Алесь Разанаў — Дрэва

Алесь Разанаў

  Чалавек жыве ў хаце, дрэва жыве на сваім водрубе, але іхнія лёсы пароднены і паяднаны жыцці.
  I калі жыццё аднаго адрываецца ад жыцця другога, то аднаму робіцца няўтульна і дрэнна, а другога падточвае верад: няўжо я жыву проста так, ні для кога, дарэмна?

  Дрэва ўсяго сябе аддае ў дарунак: калі яно цвіце — разлівае водар, калі зелянее — хавае ад спёкі, а потым, у верасні, і самую лістоту, якой яно ахіналася ў траўні, паволі раскідвае па наваколлі.
  З дрэва — плады, з дрэва — дровы, але, можа, самае дарагое, што дрэва дае чалавеку, гэта сам — бескарыслівы і самаахвярны — спосаб давання: у ім — святло, у ім — хараство, у ім — здароўе.

  Чалавек ва ўсім давярае дрэву, а дрэва, што б ні здаралася з ім, усё дароўвае чалавеку.
  Яно яго павадыр: яно ідзе са старажытнасці, з «дрэўнасці», і вядзе чалавека не ў пространь, дзе гаспадараць дарвінаўскія дэрываты, а ў праўду.

  I нават калі чалавек памірае, дрэва становіцца тым чаўном, у якім — разам з ім — ён выпраўляецца ў незваротнае вандраванне.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений