Ян Чачот — Свіцязь

Ян Чачот

   Балада
 

1

Так, добра, што сёння жывая
Фантазія барда з-пад Нёмна
Забегла туды, дзе гайдае
Шыр водную Свіцязь няўтомна,
І там свіцязянак сустрэла,
І звіць тры вянкі ім здалела.
 

2

Мне слава яго, як бальзамам,
Душу ажывіла. Прызнацца,
Рыфмую і я, ды з Адамам
Мне ў гэтым усё ж не зраўняцца:
Верш кепскі мой, муза не тая!
Падам, што з вякоў люд наш бае.

 

3

Бо шмат ад сябе ты, Адаме,
Наплёў пра часіны былыя.
Усё ж занядбаўшы паданне,
Якое данеслі старыя.
Яго чуў Тамаш у народзе
І мне перадаў пры нагодзе.

 

4

На месцы, дзе Свіцязь, як вока,
Чысцюткая, горад раскошны
Быў некалі, знаны далёка,
І ў імжыў купец найзаможны,
Які меў дачку, што сваёю
Усіх чаравала красою.

 

5

І вось закахаўся ў дзяўчыну
Убогі хлапец. Як пра гэта
Расказвае жудасны ўчынак,
Які і з’яднаў іх праз лета.
Быў хлопец з кішэняй пустою
І з гэткай жа самай душою.

 

6

"Аддам у замужжа дачку я
Таму, хто шмат золата мае", –
Купец даў аб’яўку такую.
Хто хоча, няхай паспяшае:
Ля юнай красуні чароўнай
Заўсёды залётнікаў поўна!

 

7

Дзе ж грошай узяць? Невясёла
З сабой разважае каханак.
Сланяецца, звесіўшы голаў,
Ці дзень, ці то вечар, ці ранак.
Ідумае ўсё. Ды хіба ты
Прыдумаеш тыя дукаты?

 

8

Якой жа знайсці можна рады
Яму тут без грошай, не знае.
І д’ябальскі план, як панада,
Ужо ў галаве выспявае:
"Пайду я да ростаняў – можа,
Рагаты дарадчык паможа".

 

9

У горадзе Свіцязі – поўнач,
Спяць людзі, і вецер, і рэха.
І толькі сабакі на поўнік
Штось выюць, заходзяцца ў брэху.
Не, мусіць, усё ж недарэмна
Спакою няма ім, нядрэмным.

 

10

Крадзецца хлапец сярод ночы
І сам паддае сабе страху.
У страха ж – вялікія вочы:
Ужо аж трасецца ад жаху.
Ды йдзе ўсё ж – штурхае каханне.
Дзе ж тое дарог скрыжаванне?

 

11

А вось і яно. Пад дубамі
Стаў, свіснуў, пужліва стаіўся.
Аж выйшаў тут д’ябал з рагамі –
Ледзь хлопец не перахрысціўся.
Ды гэтакі страшны, агідны –
Няўжо ёсць такія страшыдлы?

 

12

Пазногці на лапах курыных –
Крукамі. Дзюбаты. З вужакаў –
Яго валасы. Хвост – казліны.
Агонь у зубах! Сам –у фраку.
Спужацца тут можна да смерці –
Няхай бы ўзялі яго чэрці!

 

13

Стаіць бедачына – дзе ж дзецца?
Ну, а валасы ў яго – дыба!
Ад страху і не абзавецца –
Маўчыць, як у возеры рыба.
"Ты к д’яблу, мінаючы Бога,
Прыйшоў па якую падмогу?

 

14

Кажы, не трасіся! Раз ногі
Сюды прывялі, к майму схову,
Чаго ж мае страшаць так рогі,
Што аж адняло ў цябе мову?
Калі ты рашыўся, то трэба
Быць смелым – хай пекла ці неба!"

 

15

І хлопец – знайшоў такі сілы –
Так д’яблу на гэта гавора:
"О д’ябле! Ўвесь свет мне нямілы!
Сюды прывяло мяне гора!
Я моцна дзяўчыну кахаю,
Ды… грошай, бо бедны, не маю…"

 

16

"Ага, зразумеў: без дукатаў
Цябе мець ніхто не жадае?
Ну, што ж, памагу я, ды плата
Тут будзе усё жне малая:
Аддаць жа павінен за грошы
Ты д’яблу душу, мой харошы!

 

17

І загадзя я заяўляю:
Не дам табе грошы гатоўкай,
Бо іх у запасе не маю –
Сам цешуся во залатоўкай:
Шмат трацімся мы на інтрыгі,
Але часта маем з іх фігі".

 

18

Як быць? Што рабіць бедачыну?
Душы не даваць тым рагатым?
Але ж хіба зможа дзяўчыну
Займець ён без іхніх дукатаў?
І хлопец на скуры валовай
Крывёй сваёй піша ўжо ўмову.

 

19

Так піша, як д’ябал дыктуе,
Ледзь водзіць рукою аслаблай,
І нібы праз сон ужо чуе
Ён мову жахлівую д’ябла.
Ды пот толькі вытра і зноўку
Выводзіць пад тую дыктоўку:

 

20

"У поўнач, дзе слуп, пад дубамі,
Ты станеш каля раздарожжа,
І мы табе ў рукі агнямі
Купца заманіць дапаможам.
Заб’еш яго, возьмеш дукаты –
Адразу ж тут станеш багаты.

 

21

Жыць будзеш – усё даюць грошы! –
Ты лепш за вяльможнага пана,
Жыць сорак гадоў у раскошы
З дзятвою і жонкай жаданай.
А потым цябе у балота,
У пекла, мы прымем з ахвотай!

 

22

Каб важна было гэта болей,
Мы ўсе па цябе прыйдзем самі:
У хованкі толькі, саколе,
Не ўздумай гуляць ты з чарцямі.
Табе будзе лепей самому,
Калі не ўцячэш тады з дому".

 

23

Трактат падпісалі грунтоўна
Абодва – ну, як у "Тукаю",
І ўраз разышліся бязмоўна.
Хлапец скіраваў да ручаю
І з рук кроў вадой там змывае
Ды гэтак з сабой разважае:

 

24

"Ну, што ж! Покуль з’явяцца чэрці
Мяне браць у пекла па часе,
Сто раз яшчэ можна памерці –
Унь колькі гадоў у запасе!
А мы той часінаю будзем
І есці, і піць так, як людзі!"

25

Нікчэмнасць! Вяршыня раскошы:
Піць, есці − і больш анічога!
А браць у каго яму грошы −
Не важна: у д’ябла ці ў Бога.
Сумленне ў разлік не ўваходзіць:
Хіба ж яно шчасце дзе родзіць?

26

Ды хай хоць каханне кабеты,
Няхай з асалод асалода −
Як будзе ў дарозе да мэты
Жыццё хоць чыё перашкодай,
Чым звесці са свету другога,
Сябе лепей знішчы самога!

 

27

Але і сябе ўсё ж няможна:
Жыццё − гэта ўласнасць не наша,
Яго адымаць нам −бязбожна.
А той жа, хто мысліць іначай,
Той, хто за дукат забівае,
Як д’ябал, душы ён не мае.

 

28

Ужо, слухачы мае, бачу:
Не так я пачаў спеў свой троху −
Па хлопцу ніхто з вас не плача,
І д’яблам я вас не спалохаў.
А што ж за балада такая,
Што чортам каго не злякае!

 

29

Тут мушу я вам растлумачыць:
Быў добры я ў часе запеўкі,
Другое (прашу мне прабачыць) −
Баяўся: спужаюцца дзеўкі,
Бо неяк адна мне казала,
Што здань яе ў песні спужала.

30

Дык як быць тут з д’ябальскай зграяй?
Пужаць не хачу я нікога,
Жаданне я гэткае маю:
Наколькі мая будзе змога,
Усім мне давесці патрэбна,
Адно: забіваць − найганебна.

 

31

А трэцяе − ўласную ліру
Настройваю я, як жадаю.
Цяпер больш паважна я, шчыры, −
Вы хочаце? − тут заспяваю.
Усё, за пяро я ўжо ўзяўся −
Каб толькі ніхто не пужаўся!

 

32

Са слаўнае Зэльвы спяшае дадому
Купец, распрадаўшы тавары,
Вязе з кірмашу па дарозе знаёмай
Дукаты свае і таляры.
Усё тое збыў, што скупіў перад гэтым
У Свіцязі і ў наваколлі.
Вязе ён гасцінцы для жонкі, для дзетак,
Шчаслівы такі, як ніколі.

 

33

За ім, за купцом тым, яшчэ тры падводы
З усякім нятанным таварам.
Схіляецца сонейка ўжо да заходу,
Крывавым паблісквае жарам.
Дзесь блізка ўжо й Свіцязь, купца родны горад −
Пасвіствае, едзе вясёла.
Ды раптам на гладкай дарозе − вось гора! −
У возе зламалася кола!

 

34

Купец − у спалоху: што ж гэта такое?
Сціскаецца сэрца ў трывозе:
Мо гэта якое прадвесце ліхое −
Паломка на гладкай дарозе?
Ці дома няшчасце? Глядзіць на дарогу.
Што толькі не лезе у голаў!
Сцямнела ўжо добра, калі, дзякуй Богу,
Наладзілі гэтае кола.

 

35

Што міг, то дадому бліжэй, і паўз гоні
Лягчэй усё ехаць, здаецца.
Намнога хутчэй, чымся гэтыя коні,
Дадому душа яго рвецца.
Пад поўнач. Цямнота – хоць выкалі вока.
І вось па нябачнаму шляху
Уехалі ў непралазь пушчы глыбокай –
Памерці тут можна ад страху!

 

36

А во яшчэ збіліся раптам з дарогі!
Ды гэта не дзіва, вядома:
На нашых дарогах зламаць можна ногі,
Умомант загінуць любому.
Як быць вазакам? Мо – так робяць часамі –
Тут коням даверыцца трэба?
Ну, што ж – іх пускаюць на волю, а самі
Узносяць малітвы да неба.

 

37

Той шэпча "Анёла", той – "Верую ў Бога",
А той – "Пад Тваю абарону…"
І ўсе па баках пазіраюць з трывогай,
На чорную ночы заслону.
Тут раптам якоесьці рэшата бачаць –
Ну, што за праява такая?
Агеньчыкі ў ім быццам нейкія скачуць.
Ці мо гэта золата ззяе?

 

38

– То ж Свіцязь! – адзін прамаўляе, здзіўлёны.
Другі: – Можа, вёска якая?
А трэці, што верыць ва ўсе забабоны:
– Няйначай, то скарб! – усклікае
І, скінуўшы боты, бяжыць ва ўсе ногі
Да"скарба" дзівоснага, хцівы.
Ды "скарб" не чакае яго ля дарогі,
Адскоквае далей, гуллівы.

 

39

Скарб-рэшата дзіўны мяняецца ўмомант
І форму біча набывае.
"Ды гэта ж нячыстая сіла, вядома!" –
Здагадка купца працінае.
Не, кажа сабе ён, не трэба баяцца!
Не варта губляць нам спакою:
Усім жа вядома, як любіць яднацца
З нясмелымі ліха любое.

 

40

Як ехалі едуць. А біч той – вось дзіва! –
Ўжо свечкаю бачыцца воку:
То бліскае блізка агнём мігатліва,
То свеціць адкульсьці здалёку.
І хоць бы душа сярод ночы жывая
У пушчыбясконцай панурай!
А тут яшчэ вецер – адкуль? – налятае,
Праз хвілю ўсчынаецца бура!

 

41

Завыла, заенчыла пушча навокал,
Віхор, як шалёны, нясецца.
Бярозы паднебныя трушчыць з наскоку,
Да неба ўзнясе іх, здаецца.
Праз буру імчаліся коні. А вецер
Тут раптам аціх – ад знямогі?
Унь гала мільгнула з-за цёмнага вецця –
Расстайныя бачны дарогі.

 

42

І бачна: аж свецяць чарцей языкі там!
Пабліскваюць страшныя вочы!
І тут на купца з прыдарожнай ракіты
Бядняк той з сякерай падскочыў.
"Ты што гэта, хлопча? З чарцямі ў хаўрусе?
А, золота трэба! І многа?!
Бяры колькі хочаш – я не паскуплюся:
Пусці мяне толькі жывога!

 

43

Сям’я ў мяне, дзеці… І будуць, сіроты,
Жыць з марай адною – аб хлебе?
Ах, Бога пабойся, калі няма цноты!
Запомні, суддзя ёсць на небе!
Калі галаву маю здымеш ты сёння,
Дык ведай жа: знойдуцца сілы,
І ў часе сваім яна дошку адслоне,
І з помстаю выйдзе з магілы!

 

44

Ды ляжа на стол твой банкетны, дзе стравы,
З крывёю змяшае напоі.
Прашые цябе яе зрок там крывавы!..
Не знойдзеш нідзе ты спакою!
Адпомсціць табе! Хіба ж вінны сіроты?
Хто крыўдзіць іх, бедных, хай знае:
Яго будуць вечныя мучыць згрызоты,
Яго яшчэ пекла чакае!"

 

45

Вагаецца хлопец, ды д’яблы тут зграяй
Штурхаюць яго –злева, справа.
І хлопец купцу галаву адсякае –
Крывавая здзейснена справа!
Астатніх жа д’яблы прыкончваюць самі,
Як гэта рабіць, яны знаюць:
Рагамі вунь колюць, дзяруць кіпцюрамі
Ды з пашчаў агнём апякаюць.

 

46

Усіх так забілі і ўмомант вазы іх
Схавалі у пушчы глыбокай.
Хлапец жа пайшоў к ручаю, рукі мые
І чуе там голас здалёку:
"Ты знай: цябе помста ўсё роўна дагоніць!
І голаў, што ссек за дукаты,
Яшчэ дамавінную дошку адслоніць,
Пакліча цябе на адплату!"

 

47

Хоць страшна, ды хлопец да бацькі каханай
Назаўтра прыносіць дукаты.
І той пералічвае грошы старанна:
Другая размова з багатым!
Ды штосьці нядобрае бачыць дзяўчына
У поглядзе хлопца, на твары.
Уся аж трасецца: што тут за прычына?
На сэрцы – дум чорныя хмары.

48

І сёння, як колісь было, як спрадвеку
(Няўжо ж і заўсёды так будзе?)
З грашыма кашэль гэты над чалавекам
Адзін уладарыць – о людзі!
Злучыла каханых двух золата тое –
Хто знае, адкуль яно ўзята?
Паселіцца д’ябал цяпер у пакоях,
Бо д’ябал і быў ім за свата!

 

49

Гамоніць вяселле, гучаць там віваты,
Купцова ж сям’я – у адчаі,
Слязамі сыходзіць ад цяжкае страты,
А жонка ад гора канае.
І дзеткі драбнюткія, тыя сіроты
Пайшлі да чужога ўжо дома.
Які заставаўся яшчэ ў іх там злоты
І той быў забраны, вядома.

 

50

А хлопец купцом стаў – гандлярыць "талкова".
Вязуць яму д’яблы тавары.
У Свіцязі ўсё прадае паспяхова,
Грабе зноў дукаты, таляры.
Вядома, душу хто злачынствам запляміў,
Яна ў яго болей цвярдзее.
І хлопец яшчэ у хаўрусе з чарцямі
Ўчыніць многа ліха здалее.

 

51

Калі ж яго памяць аб здрадзе даймае,
Тады, неадольную, хлопец
Работай яе з галавы выганяе,
У горкім віне часам топіць.
Ды песціцца з жонкаю, дзетак гадуе:
Уцеха з уцех яго –дзеці.
Хоць сам прападзе, дзеля іх пашчыруе:
Не зналі б нястачы на свеце.

 

52

Стаў хутка багатым, зажыў ён заможна,
Бо крыўдзіў усіх, каго здолеў.
Падседжваў суседзяў, махлярыў бязбожна –
Абы нахапацца паболей.
Ужо ў караля закупіў нават Свіцязь –
Палацы, з падданымі хаты.
Хто ж крыўд не мог сцерпець, той кідаў – жывіце ж!
Пакораны горад пракляты.

 

53

Вось так пажывае, давольны, вясёлы,
Былое ўжо не ўспамінае.
Каб грэх замаліць, ён ссуджае касцёлы,
Шпітальных дзядоў адарае.
Мяркуе, што Бог прыме гэту ахвяру,
Палітую кроўю багата,
Ды мо абароніць такую пачвару
Ад кіпцяў тых д’яблаў рагатых.

 

54

Спіць смачна. Ды сорак мінаецца роўна
З той страшнай часіны во сёння.
Калі ж б’е гадзіннік за сценкаю поўнач,
Ён свечку хапае спрасоння.
Ідзе, увесь белы, як з могілак мара,
Ды свечку на стол зноў стаўляе.
Уздых – і з грудзей рвецца быццам бы пара,
Агонь ужо з рота шугае!

 

55

І дыхаць так цяжка – як быццам канае,
Хрыпіць – страшна выкаціў вочы.
Ад страху заенчыў – дзе дзецца, не знае,
Не хочучы, дзіка рагоча.
З рук кроў – і адкуль яна? – ўжо выцірае:
Згінь, згінь, насланнё ты ліхое!
Тут голаў купцова ў паўзмроку ўсплывае:
Адплата прыйшла за былое!

 

56

Прачнулася жонка, жахнулася: – Божа!
Муж любы, што гэта з табою?
Ты белы, як труп той! О хто мне паможа?
Што ўздумаў ты гэткай парою?
Гаворыш з сабой? Мо гарачка якая?
Як лёд, твае рукі! Здранцвелі!
Вады на ды спі –няхай ліха мінае…
Ледзь спаць яго ўклала ў пасцелі!

 

57

Назаўтра зноў жонка на мужа з самотай
Глядзіць: аж счарнеў у вачніцах!
І з дзецьмі – не ўбачыў бы – плача употай:
Каб так за паўночы змяніцца!
І сам ходзіць смутны. Каб неяк забыцца
Пра ўсё, што было з ім у поўнач,
Наладжвае баль – няхай дом весяліцца,
Хай будзе гасцей у ім поўна!

 

58

Усё тут у руху. Кухаркі гурмою
Снуюць і снуюць каля печы.
Захоплены шчыра работай сваёю –
Каб добра было ўсё, дарэчы.
А ў залі ўжо чуецца шум весялосці,
Там золата, срэбра аж ззяе.
У дом жа ідуць усё новыя госці,
Усіх гаспадар сустракае.

 

59

Шчыруе бяседа. Ад страў усялякіх
Сталы ну аж ломяцца проста.
Уволю п’юць госці, каштуюць прысмакі:
Шум, гоман, вясёлыя тосты.
Аж тут гаспадар – што за напасць такая? –
Увесь спалатнеў, бегчы хоча.
Глядзіць: аж з вакна галава пазірае –
Крывёю налітыя вочы!

 

60

Ад страху знямелі ўсе – лезь хоць пад лавы!
Жагнацца міжволі спяшаюць.
Яна ж, галава, водзіць зрокам крывавым,
Яе вочы пана шукаюць!
А пан-гаспадар, як асіна, трасецца:
О з той галавой ён знаёмы!
Стаіць, як застылы, на месцы – дзе ж дзецца!
Глядзіць па баках, нерухомы.

 

61

І кажа яму галава: – Што, нажыўся?
Хацеў, пане, золата многа?
Ты ўсё яго браць мог – я не паскупіўся б:
Мяне адпусціў бы жывога.
Сям’я ў мяне, дзеці… І сталі, сіроты,
Жыць з марай адною – аб хлебе.
Не дбаў ты пра Бога – няма ў цябе цноты,
Забыў, што суддзя ёсць на небе!
Ты помніш мой голас з начы: "Калі сёння
Ўпадзе мая голаў без сілы,
То ў часе сваім яна дошку адслоне…"
Цяпер во я выйшла з магілы!
На стол твой банкетны я легла, дзе стравы,
З крывёю змяшаўшы напоі.
Цябе мой пранізвае позірк крывавы…
Дарэмна шукаў ты спакою!
І дзе ўжо во помста! Ці ж вінны сіроты?
Хто крыўдзіць іх, бедных, хай знае:
Яго будуць вечныя мучыць згрызоты,
Яго яшчэ пекла чакае!..

