– Мама, мама,
Там, у зоне,
Засталася лялька Галя..
– Спаць, дачушка,
Трэба сёння…
Ёсць жа лялька ў нас
Другая…
– Мама,
Ёй адной там
Страшна,
Яна просіцца,
Сумуе…
– Спі, дачушка…
Лялька наша
Хату сёння
Там вартуе…
– Ну а заўтра?
Заўтра, мама?
Яна прыйдзе к нам
На святы?
– Не, дачушка,
Бо таксама
Не пакіне нашай хаты.
Маме ў вочы
Горкай солі
Сыпнуў
Успамін аб зоне…
Без любімай лялькі
Сёння
Не заснуць
Маленькай Соні…