Спытаюцца ў цябе трыбуны масаў:
чаму маўчыш так шмат і творыш мала?..
У свеце фарбаў радасных і красаў
кальчэе з холаду зямная гала.
Ствары мелодыю вясны, музыка,
яшчэ й зайграй, каб маса не праспала
світання прыйсцьнага. Ды пальцы – смыка
і струн іскрыпкі не краналі здаўна.
Не вобразы ў суладнасці вялікай,
а злітыя ў адно – і флора, й фаўна
твой зрок заслоньвалі. Цягнуў ты лямку
кавалка хлеба дзённага бясслаўна
і біўся ў пазачыненую клямку
кавадла й молата, рыдлёўкі й кіркі.
Ты меў адну прызначаную рамку –
ублізь і ўдалеч, удаўжкі і ўшыркі –
мятлу, мяшкі з пшаніцаю ці соляй.
Згінаўся горб – і неба водбліск зыркі
не мог, пануры, ты разгледзець болей.
…Прыгноблены і стомай, і змярканнем,
не цешаны дабром, хвалёнай воляй.
сядаў тварыць, іграць. Ды парываннем
цябе натхняла Муза неахвотна.
О, лепш было маўчаць з убогім граннем.
без сябра доўга плачучы маркотна,
без Бацькаўшчыны плачучы заўсёды…
Душа няўстрым пакутвала гаротна,
сузорны шлях да вышняй насалоды
шукаючы ў празмерлівым гарэнні.
Натуга сіл падужвала нягоды –
і захлыналася чуццё ў натхненні.
Ты йзноў сядаў. Сугучны хор бязлікі
гучаў у дыяментавым тварэнні.
Тады ў акрыленых руках музыкі
іскрыпка валадарна, думна грала.
Луналі з крышталёвых тонаў зыкі –
скупыя зыкі – іх было так мала.
1952