Я не помню ужо,
што сказалі мы ёй,
нашай Лесі-гарэзе,
дачцэ і сястрычцы сваёй.
Можа, крыўднае нешта
пачула ад брата,
можа, ён і прыкрыкнуў грубавата,
калі брала яна замест цукару соль.
Можа быць, я сказаў:
"Не даруй, не сваволь!"
Помню толькі:
на тварыку ўспыхнула краска.
Помню толькі:
яна паглядзела на нас.
І сказала мне ціха:
"Гавары са мной ласкава…
Гавары са мной ласкава…"
І заплакала ўраз.
І заплакала горка.
Салёныя слёзы глытала.
Кулачком расцірала
па мурзатай шчацэ.
Стаў я голас зніжаць,
суцішаць яе стаў,
ды няўдала.
"Гавары са мной ласкава",—
паўтарала яшчэ і яшчэ.
"Ну, не плач, наш Лісёнак,
мы ж гаворым з табою ласкава.
Ну, не плач, ну, прабач!
Хочаш, я адшукаю твой мяч?
Хочаш, дом намалюю,
раскажу табе казку я?
Гавару з табой ласкава…
Ну, не плач, ну, прабач!"
"Не, не так ты гаворыш,—
яна паўтара настойліва.—
Ты гаворыш не ласкава…"
Так расчуліла крыўда яе,
так расстроіла, так настроіла,
што яна пачала выліваць
усе крыўды свае.
Прыгадала яна,
як сварылася няня,
прыгадала яна,
як зняважыла Таня,
прыгадала,
як Вова з ясельнай групы
быў з ёй грубы.
Прыгадала,
як некалі ў лесе, на дачы,
куды летам вывозілі садзік дзіцячы,
хтось сказаў: "Адыдзі ад акна".
(Што тут мела на ўвазе яна?)
Прыгадала скрозь слёзы ў адчаі,
як нейкія цёткі накрычалі
на яе у суседнім двары…
"Ты са мной ласкава гавары…
Гавары са мной ласкава".
Я запэўніваў Лесю,
што ніколі не буду
ні крычаць, ні грубіць,
гаварыць буду ласкава,
ветліва,
весела,
буду з Лесяй гуляць,
буду Лесю любіць.
Праясніўся нарэшце у Лесі тварык,
усміхнулася Леся нарэшце мне.
Зноўку сонейка выглянула з-за хмарак.
Зноўку зайчык забегаў па сцяне…
Доўга я не забуду той споведзі Лесінай.
Колькі ў ёй было горкага пачуцця!
Вось i ёй ужо, думаю, крыўды нанесены,
i яна гэта знае на пятым годзе жыцця.
I яна за правы свае паўстае.
Пачуццё справядлівасці,
годнасці ўласнай,
мабыць, разам з жыццём
нам прырода дае…
"Гавары са мной ласкава,
гавары са мной ласкава".
1969