Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) літаральна ашаламіў Францішка Багушэвіча.
Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова — то нібыта пра яго ці нават зварот да яго.
Ян Чачот, разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым».
Чачотава прадмова да зборніка народных песняў стала першай спробай зрабіць разгорнуты агляд асноўных моўных асаблівасцяў беларускіх гаворак.
Ян Чачот меў цудоўны талент паэта-песенніка. Яго вершы лёгка клаліся на музыку, бо ён быў надзвычай чуйны да мелодыкі слова. Яго песня «Прэч, прэч, сум, нудота..» — бадзёрая, аптымістычная. Яе вельмі любіла моладзь. Твор быў напісаны Чачотам, паводле яго слоў, на матыў песні «крывічан» (тэрмін Яна Чачота): «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла…» Ахвотна спявала моладзь і яго іншыя песні, што былі створаны на матывы беларускіх народных песень: «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся». Песні прызначаліся для паэтавай каханай — Зосі Малеўскай, дачкі рэктара Віленскага універсітэта; Зосю кахаў і Тамаш Зан. Песні гэтыя Зося выконвала на фартэпіяна, яны заўсёды сустракаліся віленскай моладдзю на вечарынах бурнымі воплескамі, а самога аўтара падымалі «на ўра», асабліва за тыя песні, што былі напісаны ім па-беларуску.
Сваё захапленне песнямі Яна Чачота выказаў Адам Міцкевіч у лісце 27 лістапада 1819 г.: «Што мяне… узрадавала — прызнаюся табе па-філамацку — гэта твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць ды прытым агонь… пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка, ты пішаш усё лепш…»
Песні Чачот піша на беларускай мове нават у вязніцы, куды трапляе разам з іншымі філаматамі. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Чачот пасля абвяшчэння яму прысуду спяваў сваю песню:
Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,
Да нас павядуць да далёкое Русі.
«Лёгкасць» і той «паэтычны агонь», пра якія казаў A. Міцкевіч, вялікі сябар Яна Чачота, — адметнасць яго паэзіі. І гэта пры ўсім тым, што ён быў першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліку, уздымаючы «сваю скібіну слова».
Ніяк нельга пагадзіцца са сцверджаннем некаторых літаратура-знаўцаў, быццам «для Яна Чачота беларускія вершы былі практыкаваннямі на беларускай мове», што ён «выдаваў іх для нашчадкаў, асабліва для навукоўцаў-лінгвістаў». Нават калі і так, то зусім не благі клопат для кожнага самавітага прыстойнага чалавека, а тым больш — творцы. Ян Чачот сапраўды клапаціўся пра нашчадкаў, бо і нам прысвячаюцца, нашым душам і розумам адрасаваны яго радкі, у якіх і«лёгкасць», і «паэтычны агонь»:
Гэй вы, хлопцы,
Гэй, малойцы,
Час за працу брацца —
Досыць з Бахам знацца!
Вам чало ўвянчае
Край, што так чакае
Вашых слаўных дзеяў:
Вы — яго надзея!…
Вам навукам, працы
Трэба ўсім аддацца!
Каб не змарнавалі
Час і не праспалі.
Ключ да шчасця — знаю —
Ў клопаце аб краю!
Гэта і нам наказвае Ян Чачот:
Сейце без прынукі
Вы святло навукі.
… Кожны з нас айчыне
Паслужыць павінен.
Свету, добрым людзям —
Славу так здабудзем.
Афарыстычна сфармуляваны Янам Чачотам духоўны тэстамент:
Будзе той каханы,
Лаўрамі ўвянчаны,
Хто працуе ў поце,
Дбаючы аб цноце,
Каб вярнуць, браты,
Век наш залаты!
(«Гэй, малойцы!»)
Да нас дайшло няшмат беларускамоўных твораў Чачота (каля 30 вершаў, змешчаных у шасці тамах беларускіх народных песень). Бясспрэчна, самую большую каштоўнасць з яго спадчыны ўяўляе менавіта фалькларыстыка. У беларускай фалькларыстыцы Ян Чачот — «постаць, можна сказаць, першай велічыні… Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста», — сцвярджае К. Цвірка.
З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую каштоўнасць уяўляюць і яго балады, напісаныя на польскай мове. Сучаснаму чытачу яны вядомы ў выдатным перакладзе на родную мову Уладзіміра Мархеля.
Вядомы польскі вучоны Станіслаў Свірка ў 1958 г. пісаў, што «…тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці».
Адам Міцкевіч быў вельмі ўдзячны свайму сябру. Нездарма, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота.
Паэта цікавіць мінулае роднага краю. Захапленне самым! Значнымі постацямі мінуўшчыны, асабліва Львом Сапегам, які спрычыніўся да Статута ВКЛ, вывучэнне летапісаў і хронік натхніла Яна Чачота на стварэнне балад. У іх ён выявіў сваё разуменне гісторыі, свой светапогляд:
Горш няма, чым сварка дома,
Брат ідзе на брата,
Пэўна ўжо ад калатнечы
Прападзе іх хата.
Так пачынаецца балада «Разлад Вітаўта з Ягайлам», у якой Ян Чачот акцэнтуе ўвагу на тым, што разлад паміж Вітаўтам і Ягайлам скарысталі ворагі: «крыжакі прыйшлі адразу ў дом іх для расправы». Выснова паэта, што мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння, выяўлена ў апошняй страфе:
Тут навука для нашчадкаў
Хай заб’е трывогу:
Хто ж ваюе дома й кліча
Ворага ў падмогу!
Балады Яна Чачота цікавыя да ўсяго яшчэ і асобасным яго «прачытаннем» гісторыі і гістарычных крыніц.
Усе творы Яна Чачота — сапраўды беларускія. І не толькі тыя, што напісаны на беларускай мове, але і польскамоўныя. Беларускія — сваім пафасам і праблемамі, якія вырашае ў іх паэт, і выключна нацыянальным матэрыялам і каштоўнасцямі, якія ён сцвярджае. Прайшоўшы праз турмы і ссылкі, да канца сваіх дзён Ян Чачот застаўся верным беларускаму народу, яго культуры і мове.