Коратка аб творчасці Алеся Петрашкевіча

Алесь Петрашкевіч

  Алесь Петрашкевіч — старэйшы з драматургаў сучаснай беларускай літаратуры, аўтар вядомых п’ес "Трывога", "Соль", "Укралі кодэкс", "Злыдзень", "Мост упоперак ракі", "Куды ноч, туды сон", "Напісанае застаецца", "Прарок для Айчыны", "Меч Рагвалода", "Воля на крыжы" і іншых. Вызначальная рыса творчага стылю пісьменніка — палемічнасць, вострая праблемнасць твораў. Аўтар — прыхільнік адкрытага выказвання, ён заўсёды ўпэўнена адстойвае сваю пазіцыю. Менавіта дзякуючы вострай публіцыстычнасці, праблемнасці яго творы маюць поспех у гледача. Алесь Петрашкевіч — драматург, які чуйна рэагуе на канфліктныя сітуацыі не толькі сучаснага жыцця, але і гістарычнага мінулага.
    Адметнасць творчай манеры Алеся Петрашкевіча — яго цікавасць да самых надзённых сучасных праблем. Адказы на некаторыя вострыя праблемы сучаснасці ён шукае ў гістарычным мінулым Беларусі. Асноўнае, што непакоіць аўтара, — лёс беларускай нацыі, пытанне, быць ці не быць Беларусі ў будучыні. I адказ, які вынікае з твораў драматурга на гістарычную тэматыку, адназначны. Не можа знікнуць, бясследна растварыцца народ, які мае такую гісторыю і такіх герояў, як Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі, Ефрасіння Полацкая, Янка Купала і інш. Гарачы патрыятызм, гатоўнасць "да канца абараняць сваю Бацькаўшчыну, ідэалы свайго народа — волю, чалавечую годнасць і незалежнасць" характарызуюць і самога драматурга, і яго герояў.
  Беларуская гісторыя, даўняя і больш блізкая па часе, тоіць у сабе шмат загадак, якія і спрабуюць высветліць многія таленавітыя мастакі слова. Пры напісанні твора гістарычнай тэматыкі пісьменнік можа сутыкнуцца з радам цяжкасцей. Па-першае, можа зусім не быць альбо не хапаць фактычнага матэрыялу (асабліва калі гутарка ідзе пра падзеі даўняй мінуўшчыны). Па-другое, кожны пісьменнік жадае, каб яго твор адпавядаў праўдзе жыцця, а гэта зусім няпроста ў дачыненні твора на гістарычную тэму. Па-трэцяе, у любым творы адлюстраванне падзей падпарадкуецца пэўнай ідэі, канцэпцыі. У любым з гэтых выпадкаў аўтар свядома ідзе на пэўны літаратурны вымысел. Гэта, наогул, адзін з важных прынцыпаў любога гістарычнага твора: не адыходзіць далёка ад гістарычнага факта, гістарычнай праўды і спалучаць яе з мастацкім вымыслам, які дапускаецца для абвастрэння канфлікту, узмацнення ідэі, калі аўтар дадумвае тое, што не адбылося, але магло б адбыцца.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 1 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений