Анатоль Вялюгін — На плошчы Незалежнасці

Анатоль Вялюгін

Ля хорама дзяржавы
Яліны і шынелі
На холадзе куржава
Дасвеццем заінелі.

Здароў, сухі аўторак!
На сесіі сягоння
У ляманце разборак
Агніцца меч Пагоні.

Ні меча, ні арала
Як след не браўшы ў рукі,
Гарлаюць генералы –
Акопнікаў унукі.

А іх, штабных у зорках,
Што спрытна зарабілі, –
Як снегіроў на горкай
Аснежанай рабіне.

Пасля крутой размовы
Аб мове і Расіі
Яны на час зімовы
Вакацый зноў прасілі.

З аўторка да суботы
Пасля агнішча духу
На гойданках дрымоты
Дабрэла пасядуха.

Сягоння ж ёй пабудка,
Парт-гвардыі Саветы, –
У сёдлах крэслаў пудка
Адкінуты газеты.

На плошчу кліча плошча
Галосна а зубаста.
Калоціць залу пошчак
Прысуду плошчы:
– Баста!..

Нямала ж перла бродам
Да вабных круч кар’еры,
Між імі і народам –
Міліцыі бар’еры.

Не злічыш да суботы
Пад ветласцю жалезнай,
На колькі тысяч ботаў
Падкута незалежнасць.

1994

Літаратура і мастацтва. 1994, 29 красавіка.

Сказать спасибо
( 1 оценка, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений