Я зноў над табой, твой плывец,
Як ты, – плынь, якой не адолець,
Лугоў неабсяжных касец,
Рыбак, непакрыўджаны доляй;
Даліны шырозны разгон,
Што вокам за раз не акінуць,
Я – колішні твой плытагон,
Што з Нёманам зліўся сінім;
Я – хваля твая, што ўдаль
Імкне ўсхвалявана, натхнёна,
Яе ціхі восеньскі жаль
І лёд – звонкі-звонкі, зялёны;
Паводка твая, што вясной
Пад сонцам, як срэбра жывое,
І кнігаўкі неспакой,
Што гнёзды ад нелюдзяў тоіць;
Я – ў квеце каліна твая,
І тая, што ягады студзіць,
І тая, што рэха ў гаях
Пра луг непакошаны будзіць;
Я – дуб твой, і той, што пяе
Над гуртам даверлівых рыбак,
І той, што ў глыбіні твае
Ступіў, каб стаць грыфамі скрыпак;
Дзень добры, калыска мая,
Нібы маладзік ў хвалях, човен, –
Я сам бы не ведаў, хто я,
Табою тут не зачарован;
Стаю пад высокай вярбой,
Зліваюся з плынню тваёю,
Становячыся вышынёй,
Становячыся глыбінёю;
Мой твар – у табе, а краса
Твая, нібы позірк дзявочы.
І радасці немай сляза
Мне зноў набягае на вочы,
І бачу, нібы праз крышталь,
Праз чыстасць яе і бязвіннасць
У дугах вясёлкавых – даль,
Тваю, Шчара, вечную плыннасць.
Крыніца: Бацька наш Нёман: Вершы, апавяданні, нарысы, эсэ: Для ст. шк. узросту / Уклад. Я. І. Хвалей. – Мн.: Юнацтва, 2001, – 510 с.