Васіль Быкаў — Аблава

Васіль Быкаў

Раздзел першы. Чалавек на імшарыне

   Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшай небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён і выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў. 
   Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек таго не зважаў і ўпарта імкнуўся кудысьці. 
   Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. 
   Здаецца, і наўпраўду хутка ён убачыць свой родны кут, сваё поле, стрэхі маленечкай падлеснай вёскі Нядолішча, з яе малаўрадлівымі палеткамі, балоцістым выганам, асірацелую без гаспадара сядзібу… 
   Канешне, не пустуе, хтось там жыве… А няшчасны гаспадар, здаецца, траціў развагу ад нецярпення, узрушэнне калаціла яго, так хацелася яму згледзець хутчэй дах з чырвоным комінам, гародчык пад вокнамі, некалі поўны вяргіняў, яблынькі ў садку па-над сажалкай…
   "Божа літасцівы, чаму я такі нешчаслівы? — звыкла падумалася Хведару, як думалася, бадай, штодня ўсе пяць гадоў ягоных пакут. — Жывуць людзі, спакойна ходзяць па гэтай зямельцы, і, мусіць, ніхто не ведае, як без яе. А я…" А ён, калісьці гвалтам адарваны ад яе, здаецца, здзічэў нутром ад самоты па ёй, спарахнеў розумам. Двойчы за апошні год ён уцякаў — па дурному, без падрыхтоўкі і аніякага шанцу. А аднойчы нават з вялікай рызыкай… 
   …Ён выбраўся на ўзлесак, адкуль можна было пабачыць сваю сядзібу. Аче дзе ж яна, дзе хата і будынкі? Крок яго рабіўся ўсё цяжэйшы, і ён стаў. Пасля вяла апусціўся на ўзмежак. Ну во і дабрыў. Дапяўся. Бадай што праз тры месяцы неверагоднага шляху, пакут і цярпення. Але на што было спадзявацца і чаго чакаць? Чаго ён хацеў? На што разлічваў? 
   Ён сядзеў так, апанураны, у абсалютнай змозе, і глядзеў на ўсё тое, чаго не бачыў пяць гадоў і да чаго гэтак імкнуўся. Нядаўняе ўзрушэнне памалу міналася. І ён глянуў на тутэйшыя могілкі з усёй ягонай раднёй — усім яго родам. Зайздросная ўсё ж доля, падумаў Хведар: навек разам з усімі, у сваім кутку. А ягоная жонка    Гануля не ашчаслівілася нават і гэткаю доляй — легла ў балотную ямку пад сцюдзёным Котласам. Не суджана было і дачушцы Волечцы пабачыць сваю зямельку, прыбраў Бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі. 
   Ён падумаў, што трэба ўсё ж дабрысці туды, паглядзець, хоць бы памацаць зямельку, якая некалі абяцала яму столькі радасці, а дала — адно гора. Некалі ён, пагарджаны парабак, патомны беззямелец, атрымаў ад новай улады і стаў гаспадаром гэткага багацця зямлі з былога панскага прасцягу. Помніў, душа яго спявала ад шчасця, белы свет здаваўся несканчона зіхоткім раем. Пабудаваў хату, гумно, хляўкі — зажылі… 
   Сумна яму было сланяцца па гэтым пабураным котлішчы, душа аблівалася крывавымі слязьмі. Адно што парадавала яго — дык гэта садок. Дрэўцы ўвабраліся ў самую сілу і былі куды большыя за яго рост. Тры антонаўкі ён прышчапіў на другім годзе свайго тут жыцця, дзве грушкі — праз год. Але яблыкаў не было, мабыць, даўно. Ведаў: яблыкі, як і кветкі, без чалавечай любові расці не будуць. Там, дзе быў калодзеж, зеўрала аброслая быльнягом яміна… Пастаяў, узлезшы на кучу бітае цэлы сярод быльнягу, успомніў, як некалі грэўся на печы, прыехаўшы ўзімку з лесу ці даpoгі. Не пагрэцца больш… Навек супакоілася і Гануля і ніколі не пагрэецца, ляжыць у чужой мёрзлай зямлі. Волечка плакала голасна і няўсцешна, ён — моўчкі, душачыся нутранымі слязьмі. 
   На тых могілках, дзе знайшла Гануля апошні свой спачын, крыжоў было багата — спецперасяленцы паміралі дружна. Старэйшыя не прыжываліся на гэтай дзікаватай зямлі. Мерлі і маладзейшыя — ад непасільнае працы, галадухі і сухотаў, якія валілі нават дужых маладых мужчын. Казалі разумныя людзі — найбольш, аднак, ад суму-тугі па родных мясцінах, ад нуды вечнага з імі расстання. Калі вязлі труну Ганулі з Банадысіхай, высланай аднекуль з-пад Воршы зямлячкай, думаў, што трэба і яму следам. Жыць так, як яны жылі тут, было нельга, лепей памерці. І, мусіць, памёр бы, каб не Волечка. Дзяўчынцы ішоў дзесяты гадок, удалася яна не па-дзіцячы разумная, і ён думаў: мо хоць яна дажыве да чаго лепшага. Вельмі хацеў, каб яна дажыла. Ды не збылося… 
   Каторы ўжо раз ён адчуў горкі дакор сабе, што так неахайна пахаваў дачушку — ні абгародкі не зрабіў, ні нават крыжа. Не было з чаго і надта спяшаўся, яго маглі чакаць плытагоны, і ён вёрст пяць берагам даганяў плыты. 
   …Спрэе пустка і разарэнне. Хоць бы пакінулі якую пуньку, паветку, хоць бы сабачую будку, дзе жыў іх Лабацік. Дык не, не пакінулі нічога. Але і ісці яму адгэтуль не было куды. Сядзеў, думаў. Пра дурныя, няспраўджаныя надзеі. Пра жонку Ганульку. Як закладвалі зруб хаты, пад чырвоны вугал паклалі царскі рубель і повязь — яе і яго матузы. На багацце і каб жылі добра, не сварыліся і не разлучаліся. Яно і не разлучыліся да самай яе смерці. Хведар не памятаў нават, ці пасварыліся калі. А шчасця было так мала. Але ці па іхняй віне? Такое выдалася жыццё. Думаў: хай, яны стрываюць усё, можа, хоць дзецям будзе лягчэй. Усё ж займелі зямлю, батракамі не будуць, як некалі батрачыў ён. 
   І праўда, сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Ды неўзнарок неяк улёг у навуку. Спярша ў школе, затым — як уступіў у камсамол. І ўсё — сходы, мітынгі, спрэчкі. Стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром. Стала не да гаспадаркі… Асабліва калі той перабраўся ў раён і зусім забыўся на дарогу ў Нядолішча. 
   А тое, што адбіўся ад гаспадаркі, можа, і добра. У тым, напэўна, яго паратунак, інакш дзе б ён быў зараз? У Котласе ці яшчэ далей. А так начальнік у раёне. Швагер Тамаш напісаў яму ў адказ на адзіны Хведараў ліст. Тамаш і паведаміў, што Міколка вярнуўся з Чырвонай Арміі і цяпер вялікі начальнік у раёне. Хведар спахмурнеў. Жартачкі: сын раскулачанага — начальнік. A калі даведаюцца? 
   Хведар не пісаў сыну, хоць жонка вельмі прасіла, аж заплакала аднойчы. Усё ж ён баяўся, не за сябе, канешне, — за сына. Думаў, калі можна, Мікалай парупіцца напісаць сам. A калі не піша, дык, значыцца… І ў жахлівай дарозе — на плытах, чыгуначных платформах сярод штабялёў бярвення, у доўгім бадзянні па лясах і перасёлках, удзень і ўначы ён думаў. Ён не ведаў, як сын паставіцца да яго. 
   Праўда, калі вялікі начальнік, дык, мабыць, што-нішто можа. 
   Наўкола ўжо добра ўсталявалася восеньская ноч. І Хведар устаў. 
   Ён раптам наважыўся прайсці па начной вуліцы, зірнуць на знаёмыя хаты. Тут спрэс жылі знаёмыя людзі — працавітыя і не вельмі, добрыя і злыя — яго колішнія аднавяскоўцы. Як везлі некалі яго з сядзібы, на яго пазіралі і плакалі некаторыя. 
   Ціхенька прайшоў каля гародчыка Зыркаша, пра якога не хацеў цяпер нават і думаць. Сапсаваў гэты Зыркаш яму ўсё жыццё, быў зайздрослівым і нядобрым: колісь напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Лепей бы, як спрадвек, малацілі цапамі, мелі б які-ніякі хлеб і свае жытло. І не мелі б таго няшчасця, што, як з прорвы, абрушылася затым на яго сямейку. Але, мусіць, тады нічога ўжо не ўратавала б, малатарня была толькі прычэпкай. Так ужо калі гружаны воз пахінецца ў калдобіне, дык як ні хапайся рукамі, абернецца, адзін бок перасверыць другі. 
   …Пастаяў і каля хаты самага гарластага актывіста камбеда Зміцера Цыпрукова, самага беднага ў вёсцы. Але пахілая хата Цыпрукова і цяпер, як некалі, стаяла падпёртая коллем. Мусіць, не заслужыў лепшай пры савецкай уладзе. 
   Хведар мінуў знаёмую вуліцу і дайшоў да могілак, адтуль падаўся зноў у лес. Сёння за дзень пратупаў, мабыць, вёрст сорак. Болей ён не прайшоў бы нават і сорак крокаў.

 

Раздел другі. Ноч і спакой.

   Прачнуўся ад сцюжы. Дужа хацелася есці: за ўчарашні дзень у роце не было ні крошкі. Да пастухоў не падыдзеш, пастухі могуць пазнаць. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах бульбянога палетка і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішані паддзёўкі. Такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая. 
   Зноў падаўся ў лес, трэба было раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае — цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк. Памыў заскарузлыя рукі ў ручаі, ледзьве ўскараскаўся на другі бок рова. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з Кусянковымі мальцамі і падняў Іванаву жаробачку. Слаўная была жаробачка. А цяпер ледзьве выбраўся з рова. Во што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. 
   Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле — хоць здалёк, даведацца, як жывецца ў калгасе. Усё ж, мабыць, лепш, чым жыў ён. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой. 
   І ён убачыў з дзесятак баб, што калупаліся ў баразёнках. Усе цягалі з сабой вялізныя кашы, якія зносілі ў кучу пасярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай цыбаты мужчына, мабыць, учотчык. А тры іншыя ганялі барозны. Коні ледзьве клыпалі ад ператомы — худыя, знямоглыя. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў — Цыпрукова Зміцера ды Ігналёнка. Нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. 
   Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям’ю? Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос — стаў памагаць Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада — будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася — падмануўся. 
   У дальнім канцы ад мястэчка паказалася фурманка. Лейцамі кіравала жанчына, і гэта зацікавіла Хведара. На возе ж быў і мужчына. Ён абнікла сядзеў у задку, ногі яго былі ўхутаны хатняй коўдрай. Твар худы і белы. Увесь час глуха, нядобра пакашліваў. Калі фурманка пад’ехала бліжэй, Хведар пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей. 
   Хведар зразумеў усё — той быў хворы. Не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагою ён ужо там. Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала: мусі, Бог бачыць усё і карае па справядлівасці. Але і зларадства перагарэла за гады ўласных пакут. Нікому не хацеў Хведар бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш. 

 

Раздзел трэці. Поўня

   Начаваў зноў у лесе. Зноў захацелася есці. У кішэні былі яшчэ тры сырыя бульбіны. Там пад Котласам ці Сыктыўкарам елі і сырыя. 
   Мусіць, прыйдзецца і тут перайсці на сырызну, як скончацца сернікі; іх засталося ўсяго шэсць штук. І тут не папросіш. Выходзіць, што ў чужой старане лепш, чым у роднай? Да якой так імкнуўся, пра якую думаў удзень і ўначы. 
   Прачнуўся ахоплены нейкай трывогай. Карова цікаўна ўперлася ў яго самотным позіркам вялікіх вачэй. І толькі памкнуўся ўбок, у кустоўе, як дзесьці побач гаўкнуў сабака. 
   Уцякаючы ад звяглівага сабакі, Хведар забег у той куток лесу, які ведаў найгорш. Ведаў, далей у гэтым кірунку пачыналася знакамітая ў тутэйшых краях Багавізна — вялізны балотны абшар, які цягнуўся аж да самай польскай граніцы. Усё незвычайнае і страшнае ў тутэйшай мясцовасці ішло з Багавізны. Ёю палохалі плаксівых дзяцей і п’яных мужыкоў, жадалі ў злосці крыўдзіцелям праваліцца ў Багавізну. Там і сапраўды можна было праваліцца. Казалі, там быў нейкі падземны ход ці рака, што злучала прадонні з іншымі вірамі і азёрамі. То быў людзьмі і Богам пракляты край. Зімой Багавізна трохі падмярзала, але яе шматлікія вокны-прадонні нават у самы люты мароз браліся тоненькім лёдам, які не трымаў чалавека. 
   Хведар павярнуў прэч ад гіблай мясціны і зноў пайшоў лесам. Еў журавіны і думаў. Усё ж добра было ў лесе на волі! Каб так можна было пражыць жыццё! Зрэшты, калісь так і было: чалавек жыў у хаўрусе з прыродай, знаходзячы ў ёй і пракорм, і прытулак. Лес аба-раняў, лес саграваў душу і цела. Але гэта раней. А цяпер во настала часіна — не паратуешся і ў лесе. Людзям заўжды знойдзецца да цябе патрэба ці злосць, знойдуць і пад зямлёй. Не дай Бог адбіцца ад людзей, стаць не такім, як усе. Гэта ён добра зведаў. Вось і ў прыродзе, хто ведае, якія існуюць прычыны, але здараецца тое самае. Яму прыгадаўся выпадак на паўночнай рацэ. 
   Раптам праз дзверы ў дашчаны буданчык у нейкай здзічэлай трывозе куляю ўляцеў верабей, кінуўся яму на плечы, на галаву, аж збіў долу шапку. Хведар замахаў рукамі, адбіваючыся ад вераб’я, які праз момант вылецеў у дзверы. Выскачыўшы за ім, Хведар зразумеў усё. Аднекуль за плытамі коса шуганула чародка вераб’ёў, і птушкі кінуліся на небараку. Угары закруціўся птушыны клубок, усе люта рвалі аднаго, і хутка ад верабейчыка нічога не засталося. 
   Хведар тады стаяў і думаў: завошта? Нават і птушкі! Ці гэта такі спрадвечны закон прыроды — каб усе на аднаго? і дзе знайсці паратунак? Хведараў старэйшы брат Міцька, як усчалася калектывізацыя, падаўся на шахты ў Данбас. Мусіць, нельга тут стала жыць брату высланага кулака, і Міцька рашыўся на высылку па сваёй волі. Так ні разу не напісаў адтуль Хведару пад Котлас, зрэшты, як не пісаў яму і Хведар таксама. Ды ён не ведаў і адраса. Распадаліся сем’і, нішчылася людская роднасць, спрадвечная вясковая крэўнасць. Сталі браты як чужыя. Што брат, калі во і сын таксама. Пра сына Хведар не пераставаў думаць ніколі, гэта была яго незагойная болька, пякучы клопат. Добра, канешне, што сыну ўдалося адкараскацца ад бацькавай ганьбы і нават пралезці ў начальства. Але, мусіць, дужа рызыкоўна ўсё тое, можа і згарэць датла. Але што мог ён, даўні лішэнец, беглы спецперасяленец, чым мог памагчы сыну? Хіба адрачыся ад яго, ніколі не напомніўшы аб сабе ні пісьмом, ні просьбай, — быццам ён знік, памёр. Хай будзе шчаслівы сынок, хай ніколі не скрыўдуе на бацьку. Можа, пашэнціць хоць апошняму з роду Роўбаў, іншых удача абмінула і, мабыць, ніколі не вернецца. 
   Ды ці толькі яго аднаго абмінула! Ноччу, пры месячным сяйве здзіўлена прачытаў чорныя літары на блішчастай надмагільнай дошчачцы: "Сокур Іван". Ніжэй — дробненькія лічбы нараджэння і смерці. 
   Відаць было нават уночы, што магілу ніхто не абкладваў і не даглядаў, яна бязладна абрасла быльнягом. Як высылалі Хведараву сям’ю, гэты Сокур памагаў начальнікам і з выгляду тады быў здаровы, сярэдняга веку чалавек, дужы і рухавы. Чаму ж апынуўся тут без пары? Здаецца ж, не быў і злым чалавекам, Хведар на яго крыўды не меў, але ж… 
