Возера Доўгае – самае глыбокае ў Беларусі. Перш за ўсё яно ўражвае сваёй формай. Возера нагадвае вузкую цясніну даўжынёй каля сямі кіламетраў з высокімі схіламі. Вялікая круцізна характэрна і для падводных схілаў. Толькі вузенькая мелкаводная пясчаная палоска цягнецца ўздоўж берага. А далей – рэзкі спад адразу на васямнаццаць метраў, куды не даходзяць промні сонца. У цэнтры возера глыбокія плёсы раптоўна чаргуюцца з падводнымі ўзвышшамі.
Здаўна возера прыцягвала да сябе чалавека. Шмат стагоддзяў таму назад у ваколіцах Доўгага з’явіліся славянскія плямёны крывічоў. Звыш дваццаці курганоў выяўлена толькі каля вёскі Бабруйшчына. А ў старажытным гарадзішчы каля вёскі Свіла быў знойдзены гаршчок з жытам, які праляжаў у зямлі больш за тысячу гадоў. Гэта сведчыць, што жыхары старадаўняга селішча былі людзьмі аселымі. Але дзівіць іншае: зярняты прараслі і далі ўсходы!
Вось якое яно, возера Доўгае!
(132 словы)
Паводле Я. Пархуты.