Зацюканы апостал. Ідэйны змест, характарыстыка галоўных герояў

Андрэй Макаёнак

  «Зацюканы апостал» (1969) — першая напісаная Андрэем Макаёнкам трагікамедыя, твор, у якім складаныя, драматычныя праблемы раскрываюцца камедыйнымі сродкамі. Аўтар звярнуўся да прыёму тэатральнай умоўнасці (умоўныя абставіны, у якіх дзейнічаюць персанажы). Вобразы ў творы абагулены да сімвалаў. Іх «імёны» гавораць пра ступень роднасці і прыналежнасці да пэўнага пакалення — Тата, Мама, Сын, Дачка, Дзед. Сын часам называецца Малышом. Пералічваючы на пачатку п’есы персанажаў, драматург дае ім досыць шырокую характарыстыку, якая пасля пацвярджаецца ўсім дзеяннем.
  Так, Тата — «звычайны, хатні, такіх многа. Зусім ручны: хто паманіць, да таго і ідзе… Праўдзівы, як большасць мужчын». Аўтар падкрэслівае тыповасць, «сярэднясць», нічым не вылучанасць гэтага персанажа і ў рэмарцы на пачатку першай карціны («Сучасная кватэра накормленага чыноўніка. Ва ўсякім разе, сёння яго сям’я сытая»). Аднак Тата сабраў вялікую бібліятэку. У пакоі, дзе адбываюцца ўсе падзеі, «найбольш уражвае, выклікае пачуццё, нібы ў храме, нібы ў свяцілішчы, — на ўсю сцяну суцэльны кніжны стэлаж, напакаваны рознымі-рознымі кнігамі». Гэтыя кнігі не дзеля моды, яны чытаюцца, да іх апелююць у размовах і спрэчках Сын і Тата. Часцей Сын, бо ён яшчэ ў стадыі засваення вопыту і мудрасці пакаленняў. Тата ў кнігі ўжо не заглядвае, ён толькі цытуе ці штосьці пераказвае з іх, выяўляючы пры гэтым і эрудыцыю, і дасціпнасць.
  Тата можа крытычна паглядзець на сябе і сваё становішча ў грамадстве. Бяда яго ў тым, што ён нічога не можа (не хоча альбо, больш верагодна, страціў веру) штосьці змяніць у жыцці.
  Сын. Значыць табе падабаецца рабства, залежнасць, прыгнечанасць, падначаленасць? Так?
  Тата. Не! Не так! Але гэтага не пераменіш! Так было і так будзе!
  Тата хоча бачыць Малыша моцным і дужым фізічна і маральна, «Я падахвочваю веру ў свае сілы. Упэўненасць! Я хачу, каб вырас дужы, моцны чалавек, здольны выжыць у гэтых дзікіх чалавечых джунглях», — гаворыць ён у спрэчцы з Мамай. Іншага вопыту Тата Сыну перадаць не можа.
  Мама, як адзначае аўтар, «гаварыць можа і правільна, а што яна думае… Яна хоча, каб усе жылі паводле правілаў хрысціянскай маралі, а сабе дазваляе іншы раз і так… як-небудзь…» Яна хлусіць не менш за Тату, але пры гэтым лічыць сябе сумленнай. Менавіта Мама «задае» Малышу задачку пра яго віну, калі ён падслухаў размову з «нявопытным студэнтам»: «Дапусцім, усё было, як было, толькі я не падслухаў… Тады ўсё было б прыстойна?.. Нават калі б я і падслухаў, але стаіўся і прамаўчаў — таксама ўсё было б прыстойна, і я і мама былі б харошыя. Дзіўна. Не разумею».
  Самы складаны ў п’есе вобраз Сына. Андрэй Макаёнак называе яго вундэр-палітыкам, так пра сябе скажа па ходу дзеяння і Малыш. Ён мае высокі ўзровень інтэлектуальнай культуры, дасведчаны ў розных пытаннях навукі, літаратуры, мастацтва, палітыкі, маралі, валодае здольнасцю ўсё гэта крытычна ўвязваць з жыццём, са сваім часам. Але куды скіроўвае Сын свой розум і веды? Ён хоча стаць прэзідэнтам, таму што менавіта прэзідэнт, сучасны цэзар, мае ўсё — уладу, грошы, славу, незалежнасць. Персанаж думае, такім чынам, толькі пра сябе. Нават вызваленне Таты ад рабства, ён разглядае ў сувязі з будучым сваім становішчам. («Не, не будзе! Для гэтага табе трэба толькі стаць бацькам прэзідэнта. I ты ім станеш!)
  Сын сур’ёзна рыхтуецца да прэзідэнства, выпрацоўвае ў сабе пэўныя рысы характару, эксперыментуе над блізкімі. Спагадлівую, добрую сястру ён прымушае, выкарыстаўшы яе хвілінную зайздрасць, «качаць правы» перад Мамай. Распальвае супярэчнасці паміж бацькамі, то мірыць іх, то сварыць, становіцца ў сям’і маленькім дэспатам. Разам з тым нельга сказаць, што ён дрэнна ставіцца да сястры. Пасля свайго эксперыменту Малыш просіць у яе прабачэння, нагадвае Тату, каб не забыўся купіць падарунак і ёй. Ён шукае праўду, хоча жыць у іншай, чалавечай атмасферы.   «Ма-а-ма! Ты не крыўдуй на мяне. Слухай, мама, з табой жа я шчыра. Як з мамай. А з кім жа яшчэ? Я што падумаў, тое і сказаў. Калі не так, ты навучы», — гаворыць ён на пачатку п’есы. Аднак Мама, занятая думкамі пра студэнта-негра, адмахваецца ад Сына, а праз некалькі хвілін дае яму добры ўрок хлусні і няшчырасці.
  Чаму Сын такі? Аўтар тлумачыць гэта маналогам самога Малыша: «Я толькі пасеяны. Я яшчэ расту… Расту ў атмасферы вашых буйных скандалаў і дробных інтарэсаў. (Ён нібы чытае па памяці.) Мінуўшчына, увекавечаная ў кнігах (паказвае на паліцы), уяўляецца мне мешанінаю з гразі і крыві, несправядлівасці і крыўд… I кнігі, кожная з іх — гэта абеліск… Абеліскі светлым марам, светламу розуму, светлым надзеям. (Пералічвае кнігі.) Дабраце, спагадзе. Маленькім блізнятам — чысціні і наіўнасці. Які пачэсны могільнік! Так што я не толькі ваша дзіця, я — дзіця гісторыі, дзіця гэтых кніг…» Засвоены Малышом з кніг вопыт пакаленняў пераконвае яго, што не дабро і справядлівасць кіруюць светам. Узаемаадносіны ў сям’і, пабудаваныя на хлусні і фальшу, а ўсё гэта звязана — ён ужо ўпэўніўся — з вялікім светам, прымушаюць шукаць свой шлях. Малыш змагаецца са. светам крывадушша і няпраўды, але выбірае для гэтага яго ж сродкі і метады — хітрасць, шантаж, нахабства, жорсткасць і г. д.
  Трагізм Малыша ў тым, што ён супрацьстаіць усяму свету (у заключнай сцэне ім не задаволены Тата, Мама, Дзед і нават Сястра), перамагчы ў такой сітуацыі ён не можа.
  У ацэнцы вобраза Сына даследчыкі творчасці А. Макаёнка разышліся. С. Лаўшук называе п’есу «Зацюканы апостал» унікальнай, бо яна не мае ніводнага станоўчага персанажа, да адмоўных ён адносіць побач з Мамай, Татам, Дзедам Сына і Дачку. Я. Усікаў лічыць па-іншаму: «Сын — гэта адначасова і носьбіт аўтарскай ідэі, персанаж-рэзанёр, і канкрэтны, жывы характар, і вобраз-сімвал. Усё падаецца праз прызму ўспрымання Малыша, усё разглядаецца яго вачамі, ацэньваецца яго розумам. Але за спіной Малыша ўвесь час быццам бы стаіць аўтар, кіруе яго ўчынкамі, паводзінамі, словамі. Ступень умяшання драматурга ў справы свайго героя даволі прыкметная». Даследчык, такім чынам, гаворыць пра аўтарскую сімпатыю да Сына.
  Цікавыя ў п’есе таксама вобразы Дачкі і Дзеда. Дачка з’яўляецца антыподам Сына. «…Яна ахвотна падбірае тыя яго якасці, якія ён адкідвае прэч, як непатрэбныя: дабрату, шчырую сумленнасць, ласкавасць». Але ж яна, як ніхто іншы, разумее Малыша, падтрымлівае яго і нават дапамагае ў эксперыментах. Апошнія яе словы ў творы даюць надзею, што яна будзе адна змагацца супраць свету хлусні і эгаізму.
  Аўтар не аднойчы падкрэсліваў у творы, што дзеянне адбываецца за мяжой, у капіталістычным свеце, што і персанажы і праблемы «імпартныя». Але такая настойлівасць наводзіць на думку, што «імпартнасць» матэрыялу (абставін, праблем, чалавечых узаемаадносін) — толькі неабходная для свайго часу шырма. А. Макаёнак узняў у творы няпростыя агульначалавечыя, актуальныя і сёння для нашага грамадства, праблемы.

Сказать спасибо
( 10 оценок, среднее 4.2 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений