Ярыла

Пераказы і дыктанты

  Ярыла – бог Сонца, урадлівасці і кахання. Людзі здаўна з нецярплівасцю чакалі яго прыходу. Разам з Ярылам пасля веснавога сонцазвароту – 21 сакавіка – пачынала выходзіць з зімовай спячкі прырода, усё жывое прачыналася, набіралася сілы, дужэла. Штораз даўжэйшы дзень перамагаў цёмную ноч, светлавокая вясна пазбаўлялася чараў халоднай і панурай зімы. Усё гэта яшчэ раз пераконвала людзей, што жыццё нязводнае і бясконцае, што яно заўсёды будзе панаваць над смерцю.
 Ярыла прыходзіў напорыста і імкліва, па-маладому радасна і весела. Сваімі чароўнымі ключамі рашуча адмыкаў да жыцця зямлю, выпускаў на волю расу і клікаў людзей на поле. Гэту радасную вестку па ўсіх палях і паселішчах разносілі нястомныя спевакі жаўрукі. Нездарма яны лічыліся Ярылавамі пасланцамі. Схаладалая за зіму зямля толькі цяпер станавілася пладавітай, пачынала расці першая трава, з’яўляліся першыя кветкі, першыя лісцікі на дрэвах. У іх галінах ладзілі гнёзды і спявалі песні кахання птушкі. Лес агучвала куванне зязюлі. У кустах заліваліся недасягальныя па майстэрстве салаўі. Сагрэтае ласкавым сонейкам, усё на свеце адраджалася, станавілася маладым і дужым. Такім быў спрадвечны кругаварот жыцця.
 У гонар вясёлага бога беларусы здаўна ладзілі незабыўнае свята Ярылкі. Яго называлі яшчэ святам засевак. Адбывалася яно 27 красавіка па старым стылі. Маглі святкаваць яго і ў маі, і ў чэрвені. Святкавалі весела і займальна. Такі ж апантаны маладой неўтаймаванасцю, захоплены каханнем быў і сам Ярыла. Яго стыхія – забавы, гульні, скокі, заляцанні, бязмежная весялосць. Таму і стаў ён апекуном пачуццёвага кахання і пладавітасці, шчаслівага шлюбу і сямейнага дабрабыту. Толькі на гэтым свяце юнакам і дзяўчатам дазвалялася пакаштаваць віна, якое здаўна лічылася напоем багоў. У гэты момант моладзь як бы раўнялася з самім Ярылам.
 Вечарам на высокіх пагорках палілі вогнішчы, каб убачыў іх Ярыла і завітаў у госці. Тут заканчваліся забавы і карагоды моладзі. На адыход людзі прасілі ў Ярылы цёплага лета, багатага ўраджаю, моцнага кахання, шчаслівага сямейнага жыцця ды здаровых дзетак.
 Вядомы даследчык жыцця беларусаў Адам Кіркор адзначаў, што Ярыла нагадваў маладога і прыгожага юнака, кучаравага і светлавалосага. У белым плашчы і на белым кані басанож ездзіць гэты маладзец па свеце. На галаве – вянок з першых палявых кветак, у левай руцэ – жменька жыта, у правай – паліца. Махне Ярыла жытам – ніва коласам багацее, паліцай махне – гром грыміць, дождж сыплецца. Конь у Ярылы таксама малады і нястрымны. Ён такі гарачы, што на адным месцы і хвіліны не пастаіць. Куды конь нагу паставіць – шаўковая трава сцелецца, кветкі дзівосныя расцвітаюць, растаюць ад ягонага дыхання снежныя сляды бога холаду Зюзі. А там, дзе малады прыгажун Ярыла ступаў сваімі босымі нагамі, густа каласілася жыта, прагна пілі жыццядайную сілу яравыя пасевы. Аднак простым людзям у гэты дзень забаранялася хадзіць босымі, бо інакш можна было зблытаць іх з пасланнікамі Ярылы. Калі ж нейкая жанчына адважвалася басанож прайсціся па некранутай расе, яе маглі абазваць ведзьмай. Каб зняць чары, пастух павінен быў адлупцаваць кабету пугай.
 У гонар Ярылы называліся паселішчы, урочышчы, іншыя мясціны. А восенню ладзілася свята ўраджаю. Людзі добрым словам згадвалі шчодрага Ярылу, дзякавалі яму за спрыянне. Пасля гэтага ён спускаўся на зямлю, дзе ўсю зіму змагаўся з богам цемры Чарнабогам. А ранняй вясной зноў з’яўляўся на зямлі пераможцам.
(495 слоў)

Паводле А. Бутэвіча.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений
Добавить комментарий