Артур Вольскі — Свой заяц у лесе

Артур Вольскі

  Сярожава мама – артыстка. Звычайна, збіраючыся на выязны спектакль, яна адводзіць Сярожу да бабулі. Але на гэты раз бабуля была вельмі занятая, і мама вырашыла ўзяць хлопчыка з сабой.
 Сярожа быў шчаслівы. Нарэшце ён даведаецца, што гэта за таямнічы выяздны спектакль, які так часта адбірае ў яго маму.
 На самай справе нічога таямнічага не было.
 Спачатку ехалі ў маленькім аўтобусе. У ім змясціліся не толькі ўсе артысты, але і вялікі магнітафон і баян у чорным футарале. Верхам на футарале сядзеў малады артыст, якога звалі Сашам.
 – Трасе там, ззаду, – сказаў ён і перасеў на футарал.
 – І нічога не трасе, – тут жа адгукнулася старэйшая з усіх прысутных артыстка Ксана Мікалаеўна. – Вадзіцель у нас цудоўны…
 Па голасе Ксаны Мікалаеўны Сярожу здалося, што яна гаворыць не зусім шчыра. Проста падхвальвае вадзіцеля, каб той больш акуратна вёў машыну. Бо якраз пайшоў ліпучы снег. «Дворнікі» ледзь паспявалі ачышчаць пярэдняе шкло. А колы то раптам коўзаліся з боку ў бок, то падскоквалі на выбоінах.
 Вось і ўсё. Нічога цікавага. За ўсю дарогу.
 Грузавая машына з дэкарацыямі і ўсім, што неабходна для спектакля, выехала з горада раней. Да прыезду артыстаў сцэна ў калгасным клубе была падрыхтавана. Сцэна маленькая, зусім не такая, як у тэатры. І дэкарацыі таксама не такія. Нейкія шэрыя, пашарпаныя…
 Але гледачы былі, відаць, задаволены. З залы даносіліся то дружны рогат, то воклічы, то воплескі…
 Выбіраліся з калгаса, калі ўжо зусім сцямнела.
 Аўтобус ехаў яшчэ павальней, бо крыху прымарозіла і дарога была коўзкая.
 Сярожа сядзеў побач з вадзіцелем і глядзеў, як паўзе пад колы пабялелая стужка асфальту, выхапленая з цемры фарамі. Спачатку гэта было цікава. Сярожа ўяўляў, што ён сам сядзіць за рулём на шафёрскім месцы. Потым яму гэта надакучыла. Вельмі ўжо ўсё было аднастайна. Хлопчыка пацягнула ў сон. Ён з усіх сіл стараўся не паддацца спакусе. Яму хацелася выглядаць гэткім жа сталым і сур’ёзным, як шафёр. Але галава яго ўсё часцей хілілася на грудзі.
 Спалі, ківаючыся з боку ў бок, многія з артыстаў. Нават Саша пакінуў сваё наседжанае месца і перайшоў на задняе сядзенне. Бо з футарала, заснуўшы, і ўпасці можна. Толькі Ксана Мікалаеўна па-ранейшаму пільна ўглядалася ў дарогу. Відаць, баялася, каб не здарылася чаго па такой цемрадзі і наледзі. Яна бясконца турбавала нейкімі пытаннямі сваю маладую суседку. Каб самой не заснуць. Але тая неўзабаве адкінула галаву на спінку сядзення і перастала адказваць.
 Нарэшце сон агарнуў і Сярожу.
 Прахапіўся ён ад раптоўнага крыку.
 – Заяц! Заяц! – крычала прарэзлівым голасам Ксана Мікалаеўна. – Заяц на дарозе!..
 І Сярожа сапраўды ўбачыў зайца. Ён ляцеў як дуж перад самай машынай. У яркім святле фар мільгаў яго кароценькі белы хвосцік…
 Сон як рукой зняло.
 Артыст Саша кінуўся з задняга сядзення наперад.
 – Хутчэй! Хутчэй! – крычаў ён шафёру. – Душы яго!..
 – Ой, ой, перакулімся!.. – лямантавала Ксана Мікалаеўна.
 Але шафёр паслухаўся Сашу. Ён націснуў на педаль газу і ніжэй схіліўся да руля. Твар яго зрабіўся суровы, нават жорсткі. У вачах з’явілася нешта драпежнае. Сярожу здалося, што ён падобны зараз на каршуна, які высачыў бездапаможную здабычу.
 Заяц то сціскаўся ў шэры камяк, то выпростваўся, як адпушчаная спружына.
 Сярожа паспеў разглядзець доўгія вушы, шчыльна прыціснутыя да спіны, каб не перашкаджалі бегчы.
 Але аўтобус ляцеў так хутка, што здавалася, быццам заяц робіць фізічныя практыкаванні на месцы. Потым адлегласць між ім і аўтобусам пачала хутка скарачацца. Шэсць метраў… пяць… чатыры…
 «Чаму ён не збочыць з дарогі? м падумаў Сярожа. – Там жа кусты… ратунак…»
 А зайцу цемра за межамі святла ад фар здавалася, напэўна, чорнай сцяной. І ён праставаў далей, па асветленай паласе, як па вузкім калідоры. Амаль пад самымі коламі…
 – Давай, давай! – не сунімаўся Саша. – Левым яго, левым!..
 – Перакулімся! – вішчала Ксана Мікалаеўна.
 Драпежным птахам учапіўся ў рулявое кола шафёр…
 І Сярожу стала невыносна шкада гэтую бяскрыўдную шэранькую істоту, на якую няўмольна насоўвалася металічнае страшыдла з вогненнымі вачыма, а столькі дарослых і дужых людзей праглі яе пагібелі…
 Заяц зрабіў апошняе намаганне і кінуўся да правай, схаванай у цемры, абочыны.
 – Правым! Правым колам!.. – гучна камандаваў Саша.
 Шафёр крутнуў руль у правы бок.
 І тут абурэнне несправядлівасцю захліснула Сярожу.
 – Не трэба! – крыкнуў ён на ўвесь голас. – Не трэба!
 І ўчапіўся абедзвюма рукамі ў дужую руку шафёра.
 Машына тузанулася і стала. Зрабілася так ціха, што Сярожа адчуў нават, як гучна б’ецца яго ўласнае сэрца.
 Шафёр запаліў святло ў салоне. Сярожа ўбачыў, што ўсе запытальна глядзяць на яго.
 Потым артыст Саша падышоў да хлопчыка, ускалмаціў яму далонню валасы і з нейкім вінаватым выглядам падаўся на задняе сядзенне.
 А шафёр паклаў сваю дужую руку на Сярожавы плечы, зусім як роўнаму, і сказаў:
 – Малайчына, Сярожа!
 Вочы ў яго былі вельмі добрыя, зусім не такія, як некалькі хвілін назад.
 – Што здарылася?.. Што здарылася? – толькі цяпер канчаткова прачнулася маладая артыстка Святлана.
 – Ледзь не перакуліліся, – не магла супакоіцца Ксана Мікалаеўна, – ледзь не загінулі…
 – Хіба ў гэтым справа? – дакорліва паглядзеў на яе шафёр і зноў павярнуўся да Сярожы. – Ну, брат, лічы, што ёсць у цябе цяпер свой заяц у лесе…

Сказать спасибо
( 2 оценки, среднее 5 из 5 )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений