Зажадалася людзям жыць вальгатней — і давай будаваць высокае замчышча. Чым глыбей капалі зямлю навокал, тым вышэй расло замчышча.
Яно горда падымалася ўверх, усё вышэй і вышэй, нібы хацела надзець сонца на сябе, як карону.
І людзі зверху пачалі кідаць уніз каменні. Прымушаны былі людзі ўнізе жыць у тых глыбокіх ямінах, што самі выкапалі: яны самі адышлі ад сонца да цемры.
Так ішло пакаленне за пакаленнем. Людзі думалі, што гэтак трэба жыць. А калі маладыя хацелі часам лезці наверх, дык старыя пужалі іх — не лезці на пэўную смерць.
А людзі перасталі баяцца смерці і пачалі карабкацца з процьмы. Сыпаліся на іх з вышкі замчышча каменні, каторыя забівалі сотні людзей.
На касцях братоў сваіх людзі падымаліся з процьмы і ўгледзелі кавалачак неба і тады толькі даведаліся аб тым, як у іх цёмна…
Пры гэтым замчышча рабілася ўсё ніжэй, бо зрываліся з яго каменні, каб забіваць людзей.
Ішло змаганне за сонца, за шчасце. Шмат лілося крыві.
Ці пабачаць людзі сонца? Ц дойдуць яны да вышыні шчасця?
1920