   Можа, каб ведаў свой хуткі канец, пастараўся б быць лепшым. Бацька ж яго быў разумны, паважаны ў вёсцы серадняк, нікому ніколі не прычыніў клопату. Мусіць, аднак, сын удаўся не ў бацьку. Вялікага зла ён не рабіў, але, мусіць, быў занадта падаткі для свае пасады старшыні сельсавета, раённае начальства папірала ім, як хацела. Як Роўбу высылалі, Сокур быў рупным памагатым двух упаўнаважаных з раёна, сачыў, каб раскулачаныя ўзялі толькі тапор, пілу ды харчоў на тры дні. І валёначкі загадаў зняць, толькі моўчкі цепнуў плячыма: маўляў, што зробіш? Ці мая гэта воля? Не, каб сказаць тым, з раёна: не па-боску гэта разуваць малое, не ў цёплы ж край выпраўлялі — на поўнач, у маразы, на холад і здзек. Ды не, не сказаў… 
   …Калі збіраліся ў дальнюю гаротную дарогу, маці сказала шасцігадовай Волечцы надзець новыя чорныя валёначкі, якія дзяўчынка ўсю зіму ашчаджала, не насіла, болей абыходзілася старэнькімі, латанымі-пералатанымі. Волечка на сваю бяду паслухалася і стаяла ля ганку ў зграбненькіх чорных валёначках, што ён справіў ёй у мястэчку. Кінуліся тыя валёначкі ў хцівыя вочы ўпаўнаважаных, і старэйшы з іх нешта загадаў сельсавецкаму старшыні Івану Сокуру. Сокур трохі памяўся, але падступіў да дзяўчынкі і перадаў загад. Волечка паслухмяна здзела валёначкі і засталася на снезе ў адных панчошках, пакуль маці, заплакаўшы, не прынесла ёй з сенцаў старыя. Так і паехала Волечка ў іх і хадзіла яшчэ дзве зімы, і прастуджвалася, і хварэла. Аж покуль не прастудзілася апошні раз. 
   Яны тады гналі плыты па сцюдзёнай паўночнай рацэ. Брыгадзірам сплаўшчыкаў быў Кузняцоў. Пасля смерці жонкі не было на каго пакінуць Волечку, і Хведар мусіў узяць яе на плыты. Кузняцоў сказаў: "Заставайся. Толькі глядзі — засыплешся, я нічога не знаю". Хведар быў вельмі ўдзячны Кузняцову за яго дабрыню, што не адправіў у кантору, а там бы яго паслалі на тарфянішчы ці лесапавал, бо браць на плыты дзяцей забаранялася. А так яго Волечка будзе з ім, і яго душы будзе спакайней за малую. 
   На плытах і Волечка не сядзела без працы і чым магла памагала строгім маўклівым дзядзькам. Але быў сярод іх Рагаўцоў, нервовы, зласлівы чалавек, што бясконца лаяўся брыдкімі словамі. Кожны раз, як Хведар чуў тое, яму бы цвіком працінала сэрца. І аднойчы ён не стрываў, стрымана папракнуў. Рагаўцоў жа ўскрычаў і прыгразіўся "стукнуць", і тады ягоная дачушка ўчуе яшчэ не такое на бліжэйшым этапе, куды яе запратораць разам з яе чыстаплюем-бацькам. 
   Хведар думаў, што Кузняцоў заступіцца, папракне Рагаўцова, але брыгадзір насупіўся і сказаў: "Гэны ўсё можа. Будуць чужыя — хавай дачку". На Хведарава здзіўленне, куды ж яе на плыце схаваеш, коратка адказаў: "А пад плытом і схаваеш". 
   І вось на плыт для праверкі ўскочыў вохравец з раённай пракуратуры, і ў Хведара нядобра скаланулася сэрца. Вохравец стаяў з багром па правым баку плыта, а праз пяць крокаў ад яго, трымаючыся за вяроўчыну, сядзела ў вадзе Волечка, толькі яе светлая галоўка зыбалася на паверхні. З усходу дзьмуў халаднаваты вецер. Доўга вохравец з брыгадзірам вялі недарэчную размову, і Хведар праклінаў яго: Волечка ўжо, мусіць, здранцвела ў вадзе пад плытом. Ледзьве выцягнуў Волечку на бервяне, калі вохравец знік за кустамі на беразе. Тая ўжо пасінела ад сцюжы. Пад ранак запылала дачушка. Брыгадзір бачыў ягонае гора і, здаецца, спачуваў яму, сказаў, што ў канцы тыдня прыедуць у Мезу, там ёсць амбулаторыя. Хведар прагна чакаў тае Мезы ўдзень і ўначы, але на трэцюю ноч Волечка сцішылася, ужо не прасіла адагнаць нейкіх птушак, і неўпрымет адышла з гэтага свету. Назаўжды адляцела яе чыстая душа… Жыццё адняло ў яго апошнюю радасць, адзіную яго ўцеху. 
   Ужо ў Котласе Кузняцоў сунуў Хведару ў рукі складзеную паперку: "На, трымай. Бярог для сябе, але, гляджу, табе самы раз будзе". 
   Хведар узяў тую даведку на імя Зайцава Андрэя Фаміча; яна і праўда неўзабаве дужа яму спатрэбілася. І ён быў бы ўдзячны брыгадзіру, каб не тая цана, якую ён за яе заплаціў. У параўнанні з загубленай дзіцячай душой усё тое — дробязь. 

 

Раздзел чацвёрты. Радасць зямлі.

   За многія дні бадзяння Хведар аслаб без хлеба, ведама, ягадамі не надта пракормішся. Яшчэ нядаўна, у дарозе, неяк не прыкмячаў вялікае слабасці; мабыць, там рухала ім вялікая сіла мэты. А тут… 
   Мэта апынулася ззаду. Але што ж тады — ісці ў вёску зноў, прасіць хлеба? Першая спроба і сустрэча з Любкай, якую ён некалі нават кахаў трохі, будучы наіўным маладым дзецюком перад прызывам у войска, скончылася кепска. Тая, пазнаўшы яго, здзічэла-голасна закрычала і кінулася назад, на ганак. А можа, і не пазнала, калі так жудасна закрычала. Хаця каб яна аб тым не раззваніла ў сяле. 
   Чаму ён стаў тут для усіх жахлівым чужынцам, хто ў тым вінаваты? Як тады ўсё тое стала магчыма? і як усё пачалося? Колькі ён думаў пра тое, як і з чаго пачалося, — выразнага адказу знайсці не мог. Можа, кулаком яго вызначыла малатарня? 
   Хай яна спрахне, тая малатарня! Як цяпер помніцца, думку пра яе падаў Міколка. Тады ўжо ён быў ладны дзяцюк, увосень збіраўся на прызыў у Чырвоную Армію і быў сакратаром ячэйкі ў Нядолішчы. На прапанову сына купіць малатарню праз патрэбкааперацыю, а грошы можна — у рассрочку, Хведар адказаў не адразу. Бы чула яго сэрца, чым тое можа абярнуцца. А той толькі засмяяўся: як гэта ад малатарні можа быць кепска. Гэта ж за тыдзень можна з малацьбой управіцца, а не махаць усю зіму цапамі. Ну, канешне, ніякага параўнання з цапамі — і хутка, і якасна. Малацілі талакой. Хведар нікому не адмаўляў, а плацілі, хто колькі мог. Усё па добрай волі. Мусіць, ён бы даў малаціць і дарма, але трэба былі грошы, і хоць узялі ў крэдыт, але сплочваць трэба было кожны квартал. Да Каляд памалацілі ўсе суседзі і радня. Нават прывозілі з суседніх вёсак. Усім малаціў Роўба. 
   Нядоўга, аднак, пагрукацела на ягоным таку тая чырвоная малатарня. У Нядолішчы на той час заварыліся малавясёлыя справы. Знайшліся зайздроснікі, як той Зыркаш, якія напісалі на яго за малатарню ажно ў Полацк — што абірае сялян. А як сталі размяркоўваць цвёрды падатак, Сокур сказаў, што ўсё будзе па справядлівасці: на малатарні Роўба нешта заробіў. Хведар не ведаў, што адказаць — і цвёрды падатак прыляпілі яму законна. Старшыня меў, выходзіць, рацыю: заробіў Роўба ці не, але ў вёсцы другой малатарні не было. Той цвёрды падатак — семдзесят пудоў збожжа ён неяк сплаціў, хоць падмёў усе хлебныя засекі. Галаднавата стала ў іх на стале. Ён яшчэ не надумаў, чым засеяць яравы клін, калі прынеслі новы, яшчэ болей цвёрды падатак: на гэты раз восемдзесят пудоў збожжа і сто рублёў грашыма. Ён сказаў сабе: з глузду яны там з’ехалі, дзе ён гэтулькі возьме? Бегаў у сельсавет, ездзіў у раён да знаёмага сакратара Церабільнікава, які яшчэ з ягоным Міколкам працаваў у камсамоле. 
   Міколкі ў той час ужо не было дома — служыў на далёкаўсходняй граніцы. Прыслаў адтуль ліст, апісваў, як адказна і пачотна служыць на самай баявой граніцы, "у непасрэдсцвенным сапрыкаснавенні" з японскімі самураямі, і што давер родзіны ён апраўдае. Хведар у пісьме пра малатарню не напісаў ні слова. Хай сын служыць спакойна, апраўдвае давер родзіны. Не памагло нічога, прыгразілі апісаць усю гаспадарку. Пачаў хадзіць па радні, але ўсе нібы здранцвелі, аглухлі да чужой бяды, ніхто нічога не даў. Мусіць, кожны думаў, як выкруціцца самому, бо Роўба не першы быў абкладзены цвёрдым падаткам, чуў, такі ж падатак панакладвалі і ў іншых вёсках. Кінуўся прадаваць малатарню, ды ніхто не купляў. Мусіў папрадаваць жывёлу, абедзвюх кароў, усіх авечак, дзвюх свіней. 
   Неяк спаткаў у мястэчку старога яўрэя Наэма, і яны разгаварыліся. Хведар дазнаўся, што і ў Наэма таксама нелады з уладай. А як паскардзіўся Хведар на сваю бяду, Наэм узяў яго за гузік і дужа пацягнуў да сябе: "Я табе кажу: кідай усё, бяры дзяцей у ахапку і ўцякай. Куды вочы глядзяць. Пасля позна будзе… Я ўсё кінуў і во з гэтым вандзэлкам іду на станцыю. Я тут не жыхар болей! Я — бежанец! Ты мяне паслухайся, Хведар!" Як гэта ўсё кінуць? А зямля, гаспадарка? і куды падацца? Тут усе яго карані. Ён пражыў у Нядолішчы яшчэ месяцаў дзесяць. Бясхлеб’е і посніца надоўга пасяліліся ў ягонай хаце. Ганулька пачала часта плакаць, па малако для малой Волечкі хадзіла да Лёксы ці да Грачыхіных. Тыя ім спачувалі і чым маглі дапамагалі. Мусіць, тады і схадзіў Хведар да Цыпруковага Зміцера, які трэці год быў яму вінен трыццаць рублёў і не аддаваў. Дарма ён тады не паслухаў Ганульку, якая прасіла яго не хадзіць: "Хай яны згараць тыя трыццаць рублёў…" Дужа нядобра пагаварылі яны тады, Зміцер грошы так і не аддаў, а калі пачалося раскулачванне, менавіта ён прапанаваў на паседжанні камбеда раскулачыць Хведара Роўбу. Як лішэнца і цвёрдападатніка. Што ж, яго да паслухаліся, Хведара выслалі. 
   … Але найперш яго вабіла бульба, пакуль тая яшчэ была на полі. 
   Людзей на палетку, мабыць, няма, і ён што-нішто знойдзе. 
   Непадалёк на ўзлеску згорблены стары пасвіў на вяроўцы рахманую кароўку. Напэўна, чалавек з суседняй вёскі, бо быў Хведару незнаёмы. У Хведара з’явілася думка: а можа, папрасіць хлеба? 
   Прывітаўся. Чалавек быў негаваркі. змрочны. Усё ж разгаварыліся. Той расказаў пра "багацце" ў калгасе. "З Вялікадня да Іллі траўку елі. З Іллі пачалі патроху бульбачку капаць, а на Іллю — якая там яшчэ бульбачка! Арэхі…" і голад быў, адзін паратунак — кароўка. Ды і малако тое здаць трэба. Дзвесце літраў. І мяса, і яйкі. І воўну. Зімой абсмалілі падсвінка, дык штрафу далі пяцьдзесят рублёў, што скуру з яго не здалі. Нідзе няма так пагана, як у іхнім раёне. І з каровай бадзяецца па лясах, каб не адабралі. Бо плаціць жа падатак няма чым. Бяда! "Можа трэба было паскардзіцца? Жалабу куды напісаць?" — асцярожна параіў Хведар. "Каму жалабу? Начальству? Дык яны ж самі ў нас, як звяры. Прыедзе каторы… Вунь гэты Роўба: усё мацюгом ды пагрозай, Сібірру палохае… Цяпер жа ён парцейны сакратар. Малады, а нібы той цівун. Ад бацькі адмовіўся. Бацька ж яго раскулачаны ў Нядолішчы, дык адмовіўся. Казалі, і прозвішча меўся мяняць, каб анізвання…" 
   Хведар, здалося, уязджаў у зямлю, якая ўсё плыла, гойдалася навакол. Ён ужо кепска чуў, што яшчэ казаў стары, які гаварыў і гаварыў. Хведар яго не слухаў і моўчкі пайшоў па ўзлеску. Пра хлеб так і не папытаўся… Лепш бы ён не ведаў нічога. Жыў бы, як і жыў раней. Хаця якое ўжо там жыццё… 
   Тое, што ён учуў пра Міколку, напачатку бянтэжыла, збівала з тропу. Ну хай адмовіўся ад бацькі, навошта ж так да людзей? І яшчэ мяняць прозвішча? Што ж тады застаецца ад мінулага? Як тады жыць у будучым? Дужа няпроста было зразумець сына, якога не бачыў сем год. 
   Малы Міколка быў жаласлівы да жывёлы, неяк усю зіму даглядаў бедалагу-курачку, якая зламала нагу. Дужа шкадаваў маці, як тая хварэла на рожу. А як падрос, мусіць жа, гэтак аддана палюбіў камсамол, гарластую мітусню. Усё нешта выдумвалі, выконвалі, засядалі, абмяркоўвалі і прымалі рэзалюцыю. Асабліва актыўнічалі Міколка і ягоны сябар Шурка, адзіны сынок бяднячкі-ўдавы Міхаліны. Аднойчы яны прынялі рэзалюцыю, каб зняць абразы. Дамагчыся таго ва ўсёй вёсцы не мелі сілы, тады пастанавілі зняць хаця б у сваіх бацькоў. Toe было прасцей, але, мусіць, бацькі іх не дужа слухаліся. Гануля заўпарцілася, і Міколка яе ўгаворваў ад Каляд да самага Вялікага паста. Усё ж дамогся. І павесіў у куце вялікі партрэт барадатага чалавека — Карла Маркса, ад якога, як лічыў Хведар, таксама ніякай ні карысці, ні шкоды. Міколка ж быў задаволены, ну і добра. І тут пад вясну дазнаўся камсамольскі сакратар, што ў Шуркі застаўся адзін абраз. Міколка сабраў камісію з трох чалавек, і яны пайшлі ў хату да Шуркі абследаваць. Аказалася, што так яно і ёсць, як даказалі: абраз архангела Гаўрыіла вісіць сабе, дзе і вісеў. Міхаліна плача, нізашто не дае знімаць, і Шурка нічога зрабіць з ёй не можа: такі аказаўся мяккацелы камсамолец. Міколка тут паставіўся крута. Думалі, ён скіне абраз, а ён абраз не чапаў, а сабраў камсамольскі сход і, не зважаючы на даўняе сяброўства, дамогся, што Шурку выключылі з камсамола. Хведар трохі падзівіўся з таго і неяк папракнуў сына, на што той адказаў з нечуванаю раней строгасцю ў голасе: "Камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок!" Малое — дурное, падрасце — паразумнее, разважаў тады Хведар. 
   Мабыць, аднак, паразумнеў па-свойму. Калі ён цяпер стаў такі, значыць, такім стаць было трэба. Значыць, іначай нельга. Асабліва калі ён не па сваёй злосці, а з дзяржаўнай патрэбы. А што выракся бацькі… Крыўдна, канешне, і балюча, ды што зробіш? 
   …Капаў у некалькіх месцах, а знайшоў усяго чатыры бульбіны. Красці ён не хацеў, ён мог толькі ўзяць пакінутае, нічыё, што спрадвеку людзі не лічылі за грэх. Цяпер тым болей. Спалохана азірнуўся: ад узлеску да яго шырока сігалі па бульбянішчы дзве мужчынскія постаці. Ён таропка падаўся ў лес. Тыя таксама збочылі яму наперарэз. Ён спалохаўся, што не ўцячэ — дагоняць. "Ах ты, кулацкая морда! Спыніся!" — пагрозліва закрычаў здаля першы. І Хведар пазнаў — Зміцер Цыпрукоў, ён яго ловіць! Ці ён які вартаўнік, ці начальнік, калі ў рабочы час разгульвае адзін па палёх. Ды, мусіць, — брыгадзір, здагадаўся Хведар, на тое было дужа падобна. Але Зміцер — брыгадзір, гэта ўжо нечакана. Самы няўклюдны гаспадар, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з’ела страху за зіму і не хапіла. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плясці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэга робіць брыгадзірам. Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут у калгасах. Мабыць, аднолькава… 

 

Раздзел пяты. Аблава. 

   Ноччу ўсчаўся вецер, лес апантана шумеў. Уцёкшы ад даганятых, упаў там, дзе застаў яго прыцемак. Ісці далей, мусіць, не мела сэнсу, за імшарынай пачыналася Багавізна. Трохі адляжаўся, сеў, парэзаў на скрылькі тыя чатыры бульбіны. Сядзеў ноччу ў ельніку і думаў. 
   Божа мой, Божа, чаму мне выпала такая доля? Чаму я такі бядак? Хто ў мяне ўкраў шчасце і цяпер палюе за маім жыццём? Хіба я такі грэшны перад людзьмі і Богам? Каго я забіў, абабраў ці хоць зняважыў — каго? Заўжды стараўся як найлепш, барані Бог, каб хто пакрыўдзіўся, не папракнуў знарок ці з непаразуменнем. Заўжды пачціва ставіўся да ўлады, а савецкую ўладу лічыў сваёй, сялянскай уладай. Яшчэ і казаў нецярпліўцам, што наракалі: чакайце — не ўсё адразу. Савецкая ўлада не пакрыўдзіць бедняка, яна галоўны свой клопат мае аб трудавым сялянстве. Аб тым пісалася ў газетах, тое ж гаварылі на сходах прадстаўнікі. І ён верыў. Ён гатовы быў усім пра ўсё верыць, бо сам ніколі не хлусіў, нікога за жыццё не ашукаў. Хто ж ашукаў яго? і а шукаў так жорстка, бязлітасна, на ўсё жыццё. 
   Зрэшты, да ашуканстваў ужо можна было прывыкнуць — ці мала ён іх ператрываў у жыцці. Некаторым за тое ён нават быў шчыра ўдзячны… Як таму Бугру, што падбіў яго на ўцёкі, каб мець яго за кабана… Ну але ж гэта Бугор — закаранелы злачынец, забойца, чаго іншага было ад яго чакаць. А як во жыццё паставілася да чалавека, бы той Бугор, — неміласэрна, жорстка? 
   На лесапавале да яго падышоў ссыльны Бугор, які адбываў тэрмін на шахтах за нешта крымінальнае ды на чымсьці праштрафіўся, таму і трапіў у ссылку. Бугор сказаў, што ёсць матчымасць уцячы, і прапанаваў Хведару быць трэцім. Уцяклі яны ўдала. Хведар увесь час быў дужа ўдзячны яму, што даверыўся і ўзяў у кампанію менавіта яго, а не каго іншага. Ён служыў Бугру ў дарозе, чым мог: стараўся ўзяць на сябе што цяжэйшае з ношы, даўжэй пасядзець ля цяпельца, як астатнія двое клаліся спаць. Дзякаваў Byгpy, а той ухмыльнуўся: "Пасля аддзячыш. Красненькім". 
   Калі яны папаліся, Вугор, страціўшы свой добразычлівы тон, буркнуў: "А чаго табе кіснуць? Табе дык радавацца трэба". На Хведарава недаўменне нядобра засмяяўся: "Што кабаном не стаў". Хведар тады так нічога і не зразумеў: якім кабаном, пра што ён? Толькі пасля, як яго вярнулі ў яшчэ большае пекла — на тарфянішча за Сыктыўкарам, неяк у размове з вушлымі зэкамі дазнаўся, і ў яго пацямнела ўваччу. Аказваецца, так называюць таго наіўнага дзівака, якога падбіваюць на ўцёкі, каб, калі скончацца прыпасы, пахарчавацца ім у тайзе. Гэта і ёсць кабан. 
   А можа, гэта яму пакаранне за Бога? За абразы, якія ён маўкліва дазволіў Міколку вынесці з хаты? Спярша Ганулька прыхавала іх на гарышчы за комінам, але Міколка, дазнаўшыся, дастаў адтуль і пабіў аб вугал за свірнам. Маці паплакала, а ён, Хведар, не ведаў, як паставіцца да таго. Усё ж уладзе ён верыў. Лічыў, што там недзе, у Маскве ці Мінску, сядзяць людзі адукаваныя і справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без Бога народу лепш, дык, мабыць, гэтак і трэба. Чаму лепш — ён зразумець не мог. Затое ягоны сын меў аж сем класаў, мабыць, ужо ён разумеў больш. 
   Аднак Бог пакараў яго, а не сына. Сына ён узнагародзіў быццам… 
   A калі пакарае і сына? 
   Неба над ельнікам паяснела. Дзесьці паблізу пачалі каркаць вароны — так заўзята, што, здавалася, чутна было ва ўсім лесе. Голад падцінаў яго жывот, аж балюча было пад грудзьмі. І ягоныя думкі ўсё часцей пачалі туліцца да вёскі, да той ігрушыны на ўзлеску, ля якой ён ужо частаваўся. Мокрадзь і сцюжу трываць было звыкла. Ды голад, мабыць, не можа стрываць ніхто. Голад — гаспадар над усімі. 
   А вароны ўсё надрываліся. З сённяшняй ночы пасялілася ў яго адчуванні нейкая загадкавая туга. 
   Яшчэ не дайшоўшы да ўзлеску, Хведар заўважыў якійсь неспакой на ўзлессі. На ўзмежку непадалёк ад ігрушыны стаялі два чалавекі. У адным Хведар адразу пазнаў Міхалінінага Шурку. Хведару адкрыўся наўскось добры прасцяг узлесся і на ім чалавек шэсць, што пасталі ў рад — чагосьці чакалі. І тады яму бы цюкнула ў галаву: ды гэта ж яны — па яго. Яны ж зараз пойдуць у лес выганяць яго. Ланцугом, як на паляванне. Як зімой палююць на воўка з сцяжкамі. Толькі гэтыя цяпер без сцяжкоў. Бо ён не воўк — ён чалавек, з ім можна і прасцей. 
   Лес для яго ўжо не прытулак. Лес цяпер іхні. Ён зірнуў на грудок і дарогу і разам асеў долу. На бальшаку стаялі машыны — тры грузавыя палутаркі, і ад іх ішла грамада — чалавек трыццаць ці больш. Усе апранутыя ў чорнае — значыць з раёна. Кіраўніцтва і актыў. Справа ў яго ельнік і далей Багавізна, там не пройдзеш.    Няўжо спераду яму пакінулі выйсце? Галоўнае — яму б вырвацца з гэтых абцугоў, якімі яго абхапілі з двух бакоў. Але бегчы ўжо не ставала сілы. Галасы, галёканне рабіліся мацнейшымі, во забрахаў і сабака. Гэта быў рык дужага, пароднага пса. Але і наперадзе, куды ён памкнуўся, мільганулі дзве зялёныя шапкі. Хведар зразумеў: шлях яму і туды адрэзаны. Відаць, з гэтага боку загон рабілі чырвонаармейцы-пагранічнікі. Але ж чаму — пагранічнікі? Што ён, які шпіён ці шкоднік? Ці ён уцёк з турмы, дзе сядзеў за якое злачынства? Ён прыйшоў у свой кут, дзе нарадзіўся, жыў і аджылі яго продкі. Чаму — пагранічнікі? 
   У чацвёртым баку быў тупік — Багавізна. 
   "Людзі, завошта вы так? — гучала ў ім нутраным роспачным шэптам. — Людцы, адумайцеся!.." Аднак ніхто не адумваўся — яго гналі, як гоняць воўка на адмысловым паляванні: "Роўба, стой!!" 
   Галоўнае ён сцяміў: яго ўбачылі. Мабыць, яго маршрут канчаўся. 
   Неверагодна дзівосны маршрут — праз тысячы вёрст да роднай зямлі. 
   Такі яго лёс! Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам. 
   Далей ісці, мабыць, было вар’яцтвам: там усчыналася Багавізна. 
   Ён, аднак, не спыняўся, упарта лез усё далей. Хведар шуснуў знянацку з галавою ў густую багністую прорву, аднак усё ж вынырнуў, ухапіўся аднаруч за нейкі слізкі корань з суседняе купіны. Загоншчыкі ці баяліся лезці ў сцюдзёную, смярдзючую твань, ці згубілі яго. Ён добра чуў іх устрывожаныя галасы: "Вылезе, нідзе не дзенецца кулацкая морда!" Варта было выпусціць слізкі корань, як ён адразу пайшоў бы ў бездань. Але ён трымаўся, немаведама на што спадзеючыся, і часта дыхаў, бы рыбіна, выкінутая на пясок. Дзве постаці ў асацэ, высока ставячы ногі, прабіраліся да яго прадоння. "Далей не сунешся", — сказаў адзін, матляючы доўгім шастом. "Давай, давай! Яшчэ можна!" — пачулася трохі збоку, і ад тых слоў у Хведара раптам заняло дыханне. Ён пазнаў гэты голас — ён бы пазнаў яго і на тым свеце. 
   "Бедны Міколка! — раптам падумаў Хведар. — і яму во лезці сюды. Мусіць, аднак, не ад салодкай жызні. Ён ужо быў для іх недасяжны. Ён яшчэ не дабрыў да таго свету, але ўжо, бадай, сышоў з гэтага. Божа, ніколі ў яго не было думкі забіць сябе, заўжды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут во мусіць… 
   Аднак, можа, ён хоць перад канцом згледзіць сына? Бедны Міколка: што ён перажывае цяпер? Пэўна ж, то не па сваёй волі — ён змушаны. Можа, яму загадалі? Можа, яму загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? і сын змушаны яго катаваць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет! 
   "Ляшчук, вунь туды пырні!" — гэта таксама Міколка — аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе. 
   Хведар хлябнуў болей паветра — на астатні раз — і выпусціў з рук вузлаваты корань. Цяжкія ногі ў нязносных сырамятных пасталах адразу памкнулі яго ў глыб багны, ён захліпнуўся. Знутры балюча ўдарыла ў вушы, і ўсё пагасла ў вачах. Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці. Шукалі яго доўга, паролі шастамі з берага і з куп’я. Ды так і не знайшлі. 
   Багна спрадвеку ўмела хаваць свае таямніцы.

Сказать спасибо
( Пока оценок нет )
Переслать в:
Кapoткi змecт твораў | Краткое содержание произведений