжо не будзе каго баяцца, калі Мокуця забяруць у абоз», — радаваўся Тонік і тут жа ўспомніў, што дадому, пэўна, ужо вяртаецца маці — адна, гэтакаю цемнатою. I каб яе не застрэлілі — раптам спалохаўся ён. I ўжо дома не спаў, покуль яна не вярнулася з Азяранскіх хутароў, так і не пазычыўшы мукі.
3
На трэці дзень паявіўся Мокуцеў конь з хамутом і набедрыкамі, але без воза. Раніцаю яго ўбачылі пастухі: ён піў у рэчцы ваду, за ноч, мусіць, добра выеўшыся на чужых сенажацях.
Выйшаўшы на бераг на сухі пясок, конь укленчыў на пярэднія ногі, выцягнуўшы шыю, прылёг на бок і, брыкаючы нагамі, перавярнуўся на спіну. Потым, падняўшы худы азадак, конь устаў. Шырока расставіўшы ногі, страсянуў з сябе жоўты пясок, пакруціў галавою, фыркнуў і памалу пайшоў у вёску.
— А вунь ваш конь, — паказаў Арсеніку большы Жолудзеў.
Арсенік паправіў на плячы шлейку, выцер рукавом нос і пабег лавіць каня.
«А дзе ж Мокуць?»— гледзячы ўслед Арсеніку, падумаў Тонік, і раптам яго апанаваў страх: «А што будзе, калі не вярнуўся? Гэта ж усе ведаюць, што я быў за старасту, і адразу падумаюць — удаў Мокуця».
Конь тым часам быў ужо ў вёсцы.