Тут нядаўна йшчэ гора шалела,
тут нядаўна йшчэ зналі прымус…
За цябе маё сэрца балела,
дарагая мая Беларусь.
Нам жыццё было цяжкім прыгонам,
і канца не было тэй бядзе.
Чуў Свяцейшы з высокага трону
горкі плач і літанні людзей.
Па шырокіх прасторах раздольных
беларускіх лугоў і палёў
гаравалі грамады бяздольных
паднявольных калгасных рабоў.
Час мінуў той. Цяпер будзе йначай.
Досыць крыўды нясці на гарбе!
Я цяпер не такую прадбачу,
дарагая Радзіма, Цябе.
Веру: нашы палеткі расквеціць
залаты ураджай каласся,
і пяшчотнае сонца засвеціць
на руінах старога жыцця.
1942