Анатоль Вярцінскі — Хлопчык глядзіць…

Анатоль Вярцінскі

Унуку Янку

Хлопчык глядзіць…
Вачам сваім веру – не веру.
Адкуль ты прыйшоў
у дом гэты, гэту кватэру?

Хлопчык глядзіць…
О божа! О маці часная!
Нічога не знае ён.
Мяне ж ён, здаецца, знае?

Хлопчык глядзіць…
Глядзіць проста ў вочы.
Хлопчык глядзіць…
Як быццам спытаць нешта хоча.

Я ведаю – што.
Няма ў мяне толькі адказу.
Калі ж ён і ёсць –
не вымавіш так вось адразу.

Хлопчык глядзіць…
Позіркам, поўным наіву.
Поўніцца сэрца маё
трывогай шчымлівай, шчаслівай.

Хлопчык глядзіць…
Я ў позірку тым дзіцячым
бачу пачатак сябе,
сваё прадаўжэнне бачу…

1989

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений