Змітрок Бядуля — Надыходзяць змрокі

Змітрок Бядуля

  Надыходзяць змрокі. Зарніца над горкай памірае. Цені атуляюць увесь абшар. Над млынам і возерам падымаецца густы туман. Робіцца ціха ў ваколіцы. Нямее ўся замелька, як бы прыслухоўваецца да няясных ззыкаў ночы.
  Надыходзяць змрокі. Разам з імі падымаецца і расце мой смутак. Разам з таемнымі зыкамі ночы, разам са стогнам блізкай пушчы ён будзіць маё сэрца.
  Нібы пажарышча, месяц вырываецца з-пад хмар. І абраз, выадаваны ў маёй душы з маленства, устае ва ўсёй красе сваёй. Як хмель мядовы, ён ап’яняе мае думкі.
  На палатне маляра я бачыў яго ўсмешку. На белым камені я бачыў яго дзіўна прыгожую постаць. Ён гаварыў мне аб шчасці са струн ліры…
  Расце мой смутак, нібы вогнішча рыбакоў ля рэчкі, і душа мая рвецца да малітвы. Яна кажа малітву без слоў. Гэтую малітву кажуць і бярозкі пад ветрам паўночным, і краскі ў расіцы бліскучай, і рэчка між сценамі шопатнага сітніку, і ўвесь Божы свет пад шатамі летняй ночы…

1920

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений