Змітрок Бядуля — Гора удавы Сымоніхі

Змітрок Бядуля

Звярніце ўвагу! Поўны змест.

  Удаву Сымоніху ўсе завуць ведзьмай за тое, што яна шэпча і шэпча.
  Хто ні ўвайшоў бы ў яе курную хату, яна злосна зірне і давай марматаць: «Соль табе ў вочы, перац табе ў нос!» – гэтак тры разы, а мо і шэсць. А кажа яна так, бо баіцца ўроку, хаця на яе ніхто надта не ўглядаецца, бо яна, як брахуны нашыя кажуць, крыху гарбатая, нос, як цыбуля, а пальцы, як тыя граблі, пакручаныя. У хаце гэтаксама багацце не надта вялікае: эт! – стаіць аблезлы куфар, крывабокі стол, чорны тапчан ды яшчэ шмаццё якое. Але затое адна-аднюсенькая скацінка ёсцека ў хаце, і Сымоніха вельмі баіцца: а часам чужое вока зірне на пестуна яе, дык мо зашкодзіць – трасца яго ведае!
  А скацінка тая – свінчо.
  I стаіць яно ў загарадцы каля самага ложка: відаць, надта любіць яна свінчо сваё.
  Штогод, як толькі збярэцца ў Сымоніхі колькі залатовак, яна ўвязвае іх у хусцінку і выпраўляецца ў мястэчка на рынак купіць свінчо.
  Шмат часу перад гэтым яна ўсім суседзям дурыць голавы, апавядаючы, якое яна сабе свінчо выбера: дзе будуць латачкі чорныя, дзе рудыя і які будзе лычык – беленькі або чорненькі, капытцы гэтаксама. Выбера яна якраз такое, якое ўздумае яшчэ дома, як брахуны нашыя кажуць. Але, як толькі пад пазухай дамоў занясе свінчо, як дзіцянё якое, дык ужо ні з кім не гавора: «А трасца яго ведае, а можа, зашкодзіць!..»
  Яна нават у твары перамяняецца: вочы гараць, а сама зухаватай робіцца.
  I песціць, і няньчыць яна свінчо сваё – усім надзіва: і малако купляе, і мукі, і хлеба, нават абаранкаў, як брахуны нашыя кажуць. Сама есці не будзе – хай свінчу застанецца. На заработкі рэдка ходзіць: часу няма, трэба гадунца даглядаць. Штодзень свінчо амаль не на палец таўсцее, робіцца проста як панскае: вымытае, чыстае, амаль не як сама пані з двара, як брахуны нашыя кажуць.
  А пасля, перад калядамі, як скрабе і чысціць на гародзе Сымоніха свінчо сваё, дык яна толькі цешыцца і думае, што, бадай, шынкар Мендаль, гэты кручаны рамень, і то не палічыў бы, колькі яна разоў за ўвесь час выгаварыла: «Соль табе ў вочы, перац табе ў нос!»
  Але сёлета… і цяпер у грудзях калоціцца, як успомню. Сёлета Сымоніха выкарміла гэткага лоўкага парсюка, што ўсім надзіва; яна яшчэ і цяпер кажа, што першы раз на яе вяку, бадай, удаўся такі… Але на тое ліха ўвайшоў нейкі чужы чалавек. Нешта ў Сымоніхі ўнутры адарвалася, як яна толькі зірнула на яго: барада казліная, вочы страшныя – каб яго зямля не насіла, лайдачугу гэткага!.. Яна яму – «соль у вочы, перац у нос» – амаль не разоў дваццаць і трыццаць пераказала, а ён – давай углядацца на парсюка, як воўк, давай углядацца… Парсюк толькі: хірк, хірк і… змоўк.
  Выйшаў чалавек, і ў гэтую самую хвіліну парсюк есці перастаў.
  Сымоніха паклікала знахара – ён шаптаў, шаптаў, курыў, курыў, даваў зелля ўсякага, стараўся-ткі, і – праўду сказаць – парсюк уночы – хірк, хірк і… даўся.
  Плакала, енчыла Сымоніха, як па нябожчыку (па Сымону гэтак не плакала). Таткам звала, нават цалавала, як брахуны нашыя кажуць, але што ж – прапала!
  Затое колькі лаянкі высыпалася па таго чалавека, -а-ей-ей, страх успомніць! Хаця пасля, як яна разрэзала, дзеля цікавасці, парсюка ды знайшла вялікі цвік у вантробах, то ўсхапянулася ды ўспомніла, што сама бачыла гэты цвік на прыпечку і, мусіць, сама неяк у гаршчочак укінула, але вінават дзеля таго ж той чалавек, каб яго зямля не насіла, гэткага лайдачугу! Ён як зірнуў – дык… Але нашто калантырыць доўга – за адзін дзень пастарэла Сымоніха на дзесяць год. Страх на яе глядзець: дагары нагамі ўсё жыццё яе перавярнулася…
  Прайшло ўжо больш паўгода, свінча Сымоніха не купляе – дзе ёй: надта слаба стала, і так жыць ёй не трэба пасля гэтага гора.
  Але і пры смерці марматне: «Соль табе ў вочы, перац табе ў нос!» –як брахуны нашыя кажуць.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений