Стары селянін Мірон, сын якога паехаў на заработкі ў Амерыку, хоча напісаць яму ліст, бо церпіць ад нявесткі, якая не тое што за гаспадара, за чалавека яго не мае. Мірон непісьменны, таму заклікае на дапамогу васьмігадовага ўнука Андрэя, які, відаць, толькі пайшоў у школу.
Ноч. Сям’я спіць у пуні на сене. Стары Мірон падымае ўнука і вядзе ў хату: напісаць ліст сыну можна толькі ноччу, патаемна ад нявесткі, бо днём яна нізавошта не дасць гэтага зрабіць.
Менавіта тут у рэалістычную, нават прыземлена-бытавую тканіну апавядання ўрываецца гумарыстычная нота. Справа ў тым, што «Андрэйка трымае ў руках лазовую свісцёлку, якую днём скруціў яму дзед, і ціхутка свішча». Смех і грэх. Стары Мірон хоча выкласці перад сынам усе крыўды, якія чыніць над ім нявестка, а малому Андрэйку сваё ў галаве: ён прагне свістаць, пры тым як мага гучней, «каб аж рэхі пакаціліся з усіх старон, каб аж ліха на веніку прыляцела».
На перапляценні гэтых двух матываў будуецца апавяданне. Пісьменнік добра валодае гумарам.
«За дубовым сталом пішу залатам пяром міласціваму гасудару з нізкім паклонам, жалая ўспеху ў дзялах вашых…
Андрэйка выпучыў вочы высунуў язык, засоп носам і пачаў старанна выводзіць літары. Ён іх маляваць хацеў надзіва, але яны выходзілі ў яго вельмі нязграбныя. Рука, умазаная ў сажу, пакідала сляды на паперы: сцяжынкі і ручаінкі.
Рухалася пяро па паперы, як цяжкі воз па старой грэблі…
— Нос! Нос! — закрычаў дзед так устрывожаны, як бы хата загарэлася. — Сапсуеш паперу!»