Ядвігін Ш. — Антон Іванавіч Лявіцкі

Ядвігін Ш

   Ядвігіну Ш. — Антону Іванавічу Лявіцкаму (1861-1922) — па арыгінальнасці і мастацкай форме ўвасаблення ментальнасці беларуса роўных няма.  

   Творчасць пісьменніка шматжанравая: байкі ў прозе, лірычныя метафарычныя апавяданні, сатырычныя замалёўкі, анекдоты, прытчы, фельетоны, дарожныя нататкі, вершы ў прозе, мастацкая публіцыстыка, мемуары, раман «Золата». 

   Самы першы друкаваны твор Ядвігіна Ш. апавяданне «Суд» (апублікаваны ў газеце «Наша воля» ў 1906 г.) — жанрава праграмны твор.  

   Ён — заяўка на жанр, на гумар у нашай літаратуры. Смех Ядвігіна Ш. — гэта суд над тым, што не мае права на існаванне, што недарэчна і небяспечна, што бесчалавечна, амаральна і нават проціпраўна.  

   Апавяданнем «Суд» аўтар сцвярджае, што суды, як і ўсё іншае, на Беларусі павіны правіць яе сыны, якія будуць са сваім народам гаварыць на сваёй прыроднай мове. І тады такіх непаразуменняў, якія паказаны ў апавяданні, не будзе, яны выключацца, бо не будзе для недарэчнага і трагікамічнага самой глебы, асновы.  

   Твор пачынаецца з аўтарскага маралізавання, павучання: «Эх, браточкі, кепска стала жыць на свеце, калі ўжо за курыцу сусед суседу колам галаву пашчапаў, ды пасля за гэтую самую курыцу (ведама, спусціўшы адзін другому юху) будуць цягацца па следавацелях ды па судах…. A ім, гэтым задзіракам, колькі гэта курыца будзе каштаваць?»  

   Да ладу і згоды схіляў сялянаў і немец-суддзя. Толькі вось бяда: сяляне памкненняў не разумеюць. Ён прапанаваў ім памірыцца (з вуснаў немца-суддзі гэтае слова гучала як «памерыцца»: «Зачем суд? Памертесь!… Ідіте, — кажа, — в корідор помертесь! На то соседі — зачем суд?»). А яны, «бесталковыя», пачыналі мерацца, стаўшы спінамі адзін да аднаго — хто з іх вышэйшы. Хіба ж гэта не смешна? Але смешна не гэтым сялянам, а тым, хто з іх смяецца, хто пачувае сябе вышэй за мужыка-беларуса, — расійскі чыноўнік ці які-небудзь пярэварацень з тутэйшых, якога вывучылі на царскага чыноўніка.  

   У палымяным артыкуле «Людзі — людзьмі забытыя» Ядвігін Ш. сцвярджае тую ж думку: з народам трэба гаварыць на яго мове.  

   Інакш, калі гэтага не рабіць, грамадства чакае шмат розных канфузаў, асабліва ў такой далікатнай справе, як суд.  

   Ядвігін Ш. — не байкапісец, а менавіта баечнік, як дакладна вызначаў М. Багдановіч стылёвую і жанравую асаблівасць яго творчасці. Байкапісец і баечнік — блізкія, але не тоесныя паняцці.  

   Ядвігін Ш. — выдатны апрацоўшчык, інтэрпрэтатар філасофскіх і сатырычна-гумарыстычных народных жанраў, у якіх з асаблівай сілай якраз і выяўляецца ментальнасць народа.  

   У ментальнасці кожнага народа ёсць не толькі тое, што захаплення, замілавання, але і смеху варта. Калі мы нарэшце гэта ўсвядомім, то зразумеем і ўсю недарэчнасць гора-крытыкаў, якія абвінавачвалі Ядвігіна Ш. у панскім высмейванні селяніна, ягонай цемнаты і забітасці.  

   Не патрэбны майстру і крытыкі-адвакаты, якія па-ментарску даводзяць чытачу, маўляў, Ядвігін Ш. са здзеклівай сатырай піша пра паноў, а пра мужыка — з гумарам. Ядвігін Ш. смяецца з дурасці, прыніжанасці, пыхлівасці незалежна ад таго, хто іх носьбіт.  

