Міколу Нагнібедзе
Аповесць мора на граніце
чытай, не верачы красе
бурштыннага прыбою ў Нідзе
на Куршскай сонечнай касе,
дзе ноч і дзень дымяцца дзюны
на сыпкім беразе крутым
і хвойнічак, заўсёды юны,
па схілах сцелецца, як дым.
Імкнецца ён, разлапы, нізкі,
стрымаць адвечны рух пяскоў.
Сівая хваля ад калыскі
калыша долю рыбакоў.
Аповесць мора – на граніце
шчарбатых заімшэлых пліт.
На могілках старых у Нідзе
раскажа ўсё табе граніт.
Чытаеш помнікі,
здзіўлёны:
ну хоць бы надпіс быў адзін,
дзе строга значацца імёны
тваіх равеснікаў, мужчын!
Малыя толькі… і жанчыны…
Як быццам не плылі сюды
ніколі ў чоўне дамавіны
дзядзькі, падлеткі і дзяды.
Няўжо яны не паміралі
пад родным дахам, рыбакі?
На пенны бег балтыйскай хвалі
зірнеш імгненна з-пад рукі:
– Ах, там яны…
Бурліць раўнівы,
цяжкі, у белай шанцы, вал.
Не моўкне шум рыбацкай нівы.
Чакаючы,
маўчыць
прычал.
1959
Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.