 

62

І тут з галавы кроў лінула навокал,
Цячэ ўжо ў забойцы па твары.
Удзень стала цёмна –хоць выкалі вока,
За вокнамі – чорныя хмары!
Па шыбах пяском унь сячэ ўжо з размаху.
Дождж, град з-пад нябёс –навальніца!
Пярун б’е па вокнах, грукоча па даху,
Жагнае ўвесь свет бліскавіца!

 

63

Праз вокны тут д’яблаў ускоквае зграя,
Агнём палівае, кугіча.
За спіны гасцей гаспадар забягае,
Ды чэрці хапаюць здабычу!
Яна ў кіпцюрах іх! Шалее віхура,
Палац наймагутны гайдае.
Трашчаць сутарэнні ўжо, ходзіць падмурак,
Сцяна ад сцяны адпадае.

 

64

Скрозь валіцца цэгла ды бэлькі са столі,
І падаюць людзі снапамі.
Так рушыцца ўвесь горад Свіцязь з наўколлем –
З хацінамі ўсімі, з дамамі.
Здаецца, зямля ўся, свет цэлы трасецца,
Трэск, грукат страшэнны навокал.
Дзяцей плач жахлівы далёка нясецца,
Крык, енкі сягаюць аблокаў.

 

65

Гуляюць віхуры. Сабакі ўсе выюць –
Няўжо гэта свету сканчэнне?
Пярун б’е без стомы – хто спыніць стыхію? –
У сцены ды паліць бярвенне.
Пад горадам ходарам ходзіць зямля ўся,
І вось пад стыхіі напорам,
Бы крыга лядовая, ўбокі раздаўся
І ў бездань ляціць Свіцязь-горад!

 

66

Вада забурліла наўкол. Вал за валам
Нясецца прасторам шырокім
І так разгайдаўшыся, ў бераг б’е з шалам –
Аж пырскі ляцяць пад аблокі.
А вал зноў адскочыць ды зноў набягае –
О, помачы тут не прасіце!
Так дзень пашалеўшы, вада заціхае –
Становіцца возерам Свіцязь.

 

67

О колькі тут марна загінула люду,
Прапала дабра упустую!
І ўсё праз забойства, праз золата груду,
Праз хцівасць і сквапнасць людскую.
Віноўны, бязвінны, бядняк ці заможны –
Каго не ўзяла прорва тая!
Бо за аднаго Бог – то ведае кожны –
Не меней, як дзесяць, карае.

 

68

Не ўсе ў час той згінулі. Бог сваёй воляй
Тады ўратаваў ад знішчэння
Людзей тых, якіх не тачыў аніколі
Чарвяк неадольны сумлення.
За Свіцязь яны уцяклі ад той хмары,
У пушчы знайшлі сабе сховы.
Ды той, хто і ўцёк, але варты быў кары,
І там зведаў гнеў перуновы.

 

69

Сягоння, калі ты ў Наваградак едзеш
Цяністай дарогаю з Мышы,
Вады там люстэрка чысцюткае ўгледзіш
У мройнай лясістае цішы.
Тут, людзі расказваюць, чутна бывае,
Як звоняць званы пад вадою,
І хваля часамі брусы вымывае
З смалою – застылай слязою.

 

70

Прахожы, калі стрэнеш возера тое,
Люстраную шыр вадзяную,
Адкінь ты адразу жаданне, якое
З бядою, злачынствам сябруе.
Не, лепей памерці ад голаду, смагі
І шчасця не ведаць адвеку,
Чым подласць зрабіць хоць каму без развагі,
Тым болей – забіць чалавека.

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений