Анатоль Грачанікаў — Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож…

Анатоль Грачанікаў

Шарпілаўка цячэ ў жыццё, як Сож,
Свае ў яе віры і перакаты.
Апоўначы на сцішаныя хаты
Мядзведзіца схіляе зорны кош.
I ў першароднай цішыні наўкол
Я слухаю, прысеўшы на калоды,
Як вечнасць, асядаючы на дол,
Быцця зямнога запаўняе соты.
Гудуць у небе зоры, быццам восы,
Нябесная дыміцца сенажаць.
Нібы застагаваныя пакосы,
Над лесам хмары сонныя ляжаць.
А вёска спіць. Бязгрэшна. Ціхамірна.
Ад бальшакоў задымленых узбоч.
На ўсё жыццё запрэжаная ў свірны,
Перапаўзае жнівеньскую ноч.
Сапе смактухай успацелай глеба.
З дасвеццем праясняецца смуга.
Не трэба вёсцы дакучаць, не трэба.
Яна сама разбудзіць пастуха.

1967

 

Крыніца: Грачанікаў А. Верасень: Вершы. – Мн.: Маст. літ., 1984. – 142 с.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений