У адной школе зайшла ў нас гаворка:
– Якая самая дарагая рэч у вашым доме?
Некаторыя вучні пераглянуліся. Некаторыя паціснулі плячамі. Паўлік першы падняў руку:
– Матацыкл! – радасна выгукнуў ён і, задаволены, сеў.
Тады падахвоціліся іншыя. Рука за рукой пацягнуліся ўгору:
– "Жыгулі"! "Масквіч"! Тэлевізар! Радыёла! Халадзільнік! Піяніна!
Дарагіх рэчаў, сапраўды, было многа. Але я заўважыў, што ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не падымаюць рук. І не таму, што ў іх дамах няма дарагіх рэчаў. Яны здзіўлена паглядзелі то на сваіх сяброў, то на мяне і, відаць, не згаджаліся ні з імі, ні са мною. І я ў душы вельмі абрадаваўся і сказаў:
– Малайцы!
Тыя, што паспяшаліся з адказамі, палічылі, што гэта я пра іх сказаў. Але цяпер і тыя, што маўчалі, пачалі далучацца да гаворкі. Падняў руку Валодзя.
– Самая дарагая рэч у нашай сям’і дасталася мне ад дзеда…
Усім нецярпелася дазнацца: якая?
– Медаль "За адвагу", – сказаў Валодзя. – Дзед заўсёды ў Дзень Перамогі расказваў, якая цяжкая і страшная была вайна. Мой дзед быў храбры салдат. Ён пад агнём фашыстаў пераплыў Дняпро…
Заварушыліся ўсе вучні. Яны зразумелі, што ёсць рэчы даражэйшыя. Гэта асаблівыя рэчы, самыя дарагія для кожнага з нас.
Цяпер якраз і пачалася гаворка пра галоўнае, што ўзвышае чалавека.
Аказалася, што ў Паўлікавага бацькі, калгаснага брыгадзіра, ёсць ордэн, якім ён узнагароджаны за вялікія ўраджаі. Паўлік ганарыцца сваім бацькам і прызнаўся, што будзе вучыцца на агранома.
Многа цікавага расказалі вучні на гэтым незабыўным уроку. Петрык – пра свайго брата-трактарыста, здымак якога змясцілі ў газеце. Волечка – пра бабулін піянерскі гальштук…