Звярніце ўвагу! Поўны змест.
Ноч перайначвае рэчаіснасць: утойвае відавочнае і ўвідавочнівае патаемнае.
Учора — вечар, заўтра — раніца, сёння — дзень, і толькі ноч не мае свайго адпаведніку, які азначыў бы яе месца ў часе: яна — прысутнасць адсутнасці, нішто, ніякая, нічыя.
Ноч змыкае людзям вочы і адмыкае новыя — не бачныя для вачэй — далячыні.
Уначы, знітоўваючы зямлю і неба, палымнеюць знічы, коцяцца, знячэўку сарваўшыся з зорных галінаў, знічкі, а ў неабсяжных ночвах нябёсаў плавае месяц-човен.
Ноч як нябыт: хвіліна ў ёй не адрозніваецца ад вечнасці, пакута ад шчасця, пачатак ад завяршэння, набытак ад страты, і калі, скончыўшы свой чараўнічы сеанс, ноч растае, свет паўстае абноўленым, «нашчым», перапісаным начыста.
Крыніца: Алесь Разанаў. У горадзе валадарыць Рагвалод: Вершаказы i пункціры. — Мн.: Маст. літ., 1992, — 14З с.