З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
у спелым леце,
спелы бор,
звіняць твае званіцы.
У душным водары палян,
дзе маладосць хадзіла,
багун,
дурнічнік,
дурнап’ян –
раздзьмулі ўсе кадзіла.
Стаяць палкі баравікоў;
дрыжыць басок чмяліны.
Глыбокі мох,
на лісцях кроў
мядзведжае маліны.
Падсочак стрэлы на ствалах,
нібы крыжы пакуты.
Спяшаецца барсук-манах
у цёмны свой закутак.
Бурштынных смол здаровы дух.
На кроне ў высі яснай
не аблачынак белы пух –
дзярэ анёла ястраб.
На кожным кроку навіна,
і душна ад чабору,
а песню кожная сасна
свайму спявае
бору.
1959
Крыніца: Вялюгін А. З белага камення – сіняе пламенне: Кніга паэзіі. – Мн.: Маст. літ., 1993. – 254 с.
Адказы на пытанні:
1. Аўтар адносіцца да прыроды, як да храму. Аўтар пакланяецца прыгажосці і некранутасці прыроды, захапляецца лесам, яго багаццямі і хараством.
2. Для аўтара бор – гэта святое месца, якому павінны пакланяцца, берагчы, паважаць, любіць. Лес – наша галоўнае багацце, лічыць аўтар: ён корміць, вучыць, выховае, адорвае ляснымі багаццямі.
3. Метафары:
«маладосць хадзіла» (аўтар з маладосці ходзіць у лес);
«багун, дурнічнік, дурнап’ян – раздзьмулі ўсе кадзіла» (параўноўваецца з моцным пахам ладану, які ідзе ад кадзіла);
«дрыжыць басок чмяліны» – пчолы гудуць на нізкай ноце, быццам басам;
«спяшаецца барсук-манах» – барсук параўноўваецца з манахам, барсук усё жыццё праводзіць у лесе, як і манах у храме.
4. У апошніх двух радках паэт вобразна малюе сасновыя бары, сотні сосен якіх шумяць ад подыхаў ветру, і калі прыслухоўвацца, можна адчуць і зразумець іх шумныя траскучыя песні.
5. Верш Анатоля Вялюгіна «Спелы бор» смела можна назваць гімнам прыродзе. Аўтар у ім сцвярджае думку, што лес – гэта храм, святое месца, якое павінна застацца недатыкальным, прыгожым, яго патрэбна зберагаць, цаніць, нават пакланяцца яму, бо ён дае чалавеку жыццё, паветра, ежу і інш.