   Сінтэз камічнага і трагічнага вызначыў такую разнавіднасць анекдота, як лубок. З яго, як з крыніцы, чэрпаюць сюжэты твораў і «сакрэты» майстэрства і сучасныя пісьменнікі. Трагікамічная сітуацыя, калі бацькі пахавалі «свайго» сына-блакунягу, а ён… з’явіўся на ўласныя памінкі, стала асновай філасофскай сацыяльна-бытавой сатырычнай камедыі «Парог» Аляксея Дударава.  

   Мудрасць, прароцтва, аптымізм Ядвігіна Ш. выявіліся ў байках, анекдотах, прытчах «Падласенькі», «Вучоны бык», «З маленькім білецікам», «Пазыка».  

   Некаторыя з названых твораў — своеасаблівая «школа для прасцякоў». Героі трапляюць у трагікамічную сітуацыю праз асабістую празмерную даверлівасць, шчырасць, дабрыню, самаахвярнасць, якія жорстка скарыстаны злыднямі, круцялямі, рабаўнікамі, нават уласнымі дзецьмі.  

   Як не прыгадаць тут папулярны ў народзе лубок пра ўпартую жонку. Тая, нават ужо топячыся, з вады пальцамі, як нажніцамі, паказвала, што барада ў мужа не голеная, а стрыжаная, замест таго, каб ухапіцца за мужаву руку і выратавацца.  

   Дарэчы, мала хто ведае да канца гэты анекдот, лічаць што ўтапілася — і усё. Але анекдоту ўласціва нечаканая, непрадказальная канцоўка, а не толькі камічная, ці, як у лубку, трагікамічная сітуацыя.  

   A канцоўка такая:  

… І пайшоў муж супраць цячэння шукаць жонку. Ідзе, да карчоў

прыглядаецца. Пытаюцца людзі:

— Чаго шукаеш, чалавеча?

— Ды, жонка ўтапілася, мо вадою вынесе.

— Ці маеш ты розум?! Дык ты ідзі па цячэнні!

— Э.., не, даражэнькія! Вы не ведаеце маёй жонкі: яна і мёртвая супраць цячэння ісці будзе.

   Упартасць да дабра не даводзіць. Гэта зразумела ўсім. Ядвігін Ш. усёй сваёй творчасцю сцвярджае: усё празмернае да дабра не даводзіць. Нават празмерная руплівасць, самаахвярнасць, як і бацькоўская бязмежная любоў да дзяцей. Лішняга і свінні не ядуць — кажуць людзі. Усё добра ў меру. І з розумам. Бязмежная цярплівасць, якую, да прыкладу, называюць талерантнасцю, мяжуе з прыніжэннем і стратай годнасці, з халуйствам. Як справядліва сказаў Ніл Гілевіч: «Зноў нас хваляць — і зноў за халуйства. І мы ўдзячна прымаем хвалу…» 

   Пісьменнік-прарок задоўга да Міхаіла Булгакава папярэдзіў і нас пра небяспеку з’яўлення шарыкавых — таго тыпу людзей, якія, валодаючы мізэрным запасам маральных і інтэлектуальных якасцей, могуць прэтэндаваць на ролю «вяршыцеляў лесу»; нават больш — скарыстаўшы небяспечныя грамадскія пафозлівыя анамаліі і перакосы, рэалізуюць свае прэтэнзіі і ўжо тры скуры здзяруць з тых, хто адну скуру добраахвотна зняў з сябе раней, каб «падласенькі стаўся чалавекам». Падласенькі пасля няўдалай спробы «рыхтавання на чалавека» заяўляе банькам: «Гэта я… толькі так — да часу, a калі хочаце, каб саўсім стаўся чалавекам, то на навуку не адну, а тры скуры спусціце…» Падласенькі, папярэджвае пісьменнік, не стаўся і ніколі не стане чалавекам; нават больш — падласенькі зарохкае і ўжо свіным капыцікам пастукае нам усім у акно. І вось тады будзе позна! 

   Пра тое, што бывае ў жыцці з усімі, хто, «каб даць выгоду свайму гадунцу», не шкадаваў сябе, ахвяраваў усім для «гадунца», «бязмерна» (зноў «бязмерна»!) цешачыся адной толькі надзеяй, што «вось-вось цяпер настане для ўсіх новае, спакойнае, лепшае жыццё», — зноў папярэджвае Ядвігін Ш. (каторы ўжо раз папярэджвае!) у апавяданні-прытчы «Гадунец».  

   На карысць таго, што «Гадунец» — метафарычнае філасофскае апавяданне-прытча, а не байка, сведчыць наступнае.  

   Умоўнасць у гэтым творы — сімвал, а не алегорыя, як у байцы. Алегорыя — адназначны троп. У тлумачэнні ж сімвала магчымыя варыянты. Ён дапускае рознае разуменне, злучае некалькі значэнняў.  

   Для некаторых кусцікі — толькі ахвяры зла ці нават носьбіты дабра, што загінулі ад зла, імі ж узгадаванага: «Тоўстае карэнне, вялікія галіны, густыя лісты баранілі іх ад ворагаў: паводак, ветраў, — але гадунец гэты закрыў ім і… сонца. І — пагінулі кусцікі!»  

   «Гадунец гэты» — так выявіў аўтар свае адносіны да таго, хто перамог. Але каго перамог? У імя чаго? Не ўслаўленне вечнасці жыцця і ў мовы яго руху наперад, калі новае ідзе на змену старому, а асуджэнне бяздумнай, бязмернай дабрыні, што ўзгадавала сваю пагібель, і жаль па ахвярах чуюцца ў творы.  

   Павучанне, перасцярога ў гэтым прыкладзе настолькі адчувальная, што твор усведамляецца як прытча. Да ўсяго ж у ім героі выпрабоўваюцца выбарам, а ў аснове прытчы — этычны выбар. Сэнс прытчы не ў тым, які чалавек паказаны, а ў тым, які этычны выбар ім зроблены. І галоўная ідэя выяўляецца ў прытчы праз сітуацыю выбару, якой і выпрабоўваюцца героі. І ў «Гадунцы» кусцікі таксама «сталі шаптацца… каб як долю сваю паправіць. Раіліся, раіліся і ўрэшце прыдумалі…». Прыдуманае кусцікамі дзеля свайго выратавання «разраслося на здзіў высокое, на здзіў шырокае, на здзіў густое», што закрыла і сонца.  

   У апавяданні «Заведзеная надзея» з эпіграфам «Не тудой дарога» вырашаецца падобная сітуацыя, але ўжо з праекцыяй на чалавечае грамадства. Жыццё людзей нейкага краю стала ўжо зусім невыносным, і на сваёй галоўнай радзе яны вырашылі, «надумаліся ўзгадаваць спаміж сябе такого, каторага веліч і сіла змагла б усіх ворагаў беднага люду».  

   І вось якімі былі вынікі тых нечалавечых высілкаў: «Аддаў ён [народ] ужо ўсё, што мог аддаць, і вось цяпер узгадаванаму з остатка гадунцу свайму пачаў выкладаць свой жаль, сваю крыўду, каб заступіўся за іх. Але, як гром з ясного неба, неспадзяванае няшчасце знішчыла ўжо надзею абяднеўшага народа: яго стогн каціўся па зямлі, але не шыбаў у гару, дзе бы пачуў народны выбранец, а той, спаглядаючы з гэтай вышы ўніз, не мог даглядзець потам і крывёй залітай зямлі, па каторай варушыліся яго маленькія кармільцы».  

   A. Дышлевіч у артыкуле «На пераломе стагоддзяў» сцвярджае, што пераважная большасць алегарычных апавяданняў [Ядвігіна III.] — паводле формы, стылю, накіраванасці нагадвае байкі ў прозе (да прыкладу, «Рабы», «Дуб-дзядуля», «Вяселле», «Зарабляюць», «З бальнічнага жыцця», «Гаротная»). Большасць пералічаных А. Дышлевічам твораў ніяк не адпавядаюць жанру байкі.

   «Дуб-дзядуля» — своеасаблівая літаратурная загадка, сутнасць якой можна раскрыць словамі Ф. Скарыны: у ёй хаваецца «іншая мудрасць і навука». У ёй схавана «мудрасць, як сіла ў дарагім каменні, як золата ў пяску, і ядро ў арэху».  

