Крыху акрыяўшы ад страты,
Спазнаўшы сіроцкае ліха,
У мройлівы час лістапада
Сумую на станцыі ціхай.
Да горкай прыпаўшы таполі,
Зноў слухаю вецер панылы.
Якая пакутная доля,
Якая цяжкая бяскрыласць!
I як сіратліва навокал!
Як вусцішна ў лесе і ў полі!
Мне тут яшчэ так адзінока
Не бывала ніколі.
Крыніца: Прайсці праз зону. Кн. 2. Проза, паэзія, публіцыстыка / Уклад. І. Бутовіч; Маст. В. Шкаруба. Мн.: Маст. літ., 2001. – 558 с.