О ты край мой нешчаслівы!
Дзе ж твае ўсе абаронцы?
Ці ўжо ўбачыць твае нівы
Шматчаканай волі сонца?
Вораг, глянь, грабе адкрыта
Дар найшчодры твайго поля,
Ад тваіх ахвяраў сыты,
Ён смяецца з нашай долі.
Цноты продкаў топча, памяць
Аб табе ён выдраць хоча
І за плач па волі пляміць
І карае нас ахвоча.
Робіць з нас ён братабойцаў,
Сее ў душах злосць зацята.
Ну ж і час: сын, бацьку бойся,
Бойся ўсюды, браце, брата!
О ты край мой нешчаслівы!
Дзе ж твае ўсе абаронцы?
Ці ўжо ўбачаць твае нівы
Шматчаканай волі сонца?
Калі ж дзецям, што ў прыгоне,
Шчасце-долю высняць маткі?
І калі выбранцаў скроні
Вы ўвянчаеце, дзяўчаткі?