   Змест твора складае сон-сімвал. Сімвал, бо нехта ўсвядоміць яго як суцяшэнне знявераным, што шлях да выратавальнай жывой вады ляжыць праз пакуты і выпрабаванні, праз працу, праз бяду і гора — праз цярпенне; нехта — як наказ мудрым і дужым ісці і не схіляцца ні перад чым у імя таго, каб «ценькія, але гладкія, роўныя дубочкі» вылезлі з-пад дуба-дзядулі.  

   Сімвалічны і вобраз жывой вады. Нехта разумее яе як мэту ці як ісціну, а яна, ісціна — у вечнасці і несупыннасці жыцця. Для некага жывая вада — гэта сіла, якая і забяспечвае вечнасць жыцця.  

   Повязь вякоў і пакаленняў, сіла і мудрасць, якую перадаюць дубы-дзядулі «ценькім дубочкам», — вось, на думку пісьменніка, закон вечнасці і яе ўмова. Маналог дуба-дзядулі напоўнены пісьменніцкім клопатам і пачуццём трывогі за найвялікшую каштоўнасць, якая перадаецца ў спадчыну новаму пакаленню і дзеля якой трэба шукаць жывой вады, — за Бацькаўшчыну. Шукаць жывую ваду і знайсці яе — значыць служыць Бацькаўшчыне верай і праўдай, берагчы яе як зрэнку вока. Толькі пры такой умове з-пад дубоў, што ўпалі, будуць прарастаць ценькія дубочкі… Метафарычнае апавяданне «Дуб-дзядуля» — мудрая казка жыцця.  

   А вось апавяданне «Дачэсныя» сапраўды нагадвае байку і ў значнай ступені адпавядае канонам гэтага жанру. У творы ёсць усе прыкметы байкі:

• іншасказанне (алегорыя);

• злая, здзеклівая сатыра, іронія;

• мараль, павучанне (праз падтэкст);

• нават папярэджанне, пераканальна выпісаная «перспектыва» і наступствы пэўных адмоўных грамадскіх з’яў (самы,бадай, прарочы з усіх твораў Ядвігіна Ш.);

• нават трагікамічная сітуацыя («мудрахітрая» пастанова даглядаць і даіць карову па чарзе і апісанне, чым гэта скончылася).

   Гэты твор, аднак, мае акрэсленыя прыкметы і памфлета. Нагадаем, што памфлет можа выступаць у форме розных жанраў. Ад памфлета ў «Дачэсных» — выкрыццё непрымальнага, варожага пісьменніку палітычнага ладу або канкрэтных яго прадстаўнікоў, вострае высмейванне пэўнай грамадскай з’явы.  

   Элементам светапогляду Ядвігіна Ш. было непрыманне рэвалюцыйнага шляху вырашэння любых супярэчнасцяў, арганічнае непрыманне таго, што адбылося ў выніку кастрычніцкага перавароту ў 1917 г. Твор напісаны ў 1912 г. Трагедыя Ядвігіна Ш. — гэта трагедыя чалавека, які ўсё разумее, усё прадбачыць, але бяссільны спыніць гэтую жудасную машыну. Што ж, нас папярэджвалі, і Ядвігін Ш. — адзін з многіх, хто рабіў гэта.

   Дачэсныя — гэта значыць несумленныя, бессаромныя, нячэсныя, крыжа на такіх няма. Хто ж у творы дачэсныя?  

   У вобразе гаспадыні пісьменнік паказаў такія выявы зла, як сквапнасць, несправядлівасць, несумленнасць, чорную няўдзячнасць, калі за дабро плацяць злом. Пісьменнік гэтым вобразам сцвярджае, што зло спараджае толькі зло.  

   Вобразам ільва пісьменнік папярэджвае ўсіх нас пра небяспеку давядзення грамадства да такога стану, калі яго можна завесці ў «лес», дзе правяць воўчыя законы, галоўны з якіх — закон сілы. «Не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце», рабуй нарабаванае, жыві ў лесе, дзе правіць закон сілы, — такое выйсце падказвае, такую параду дае леў ваўкам. І сталі ўжо гэтыя, некалі сумленныя, ваўкі самі дачэснымі гаспадарамі. Пра такую сітуацыю І. Губерман пісаў:

Боюсь, как дьявольской напасти,

Освободительных забот:

Когда рабы стоят у власти,

Они куда страшней господ.

   Леў і ёсць увасабленне страшнай, разбуральнай сілы, здольнай абудзіць усё самае нізкае ў іншых, арганізаваць і маніпуляваць імі дзеля сваіх мэт. Усё — дзеля таго, каб «паміж згоднай даўняй воўчай сям’і пачаліся звадкі, завялося шальмоўства…». Каб «загаціць пекла да варотаў», каб «няпраўда праўду акілзала», як вобразна сказаў Я. Купала ў вершы «Разлад».  

   Іранічна, здзекліва-сатырычна паказаў Ядвігін Ш. у «Дачэсных» розныя выявы зла: сацыяльную несправядлівасць, няўдзячнасць, ашуканства, «мудрахітрыя» пастановы, правадырызм і дыктатуру…  

   А якую ж выяву зла пісьменнік лічыць самай максімальнай — самай небяспечнай і страшнай? Пытанне філасофскае. Нехта з чытачоў будзе даводзіць, што найстрашней першапрычына разладу — несправядлівасць, бо з яе д’ябал загаціў «пекла да варотаў»: нехта — што найбольшай сілай валодае зло, надзеленае ўладай і здольнасцю маніпуляваць іншымі, што і ўвасоблена ў вобразе льва. А сродак маніпуляцыі — карова, якую ўсе павінны даглядаць супольна па чарзе.  

   Заслуга Ядвігіна Ш. у тым, што ён змог, як і Франц Кафка, Андрэй Платонаў, Міхаіл Булгакаў, прадбачыць многае з сённяшніх рэалій. У гэтым нельга адмовіць геніяльнаму філосафу, творчасць якога больш як паўвека, па сутнасці, не была вядома шырокаму колу чытачоў.  

   У творах «Зарабляюць» і «Гаротная» няма, як у папярэдніх, алегарычнага, фантастычнага, неверагоднага. Гэта не байкі і не казкі. а праўда жыцця. І такая праўда, якую не пажадаеш зведаць нікому.  

   Яшчэ ў гэтых творах буйным планам выпісаны не носьбіты дабра ці носьбіты зла, а ахвяры зла. Гэта не алегарычныя, а рэалістычныя апавяданні. 

   Лес і трагедыю народа пісьменнік паказаў максімальна — праз трагедыю асірацелых дзяцей і мацярок, што пахавалі, перажылі сваіх дзяцей у выніку войнаў ці іншых сацыяльных нягодаў. Гэта традыцыйны ў сусветнай літаратуры прыём. Ім пісьменнік дасягае максімальнага ўздзеяння на чытача, выклікае пачуццё жалю, спагады да нявінных ахвяраў і пратэст супраць вінаватых у гэтай трагедыі.  

   Апавяданні «Зарабляюць» і «Гаротная» адрозніваюцца формай і манерай аповеду пра лёс гаротных.  

   У першым аповед ідзе ад асобы пакутніка, ахвяры зла, у другім — лірычны аўтарскі тэкст. Але абодва гэтыя апавяданні — узор высокага, інтэлектуальнага мастацтва, створанага па «тэорыі айсберга»: толькі адна восьмая — на паверхні, сем восьмых — пад вадой. Падтэкст праз дэталі — галоўнае ў такім мастацтве.

   Праз дэталь, вельмі лаканічна, праз дзіцячае, наіўнае светаўспрыманне аўтар паказвае тое, што папярэднічала сіроцтву: «бо казалі, што яна неяк не зусім так, як трэба для могілак, памірала», «жыць было добра, спакойна». Так «добра», што рукі на сябе налажыла? Таму і пахавалі «крышку збоку — за плотам». Так «жыць было добра», што не ўратавала гаротную нават бязмежная любоў да дзяцей. Адным толькі абзацам пісьменнік уславіў маці, яе самаахвярнасць, яе намаганні ўратавацца і ўратаваць дзяцей («А мамака доўга яшчэ сядзіць і шые, шые, шые…»), але сілы скончыліся. Як афарыстычна зазначае пісьменнік-філосаф у «Гаротнай», «на свеце бяда не мае канца», і «можа быць яшчэ цяжэй».  

   Прызначэнне горкай іроніі ў апавяданні «Зарабляюць» — асуджэнне нялюдскага ладу жыцця. Так, пісьменнік паказаў не толькі трагедыю чалавека, але і яго паратунак у тым, што ён не разумее ўсяго трагізму становішча. Праз гэтую дэталь выяўляецца і мудрасць дзіцяці, калі яно лічыла нават тое жыццё, ад якога маці налажыла на сябе рукі, раем у параўнанні з тым, што чакала яго і сястру ў сіроцтве.  

   На ідэю «працуе» і кампазіцыя апавядання: яно складаецца з трох частак. Першая — «добрае» жыццё да сіроцтва. Другая — сіроцтва, калі «жыць стала цяжка», адчайная барацьба за жыццё, за чалавечую годнасць. Трэцяя — «безработная служба» ахвяр. Усе выявы гэтага ладу паказаны паводле прынцыпу градацыі: ад жудаснага да яшчэ больш жудаснага.  

   Праз моўную загадку-дэталь («Ганульку адзелі, як кралю якую, але работы не назначылі ніякай…») паказана самае жудаснае спараджэнне неспрявядлівага ладу — дзіцячая прастытуцыя, «безработная служба», упершыню ідучы на якую Ганулька, «амаль не ўсю ноч пракленчыла пры мамчыным ложку — малілася і плакала, плакала і малілася…». Так пісьменнік пранізліва сказаў пра «безработную службу» дзіцяці як пра самую мярзотную форму рабства, як фізічнага, так і духоўнага.  

   На падтэкст працуе і пунктуацыя. Частотнасць шматкроп’я запрашае чытача думаць, разважаць, чытаць паміж радкамі, глядзець у глыбіню тэксту. Шматкроп’е ва унісон манеры, стылю апавядання: дзіцячы розум не хоча разумець такога абсурду. Сапраўды, каб стварыць такое жыццё, «людзям галоў і не трэба было…». За гэтымі шматкроп’ямі пісьменніцкі гнеў, абурэнне, пратэст: якія ж розумы і душы маглі стварыць такое бязладдзе, дзе няма ні жалю, ні спагады!  

   Сінтаксічныя канструкцыі, шматкроп’і таксама дапамагаюць аўтару пазбегнуць маралізавання, публіцыстычнасці, робяць твор пранізлівым, шчымлівым — глыбока лірычным.  

   Уяўляючы магчымыя варыянты жыццёвага лёсу Адамкі і Ганулькі, міжволі прыгадваем і лёс іх маці, і лёс гаротнай з аднайменнага апавядання (гэта таксама лёс сіраціны)… 

   І ўсё ж у апавяданні гучаць і светлыя, аптымістычныя, жыццесцвярджальныя ноты. Ёсць у творы тое, што абнадзейвае нас, лечыць нашы душы, напаўняючы іх светлым сумам.  

   Перш за ўсё — гэта ўспаміны Адамкі пра сваю маму, яе казкі («і ўсё так пекна, так жаласліва нагаворыць, што аж нам захочацца быць падобнымі да гэтых птушачак божых»), яе працавітасць, адчайную барацьбу за дзяцей.  

   Гэта — Ганулька з яе пачуццём уласнай годнасці («Чуў толькі ад дворнічыхі, што такіх ганарыстых, як мая Ганулька, — паны не любяць…»), з мацнейшымі, чым у маці, жыццястойкасцю, інстынктам самазахавання («каб адна я была — ведала б, што зрабіць, але цябе шкада»).  

   Нарэшце — унутраны пратэст Адамкі, крык яго душы, «каб увесь свет пачуў»: «Кідай, сястра, безработную службу! Кідай, дарагая мая!»  

   Мы развітваемся з Ганулькай, кал і яна ўжо ў такім стане і на той мяжы, што надзеі на лепшы лес, на жаль, мала, а вось Адамка… Ёсць, ёсць падставы марыць і спадзявацца на лепшую для яго долю, бо на такіх, як ён, разумных, чуйных і чулых, цярплівых і жыццястойкіх, свет трымаецца. Верыцца, што нашчадкі Адамкі дойдуць усё-такі да Беларусі.  

   Вобразамі сірот, беларускіх «дзяцей падзямелля», пісьменнік не толькі паказаў трагедыю народа, але і нагадаў нам усім спрадвечны маральны закон, паводле якога лічыцца цяжкім, неадпушчальным грахом пакрыўдзіць сіраціну, а дапамагчы ёй — зрабіць святую справу, дагадзіць Богу і ўратаваць сваю душу. Існуе павер’е, што за сіраціну заступіцца Бог, пакараўшы крыўдзіцеля. Сіроцкія слёзы не падаюць на камень. На галаву крыўдзіцеля падаюць слёзы сіраціны.  

   Філасофія, пісьменніцкая канцэпцыя ў большасці твораў Ядвігіна Ш. выяўляецца праз умоўнасці і падтэкст. Творчасць яго — сваеасаблівая літаратурная загадка, прачытанне і спасціжэнне якой патрабуе ад чытача духоўных і інтэлектуальных высілкаў, сатворчасці з пісьменнікам. Прачытанне такога кшталту літара туры — разгадка з мэтай спасціжэння глыбокай мудрасці і духоўнага вопыту пісьменніка-філосафа. Так, да прыкладу, у метафарычным апавяданні «Бярозка» сімвалічным вобразам бярозкі пісьменнік сцвярджае, што прырода здольная дапамагчы чалавеку, ратаваць, лячыць яго знявечаную душу. Некаторыя ж чытачы лічаць вобраз спарахнелай бярозкі ўвасабленнем нешчаслівай жаночай долі Марыські.  

   Цэнтральная праблема твора сфармулявана праз рэпліку Марыські. Сапраўды, чаму чалавек не знаходзіць спагады і паратунку ў людзей? Хто вінаваты ў тым? Усе людзі — жорсткія? Ці чалавек і сам вінаваты, што адзінокі на свеце?  

   Пазіцыя аўтара выяўляецца зноў жа праз дэталь: «Лявон маўчаў». Гэтымі словамі апавяданне і заканчваецца, адрасуючы чытачу галоўнае пытанне: чаму ж маўчаў Лявон? Такі раней шматслоўны ў жаданні дабра свайму дзіцяці, а тут маўчаў?  

   Магчыма, таму і маўчаў, што адчуваў сваю віну за такую «навуку» недаверу да людзей. Магчыма, усвядоміў, што нават у сваім шчырым жаданні шчасця і дабра дзіцяці не павінен быў навязваць дачцэ сваё ўспрыманне свету, пазбаўляць яе права на свабоду выбару і ўласны вопыт. Удумлівы чытач можа ўзбагаціць сябе і такой разгадкай сімвалічнага вобраза бярозкі: у кожнага чалавека, сцвярджае пісьменнік, павінна быць нешта, што ўратуе яго ад гібелі ў цяжкую хвіліну. Магчыма, гэтае нешта — справа, якой служыш. Ці мара. Ці наадварот — дарагі ўспамін, адкуль мы таксама чэрпаем свае сілы. Карацей — выратавальны круг, a ў кожнага ён свой.  

   Слушна зазначае літаратуразнавец В. Максімовіч, што ў творах Ядвігіна Ш. «размова ідзе не пра асобнае чалавечае жыццё, а пра быццё цэлага народа, нават чалавецтва; не толькі пра дзень сённяшні, а пра сутнасць цэлай эпохі». І пры ўсім пры гэтым — пра кожнага з нас, тугі цяпер.  

   І. Чыгрын пісаў: «і, бадай, сёння было б няправільна, каб мы цалкам пагадзіліся з тою высокай ацэнкай, якую пісьменніку давалі яго малодшыя сучаснікі, у тым ліку і М. Багдановіч». 

   Наадварот. Мы цалкам пагаджаемся з ацэнкай Багдановіча, дадаючы да яе сваё асабістае захапленне «высокаю красою», глыбокай мудрасцю творчай спадчыны Ядвігіна Ш. І шчырую яму ўдзячнасць за сапраўднае мастацтва, спасціжэнне якога — вялікая эстэтычная асалода, праца душы і розуму.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений